Немач Еўразійскага Звязу. Што страцілі беларусы?

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Салідарнасць у ЕЗ падчас пандэміі паказвае, чаго сапраўды вартая інтэграцыя з Расеяй.

Пандэмію лічаць самай вялікай катастрофай на свеце з часоў Другой сусветнай вайны. Адпаведны час для кожнай краіны, каб пераасэнсаваць замежную палітыку, надзейнасць партнёраў, міжнародных палітычных і эканамічных пагадненняў. Краіны Еўразвязу ў мінулым годзе пастанавілі ўтварыць Фонд адбудовы Еўропы, вартасцю больш як 1,8 трыльёнаў еўраў, што дапаможа ажывіцца эканоміцы ЕЗ пасля пандэміі. Прыйшлі да развязку, што ў такой надзвычайнай сітуацыі Еўразвяз першы раз у гісторыі частку грошай пазычыць на фінансавых рынках. Сродкі фонду ўжо падзеленыя паводле патрэбаў і эканамічных паказнікаў паміж краінамі-ўдзельніцамі. Польшча атрымае больш за 60 мільярдаў еўраў (больш як гадавы ВУП Беларусі), з якіх амаль палова – гэта беззваротныя датацыі, а рэшта – танныя крэдыты.

Медычны пункт на Падляшшы, дзе робяць вакцынацыю ад COVID-19. Фота: Michal Kosc / Forum

На што пойдуць такія грошы? Перадусім на ахову здароў’я, сектар энергетыкі, ахову навакольнага асяроддзя, на падтрыманне прадпрыемстваў, лічбавізацыю, развіццё інфраструктуры і транспарту, а таксама падтрыманне інавацыйных праектаў, грамадскіх ініцыятываў і мясцовага самакіравання. Але гэта яшчэ не ўсё. У межах бюджэту ЕЗ на 2021–2027 гг. Варшава можа разлічваць агулам на 137 мільярдаў еўраў у выглядзе беззваротных датацыяў і грантаў. Дзякуючы гэтаму польскі ўрад мае стварыць новыя месцы працы, развіваць сельскую гаспадарку, будаваць новыя аўтастрады, шпіталі і школы. Але, каб атрымаць сродкі з Фонду Адбудовы, польскія ўлады павінны прапанаваць Мясцовы план адбудовы (KPO), але перад гэтым польскі Сейм і Сенат павінны яго зацвердзіць. Без актыўнае дыскусіі пра тое, куды прызначыць грошы ў першую чаргу, і без кансэнсусу тут ніяк. Кожную чарговую доўгатэрміновую запазычанасць краіны (а частка сродкаў – гэта пазыкі) павінны зацвердзіць 2/3 галасоў парламенту. Кіроўнае большасці не стае, таму ўрад размаўляе з апазіцыяй, дыскутуюць. Гэткія дыскусіі ідуць і ў іншых краінах. Літва з Фонду адбудовы атрымае 14,5 мільярдаў еўраў, Латвія – каля 10 мільярдаў. Агульнаеўрапейская праграма пачне дзеіць, калі яе ратыфікуюць усе 27 краінаў ЕЗ.

А што ў часы пандэміі і сусветнага эканамічнага крызісу адбываецца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), які стварала Расея як альтэрнатыву ЕЗ? Дзе праграмы адбудовы, дзе датацыі? У пятніцу ў Казані адбылося паседжанне Еўразійскай міжурадавай камісіі. Вызначылі, што грамадзяне Беларусі і фірмы змогуць узяць крэдыт у Расеі, Кыргызстане, Арменіі ці Казахстане. Вось такое «ўзаемадзеянне», як рапартуе расейскі Першы Канал, дазволіць «разам пераадолець цяжкасці пандэміі і гандлёвых войнаў». Калі Еўропа змагаецца з наступствамі пандэміі канкрэтнымі трыльённымі эканамічнымі праграмамі, датацыямі і крэдытамі, Масква канцэнтруе ўвагу саюзнікаў на супрацы ў «касмічнай прасторы». А тым часам чальцы расейскага ЕАЭС паводле ўсіх паказнікаў перажываюць сур’ёзныя эканамічныя праблемы – зямныя, не касмічныя.

Фота: Mikhail Pochuyev / TASS / Forum

Немач ЕАЭС асабліва адчувае ізаляваны ад свету рэжым у Менску. Дарэчы, з абяцанага Пуціным 1,5-мільярднага крэдыту ў Беларусь прыйшло толькі толькі 500 мільёнаў долараў. На пару месяцаў хопіць на заробкі амапаўцам. На большае Лукашэнка можа не разлічваць, у Масквы свае эканамічныя праблемы і выклікі. Кітаю ізаляваная ад свету Беларусь ну зусім не цікавая, Пекіну стае адной Паўночнай Карэі. Павярнуцца на Захад ужо нельга. Вось так беларусы сталіся закладнікамі прэзідэнта, якога не выбіралі, і саюзу, у які не ўступалі. А яшчэ іх цягнуць у невядомую Саюзную Дзяржаву, якая паўстае за зачыненымі дзвярыма. Сапраўдны космас.

Руслан Шошын belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў