Польскі верталёт на 30 секундаў заляцеў у Беларусь. Мінабароны выказала занепакоенасць


У раёне Казловічаў, што каля Берасця, а 2:00 29 красавіка польскі верталёт Мі-24 заляцеў на беларускую тэрыторыю, паведаміла Міністэрства абароны. Польскі бок прызнаў інцыдэнт, але заявіў, што ён быў ненаўмысны і кароткачасовы.

Паводле беларускага боку, верталёт «суправаджаўся сродкамі СПА». Адзначаюць, што гэта ўжо «паўторнае цягам месяца парушэнне дзяржаўнай мяжы» з боку Польшчы.

У сувязі са здарэннем 30 красавіка ў беларускае Міністэрства абароны выклікалі аташэ ў пытаннях абароны пры амбасадзе Польшчы ў Беларусі. Яму «выказалі заклапочанасць частымі выпадкамі парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, а таксама заявілі пра неабходнасць разгледзець гэты факт ды паінфармаваць беларускі бок пра яго вынікі».

Аташэ нагадалі, што Польшча дасюль не паведаміла Беларусі пра вынікі разбору пра меркаванае парушэнне 12 красавіка (тады беларускі бок пабачыў «нявызначанае паветранае судна», а польскі бок заяўляў толькі, што не выявіў дзеянняў вайсковай авіяцыі ў той час на мяжы Беларусі і Польшчы).

Мяркуючы з мапы, якую апублікавала Міністэрства абароны Беларусі, 29 красавіка польскі верталёт лятаў каля Берасця з польскага боку мяжы, але на 30 секундаў трапіў на беларускую тэрыторыю. У гэтыя 30 секундаў верталёт пралятаў над месцам, дзе рака Буг, па якой праходзіць мяжа, выгінаецца на поўдзень. Пасля парушэння верталёт працягнуў палёт над польскаю тэрыторыяй.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў