У Менску знік ветэран «Алмазу». Пра затрыманне сілавіка з такімі ініцыяламі казаў Ігар Макар


Родныя 49-гадовага Вячаслава Сідаракіна мяркуюць, што яго затрымалі беларускія спецслужбы. Мужчына знік у пачатку лютага, паведамляе «Наша Ніва». Пра затрыманне сілавіка з такімі ініцыяламі распавёў у сваім звароце да кіраўніка КДБ Івана Церцеля былы сілавік Ігар Макар.

Вячаслаў Сідаракін служыў у пачатку 2000 гадоў у спецыяльным падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Ён даслужыўся да падпалкоўніка, быў начальнікам службы піратэхнічнага забеспячэння і прымянення спецыяльных сродкаў. Цяпер ён працуе ў Расеі. Але з пачатку лютага перастаў выходзіць на сувязь з роднымі.

Вячаслаў Сідаракін.
Фота: Наша ніва

«Бацька жыў паміж Менскам і Масквой. Зімой ён быў у Беларусі – і 9 лютага ён проста знік. Бацька збіраўся ўвечары сустрэцца са знаёмай, але не прыйшоў на сустрэчу. Першы тыдзень мы зусім нічога не ведалі, шукалі яго. Я баялася, што яго ўвогуле забілі.

Але пасля ў нас з’явілася інфармацыя, што бацька затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Афіцыйнага пацверджання гэтаму няма, нам ніхто нічога не кажа, перадачы для яго не прымаюць. На сувязь са мной ці бабуляй, яго мамай, ніхто не выходзіў. Адпаведна, у якім ён статусе і з чым звязана затрыманне я таксама не ведаю. У чым яго абвінавачваюць – невядома«, – распавяла яго старэйшая дачка Ганна.

Родныя паведамляюць, што Вячаслава затрымалі разам з яшчэ некалькімі асобамі.

Перад Днём Волі былы сілавік Ігар Макар выступіў з відэазваротам да кіраўніка КДБ Івана Церцеля. Ігар Макар заявіў, што ведае пра правакацыі спецслужбоўцаў і назваў званні і ініцыялы трох асобаў, якіх нібыта ўжо затрымалі працаўнікі КДБ. Сярод затрыманых Макар назваў падпалкоўніка В. С.

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў