Праваабаронца з Пінску: Яны хацелі застрашыць, але атрымаюць раззлаваных людзей


Сёння, 30 красавіка, 14 асобаў, якія праходзілі ў «пінскай справе», атрымалі ад 5,5 да 6,5 года зняволення. Пінчукоў судзілі ў Маскоўскім раёне Берасця.

Пасля выраку сваякі палітычных вязняў не хавалі слёзаў, але ў размовах з журналістамі «Белсату» усё ж выказалі спадзеў, што іхныя родныя не будуць сядзець усяго тэрміну, бо ў краіне нарэшце ўсталюецца закон і справядлівасць.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця агучылі прысуд у «пінскай справе». Берасце, Беларусь. 30 красавіка 2021 года.
Фота: МХ / Белсат

Бацька 19-гадовага фаната пінскай «Хвалі» Алега Рубца на ўсе 15 паседжання хадзіў у шаліку ўлюблёнага клубу сына, каб падтрымаць яго. Алег – самы малады фігурант «пінскай справы» – сёння атрымаў 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Над маім сынам сёння адбыўся альбо суд, альбо спектакль. Больш, напэўна, спектакль, бо гэта было не падобна да суда. З 14 чалавек, якіх сёння судзілі, ні адзін не нанёс ніякіх стратаў, і такія тэрміны – гэта проста неймаверна. Спадзяёмся, што ў краіне ўсё ж пераможа справядлівасць і нашыя хлопцы не будуць сядзець такіх тэрмінаў», – зазначае Віктар Рубец.

Спадар Віктар чуў, як у інтэрв’ю адзін пінчук казаў, што былі пацярпелыя міліцыянты з пераломамі хрыбетніка:

«Я выслухаў больш за сто пацярпелых і не пачуў нічога не толькі пра пераломы хрыбетніка, але нават пра траўмы спіны нічога не было. Яны, напэўна, хацелі, каб іх пашкадавалі, але дарма яны гэта зрабілі. Жаль яны самі да сябе выклікалі, калі мужчыны, афіцэры распавядалі, як яны дрэнна спяць і ядуць».

Суд Маскоўскага раёну Берасця.
Фота: Белсат

37-гадовы актывіст руху «За свабоду» Ігар Салавей атрымаў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоная маці спадарыня Марыя верыць, што сітуацыя хутка зменіцца і сын будзе ўдома:

«Майму сыну, як і прасілі пракуроры, суддзя даў шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сын успрыняў гэта спакойна, бо разумее, у якой краіне жыве. Я думаю, што ён столькі сядзець не будзе, я чакаю ягонага хутчэйшага вяртання дадому. 26 гадоў мы трываем гэты рэжым, але веру, што ўсё хутка скончыцца і нашыя дзеці будуць удома».

Не іначай як расправаю называе выракі пінчукам праваабаронца Вераніка Іванова:

«Гэта не мае ніякага дачынення да правасуддзя. Даваць за кінутыя кветкі і жменю зямлі шэсць гадоў – гэта проста бесчалавечна. Тое, што справу разглядалі ў Берасці, абмежавала прысутнасць сваякоў і сяброў, гэта па-першае. А па-другое, ёсць меркаванне, што пінскія суддзі не захацелі браць удзелу ў гэтай вакханаліі: усё ж адміністратыўныя справы – гэта адна сітуацыя, а крымінальныя тэрміны – гэта нашмат больш сурʼёзна. Яны хацелі застрашыць, але атрымаюць раззлаваных людзей. Сёння міліцыянты кажуць, што ад іх адвярнуліся сваякі і сябры, і я як пінчанка магу гэта пацвердзіць».

Hавiны
У судзе Маскоўскага раёну Берасця 30 красавіка вынеслі прысуд у «пінскай справе»
2021.04.30 11:59

АС, belsat.eu

Стужка навінаў