Па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні лекараў-траўматолагаў


З розных гарадоў Беларусі працягваюць прыходзіць звесткі пра затрыманне лекараў-траўматолагаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тэлеграм-канал «Белые халаты» піша пра затрыманне ў Менску галоўнага лекара 11-й больніцы Валерыя Урублеўскага і загадчыка рэабілітацыйнага аддзялення для траўматолага-артапедычных хворых 11-й ГКБ, траўматолага-артапеда Алега Ліпніцкага.

У 6-й больніцы затрыманыя траўматолагі Сяргей Папок, Аляксандр Герасімаў, Уладзімір Статкевіч і Рыгор Знавец, у Менскай абласной – Аляксандр Бянько, Аляксей Маслаў, Аляксандр Калесніковіч і Пётр Кезля. У РНПЦ траўматалогіі затрымалі Андрэя Варановіча, Аляксандра Мурзіча і Івана Мінакоўскага.

Аб’ектыў
Рыхтуецца новая «справа медыкаў»
2022.03.29 23:39

У Берасці затрыманы былы загадчык аддзялення траўматалогіі абласной больніцы Сямён Кісель, якому напярэдадні не працягнулі кантракт.

Магчыма, затрымалі і загадчыка артапедычнага аддзялення Магілёўскай гарадской больніцы №1 Алега Сарнацкага. 26 сакавіка ў ягоным працоўным кабінеце адбыўся ператрус.

Выданню hrodna.life стала вядома, што ў Гродне затрымалі загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 мясцовай БХМД Андрэя Тодрыка.

Абноўлена
У Беларусі арыштавалі каля 30 артапедаў-траўматолагаў
2022.03.29 11:46

Раней паведамлялася пра затрыманне трох вядучых траўматолагаў у Віцебску. Гэта супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскага абласнога клінічнага шпіталю Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.

У Гомлі забралі двух загадчыкаў аддзяленняў траўматалогіі – у абласным клінічным шпіталі і абласной анкалогіі. Таксама затрыманы тры траўматолагі з Мазырскай ЦРБ. Затрыманы і загадчык траўматалагічнага аддзялення ў Ваўкавыску Яўген Саўко.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў