Лукашэнка змяніў кіраўніцтва рэгіянальнай міліцыі ды БТ


Кадравая пятніца ў Аляксандра Лукашэнкі, 30 красавіка.
Фота: presudent.gov.by

30 красавіка Аляксандр Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі, змяніўшы кіраўнікоў міліцыі ў трох вобласцях і кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Начальнікам УУС Менскага аблвыканкаму прызначаны Аляксандр Астрэйка, які раней займаў пасаду начальніка УУС Берасцейскага аблвыканкаму.

Берасцейскую міліцыю ўзначаліў Алег Шулякоўскі, які да таго быў першым намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму.

Пасаду начальніка ўпраўлення ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму заняў першы намесніка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Дзмітрый Разянкоў.

Таксама адбыліся змены ў кіраўніцтве Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Першым намеснікам старшыні БТ прызначылі Сяргея Гусачэнку, які вядзе праграму «Галоўны эфір».

Намеснікам старшыні прызначаны Дзмітрый Прымшыц – намеснік дырэктара ў навуковай і інавацыйнай працы Інстытуту эканомікі НАН Беларусі. Раней гэтую пасаду займала Вольга Кананюк.

Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне:

Юрыя Валяватага – першым намеснікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму,

Дзяніса Курленку – намеснікам старшыні Менскага аблвыканкаму,

Дзмітрыя Захарчука – старшынёю Воранаўскага райвыканкаму,

Ігара Бобыра – кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні,

Аляксандра Бурака – намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэту стандартызацыі,

Віктара Саўчука – генеральным консулам Беларусі ў Беластоку (Польшча),

Аляксея Іглікава – старшынёю Камітэту дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці,

Івана Курмана – кіраўніком справаў Гарадзенскага аблвыканкаму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў