Стаў вядомы лайн-ап экафестывалю «Пастарнак» у Менску


Экафестываль «Пастарнак»

У Менск 22–23 траўня вяртаецца экафэст «Пастарнак». Ва ўнутраным дворыку на Кастрычніцкай 19 наведнікаў чакае напоўненая музыкай і творчасцю атмасфера фестывалю.

Лайн-ап на 22 траўня

00:00–16:00 – дыджэй-сэты

16:00–17:00 – «Triangle»

Акустычна-электронны праект музыкі з Менску Андрэя Апановіча. У музыцы «Triangle» няма вакалу, толькі гітара, сэмплер і педалі эфектаў.

17:00–19:00 – «Minsk Improvisers Orchestra»

«Minsk Improvisers Orchestra» не выконваюць раней нарыхтаваных тэмаў, іхная музыка – гэта вынік узаемадзеяння розных характараў і пунктаў гледжання ў рэальным часе. Для таго каб такое ўзаемадзеянне сталася магчыма, яны адмаўляюцца ад рытму, гармоніі, жанру. Кожны ахвочы можа ўзяць удзел у выступе.

19:00–20:00 – Джэфры і Джэйсан Бланкі

Яны прыехалі з Нью-Ёрку і жывуць у Беларусі.

Hавiны
У Менск вяртаецца экафестываль «Пастарнак»
2021.04.20 14:26

Лайн-ап на 23 траўня

00:00–15:00 – дыджэй-сэты

15:00–16:30 – «Dodoma»

«Dodoma» – эксперыментальны музычны праект з Менску на сутыку электроннай і жывой музыкі.

Жывыя выступы «Dodoma» больш падобныя на дыджэй-сэт: музыка не спыняецца, а кампазіцыі перацякаюць адна ў адну. Аранжацыям уласцівае павольнае і выразнае развіццё меладычных лініяў.

17:00–18:30 – «Колорит Кульмана»

Медытатыўныя п’есы парадаксальнай тэхна-джаз-імправізацыі з індустрыйнымі правакацыямі, гульнёю на металічных банках ды іншых прадметах.

19:00–20:00 – канцэрт класічнай музыкі ад музычнай школы «АртГранд»

У праграме – вядомыя творы Баха, Бэтховэна, Шапэна, Радрыга ды іншых кампазітараў.

Уваход вольны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў