Не менш за 13 чалавек загінулі праз канфлікт на кіргізска-таджыкскай мяжы


Канфлікт на кіргізска-таджыкскай мяжы пачаўся з таго, што ўвечары 28 красавіка жыхары памежных сёлаў закідалі адно аднаго камянямі. На наступны дзень, 29 красавіка, ён перарос у страляніну на мяжы з удзелам вайскоўцаў. У той жа вечар прадстаўнікі Таджыкістану і Кыргызстану падпісалі дамову пра поўнае спыненне агню.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, у выніку канфлікту пацярпелі 134 асобы, загінулі 13 чалавек: ці датычаць лічбы толькі кіргізскага боку, не ўдакладняюць. Сярод іх – 12-гадовая дзяўчынка. Таджыкскі бок заявіў пра трох забітых і 31 параненага (афіцыйна звесткі не публікаваліся).

На раніцу 30 красавіка пра новыя сутыкненні не паведамляюць.

Магчымаю нагодаю канфлікту розныя крыніцы называюць усталяванне таджыкскім бокам камеры назірання на водазаборы, які 17 красавіка пачалі рамантаваць прадстаўнікі кіргізскага боку, але пратэст таджыкаў вымусіў іх спыніць працы. Паводле радыё «Азаттык», кіргізскай службы радыё «Свабода», такія інцыдэнты не раз здараліся і часам прыводзілі да чалавечых ахвяраў, а іх прычына — у тым, што з 970 км мяжы між дзяржавамі каля 450 км застаюцца спрэчнымі.



Таджыкістан і Кыргызстан вінавацяць адзін аднаго ў пачатку страляніны 29 красавіка. Паводле таджыкскіх памежнікаў, кіргізскія вайскоўцы пачалі страляць па іх, а памежнікі Кыргызстану сцвярджаюць, што канфлікт справакавалі таджыкі, якія пачалі абстрэльваць памежныя заставы з мінамётаў.

У таджыкскім горадзе Ісфара 29 красавіка адбыліся перамовы камісіяў Таджыкістану і Кыргызстану, створаных дзеля ўрэгулявання канфлікту, перадае радыё «Озодӣ», таджыкская служба радыё «Свабода». Бакі дамовіліся спыніць канфлікт, адвесці вайскоўцаў і тэхніку на месцы пастаяннай дыслакацыі, стварыць супольную працоўную групу з праваахоўнікаў і прадстаўнікоў выканаўчай улады, каб пазбягаць такіх канфліктаў.

Прэзідэнт Кыргызстану Садыр Жапараў заклікаў «не распальваць варожасці» і заявіў, што «мы з таджыкскімі братамі заўсёды знойдзем паразуменне», і што «цяпер небяспечныя тыя асобы, якія спрабуюць распаліць канфлікт знутры».

Hавiны
Кыргызстан і Таджыкістан: чаму адбыліся баі на памежжы?
2021.04.29 22:10

АА, belsat.eu

Стужка навінаў