Урад вызначыў, колькі трэба вязню яек, рыбы і мыла. Жанчынам і мужчынам па-рознаму


Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Пастанова ўраду «Аб усталяванні нормаў харчавання і нормаў забеспячэння сродкамі асабістай гігіены асобных катэгорыяў грамадзянаў» з’явілася на Нацыянальным прававым партале. Дакумент набывае моц 31 сакавіка.

Паводле пастановы ў рацыёне асуджаных у папраўчых калоніях, турмах, арыштных дамах, ЛПП мусіць быць каля 30 найменняў харчоў. Некаторыя пазіцыі «меню» залежаць ад полу арыштаванага.

Гэтак, на дзень мужчыны і жанчыны мусяць атрымаць 90 г мяса, 25 г курыцы.

Мужчынам прадпісана з’есці 100 г крупаў, 55 г рыбы з галавой, 20 г каўбасы і 4 яйкі, а два разы на тыдзень – 15 г масла.

Жанчынам пастанавілі выдаваць 85 г крупаў, 60 г рыбы з галавой, 15 г каўбасы, 3 яйкі і тройчы на тыдзень 15 г масла.

Таксама ў рацыёне зняволеных мусіць быць капуста, буракі, цыбуля, морква, гуркі, зеляніна, часнык (з 1 лістапада да 31 сакавіка) і бульба. Яшчэ – малако, кісель, таматная паста і карэнні (якія – не ўдакладняецца).

Свежай садавіны няма. З спецыяў – соль, заправа ўніверсальная, лаўровы ліст. Яшчэ ёсць цукар і гарбата.

Дадатковыя нормы на некаторыя харчы прадугледжваюцца для тых, хто працуе ў шкодных і (або) небяспечных умовах, а таксама для інвалідаў I і II групаў.

Такі ж пералік харчоў прадугледжаны для людзей, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА і турмах, а таксама ІЧУ і ЦІП і не прыцягваюцца да работаў. Паводле некаторых пазіцыяў нормы адрозніваюцца, і няма падзелу паміж порцыямі для мужчынаў і жанчын.

На аднаго чалавека на дзень мусіць прыпадаць 90 г мяса, 55 г рыбы з галавой, 25 г мяса птушкі, 20 г каўбасы, на тыдзень – 2 яйкі.

Няпоўнагадовым мусяць дадаткова даваць 10 г цукру, 30 г масла, 60 г мяса, 125 мл малака, 40 г тварагу і плюс 5 курыных яек на тыдзень.

Ёсць дабаўка і ў зняволеных на стацыянарным або амбулаторным лячэнні, ВІЧ-інфікаваных, хворых на цукровы дыябет, цяжарных, маці, якія кормяць немаўлятаў.

Прапісаная і колькасць сродкаў гігіены для пазбаўленых волі. Гэтак, на месяц вязню мае хапіць 200 г гаспадарчага мыла і 25 м туалетнай паперы. Жанчынам пастанавілі выдаваць 100 г туалетнага мыла і 10 пракладак, а мужчынам – 50 г туалетнага мыла і 4 аднаразовыя станкі для галення.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў