Каму адрасаваныя словы Джо Байдэна «не бойцеся», сказаныя ў Варшаве?

Джо Байдэн наведаў Польшчу і выступіў у Каралеўскім замку 26 сакавіка. Палітолаг Павел Усаў аналізуе прамову прэзідэнта ЗША ў Варшаве, прысвечаную вайне ва Украіне.

Прэзідэнт Джо Байдэн выступае з прамоваю пра расейскае ўварванне ва Украіну ў двары Каралеўскага замку ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Anna Voytenko / Ukrinform / ddp images / Forum

Комплекс палітычных захадаў, саміт NATO, візіт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Польшчу выклікаюць дваістыя ўражанні. Злучаныя Штаты і саюзнікі выразна акрэслілі сваю пазіцыю ў шэрагу пытанняў:

  • маральнае, фінансавае і абмежаванае вайскова-тэхнічнае падтрыманне для Украіны;
  • узмацненне эканамічнага (санкцыйнага) ціску на Расею, далейшая яе ізаляцыя;
  • пацверджаныя гарантыі для краінаў NATO ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў выпадку вонкавай агрэсіі, хоць гэтыя гарантыі павінны быць акрэсленыя дамоваю аб NATO;
  • павелічэнне вайсковага кантынгенту ЗША ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ды іх узбраенне.

Разам з тым, ЗША і NATO выключылі якое-кольвек умяшанне ў ваенныя дзеянні ва Украіне (закрыццё неба, адпраўленне міратворцаў ва Украіну). Таксама пад пытаннем застаецца перадача Украіне знішчальнікаў і сістэмаў СПА. Адначасова з гэтым былі адсунутыя мяжы магчымага ўмяшання або стрымлівання дзеянняў Расеі ва Украіне. Гэтаю мяжой ёсць выкарыстанне Расеяй хімічнай зброі.

ЗША адкажуць у выпадку, калі Расея выкарыстае хімічную зброю на Украіне. Характар адказу будзе залежаць ад выкарыстання гэтай зброі. Тым не менш Вашынгтон не растлумачыў, які ж будзе характар такога адказу: прадугледжвае ён актыўны ўдзел ЗША і NATO у ваенных дзеяннях ва Украіне ці нанясенне ракетнага ўдару па стратэгічных абʼектах у самой Расейскай Федэрацыі. Акрамя ўсяго іншага, новая чырвоная лінія як бы дае права расейскім вайскоўцам бесперашкодна масава знішчаць мірнае насельніцтва Украіны любымі іншымі сродкамі і спосабамі.

У агульным і цэлым ні ЗША, ні NATO нават пасля пачатку ваенных дзеянняў не агучылі комплексу вайскова-стратэгічных захадаў, якія яны гатовыя рэалізоўваць у выпадку пашырэння прасторы канфлікту.

Відавочна, што палітычныя эліты і грамадства Захаду псіхалагічна не гатовыя да якой-кольвек формы вайны і супрацьстаяння з Расеяй. У той час як расейская прапаганда проста прывучвае сваё грамадства да вайны і пазбаўленняў, а кіроўнай групоўцы нічога не застаецца, як працягваць вайну, бо ў гэтым – адзіная ўмова выжывання.

Прэзідэнт Джо Байдэн выступае з прамоваю пра расейскае ўварванні ва Украіну ў двары Каралеўскага замку ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Adam Schultz/White House / Zuma Press / Forum

Асаблівасці ўспрымання свету і стаўлення да сітуацыі ва Украіне знайшлі выраз у выступе прэзідэнта Байдэна ў Варшаве. У ягонай прамове былі закладзеныя экзістэнцыйныя сэнсы і заклікі. Ключавымі былі словы «не бойцеся». Але каму яны былі адрасаваныя? Да ўкраінцаў, якія гінуць пад агнём агрэсара, ці да еўрапейцаў, якія дасюль не вызначыліся з пытаннямі паставак зброі Украіне і адмовіліся ад частковага ўмяшання ў вайну?

Словы Яна Паўла II, якога цытаваў Байдэн, былі свайго роду заклікам да польскага народу змагацца. Але ў прамове амерыканскага прэзідэнта гэтага закліку да заходняй супольнасці не было.

Так, прэзідэнт Байдэн казаў пра барацьбу, пра вайну, але пры гэтым ішлося пра вайну і барацьбу ўкраінскага народу, а свет, хоць і дапамагае Украіне ды падтрымлівае яе, стаіць убаку і чакае заканчэння гэтай бітвы.

Байдэн так і не сказаў, што свабоднае грамадства заходняй цывілізацыі – «мы» – супрацьстаім злу і падступству расейскай дэспатыі. Такія дэкларацыі ўскладаюць пэўныя абавязкі.

Разам з тым візіт і выступ прэзідэнта ЗША прадэманстравалі разуменне таго, што свет пераходзіць у новую фазу палітычнага ды ідэалагічнага існавання. Вайна ва Украіне стварыла перадумовы для абнаўлення, а ў некаторай ступені і адраджэння паняццяў лібералізму, свабоды і дэмакратыі. Адбылася кансалідацыя еўрапейскіх супольнасцяў і нават іх рэінтэграцыя ў эканамічным, палітычным і сацыяльным плане.

Хочацца спадзявацца, што ахвяра ўкраінскага народу не будзе марнай і дасць магутны штуршок для якасна новага этапу развіцця заходняй цывілізацыі.

Пераклад ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў