Жонку палітвязня звольнілі з палітычных прычынаў. Яна шукае ў Польшчы хоць якую працу


Палітвязень Яўген Бароўскі зрабіў Вераніцы прапанову за колькі дзён да суда, на якім яго пакаралі чатырма гадамі калоніі. Пара ўзяла шлюб у сценах СІЗА. Вераніку звольнілі з працы, а знайсці іншую з артыкулам у працоўнай кніжцы аказалася немагчыма. Давялося з’ехаць з Беларусі ў Польшчу.

Вераніка пакінула Беларусь і часова жыве ў польскай сталіцы. Паразмаўлялі з ёй пра тое, як захаваць каханне, калі муж за кратамі, а жонка выехала з Беларусі.
Фота: Белсат

З будучым мужам Вераніка пазнаёмілася праз суседства, хлопец здымаў пакой побач з ёю. Разам яны былі каля года і браць шлюб пакуль не планавалі, але ў лёс маладзёнаў умяшаліся палітычныя падзеі.

«Калі Жэню пасадзілі, ён прапанаваў стаць ягонай жонкай. Ён і да таго прапаноўваў, але мы думалі, што падыдзем да гэтага больш адказна, падрыхтуемся да ўсяго. А калі яго пасадзілі, часу на падумаць ужо не было», – узгадвае Вераніка.

Прапанову Яўген зрабіў Вераніцы ў лісце:

«Ён павіншаваў мяне з народзінамі і напісаў, што для сябе ўжо ўсё вырашыў, і што хоча, каб я была яго спадарожніцай па жыцці незалежна ад прысуду. Мы тады не ведалі, як яго пакараюць, які будзе прысуд. Мы не думалі, што будзе такі вялікі тэрмін».

Яўгена Бароўскага затрымалі 15 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Суддзя Блізнюк Юлія пакарала хлопца чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Вынясенне прысуду па справе Яўгена Бароўскага. Суд таксама разглядаў крамінальную справу ў дачыненні да Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля. Менск, Беларусь. 2 красавіка 2021 года.
Фота: ПК / Белсат

«Мяне гэта не спыніла і не збянтэжыла. Я разумею, што ён сядзіць ні за што, як і шмат хто з беларусаў», – узгадвае Вераніка.

Прыняць рашэнне пабрацца шлюбам менавіта такім чынам – у СІЗА з канвоем замест гасцей – для Веранікі было няпроста:

«Усё не так планавалася. Ён напісаў, а я сядзела і доўга думала, а ці трэба мне гэтае ўсё. Але потым я зразумела, што не магу адмовіць. Бо Жэня столькі клапаціўся пра мяне, то як я магу яго пакінуць у такі час. Таму вырашыла ісці да канца, да перамогі».

Спадарыня сабрала неабходныя дакументы і пабралася шлюбам з палітычным зняволеным.

Беларус беларусу
Як гэта – ажаніцца з палітвязнем у турме?
2021.09.02 00:07

2020 год Вераніка называе сваім самым чорным часам, з якога пачаліся чорныя палосы ў ейным жыцці.

«Я ў пэўным сэнсе ўжо змірылася. Я раблю ўсё, што я магу. Пераскочыць праз свае сілы я таксама не магу. Таму застаецца толькі чакаць і спадзявацца, што гэта як мага хутчэй скончыцца, і ўсе зняволеныя беларусы вярнуцца дадому», – прызнаецца наша суразмоўца.

Акрамя таго, што каханага затрымалі і беспадстаўна пакаралі зняволеннем, дзяўчыну звольнілі з працы з палітычных прычынаў. Тады Вераніка наважылася пакінуць Беларусь.

Вараніка і Яўген ажаніліся ў менскім СІЗО, Беларусь. 31 сакавіка 2021 года.
Фота: ПК / Белсат

«На працы пачалося з таго, што пастаянна пазбаўлялі прэміі. Потым у мяне быў бюлетэнь і адпачынак. А праз тое, што падчас адпачынку я захварэла, – мусілі працягнуць адпачынак, але так не зрабілі і не паведамілі, што мне варта было напісаць заяву. У выніку мяне звольнілі паводле артыкулу нібыта за прагулы. Я шмат дзе шукала працу, але з такім запісам у працоўнай кніжцы мяне нідзе не наймалі. Грошай не хапала ні на тое, каб самой жыць, ні на перадачы Жэню», – узгадвае Вераніка.

Камунікацыя з мужам была складаная і тады, калі Вераніка была ў Беларусі. Лісты ад Яўгена даўно перасталі прыходзіць, і ў іх засталіся толькі штотыднёвыя тэлефанаванні па 7–8 хвілін.

Вераніка хоча знайсці працу ў Варшаве, а праз тры месяцы паехаць у Беларусь, каб завезці мужу перадачу.

«Калі муж вызваліцца, прыкладу максімум намаганняў, каб забраць яго сюды. Яму яшчэ два гады засталося, калі нічога не зменіцца. Муж сказаў, што пасля ўсяго, што з ім адбылося, ён не хоча заставацца ў Беларусі. Але калі нешта памяняецца, мы вернемся і будзем жыць на радзіме», – дзеліцца планамі спадарыня.

Цяпер Вераніка ўсе высілкі кідае на пошук працы. З адукацыі яна эканамістка, працавала дапаможным працоўным, памочніцай выхавальніцы ў садку, у кавярні афіцыянткай, кантралёркай-касіркай, а затым намесніцай дырэктара, загадчыцай аддзелу. Акрамя таго, скончыла курсы бухгалтарскага ўліку, таксама курсы нарошчвання і ламінавання веек.

Вараніка і Яўген ажаніліся ў менскім СІЗО, Беларусь. 31 сакавіка 2021 года.
Фота: ПК / Белсат

«Мне не прынцыпова, дзе працаваць, абы знайсці працу», – прызнаецца наша суразмоўца.

Калі ў вас ёсць магчымасць прапанаваць Вераніцы заробак, пішыце ў наш тэлеграм-бот @BelsatBot – мы скантактуем вас з дзяўчынай.

Беларус беларусу
Беларусы сабралі пасаг нявесце палітвязня
2021.10.20 17:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў