Генпракуратура Расеі адмовілася экстрадаваць адміністратара тэлеграм-чату «Лида для жизни» Мікалая Давідчыка. Пра гэта распавяла ягоная адвакатка Марыя Красова, якая супрацоўнічае з камітэтам «Гражданское содействие», паведамляе «Медиазона».
Паводле адвакаткі, з СІЗА Давідчыка выпусцілі 28 красавіка, але на выхадзе зноў затрымалі і адвезлі ў АУС. У аддзеле на яго склалі пратакол паводле артыкулу пра парушэнне ўмоваў перабывання замежніка ў Расеі. «Паліцыя хадайнічала пра выправаджэнне ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзянаў», – кажа Красова.
29 красавіка Бутырскі раённы суд Масквы аштрафаваў Давідчыка на 5000 расейскіх рублёў і адпусціў дадому.
Давідчыка затрымалі 17 сакавіка па патрабаванні пракуратуры Беларусі. На радзіме яго абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК) і патрабавалі экстрадыцыі. 18 сакавіка Давідчыку абралі меру стрымання і адправілі ў СІЗА.
АД, belsat.eu