Маргарыта Ляўчук: «Жнівень 2020 года цалкам змяніў маё жыццё, я нібы прачнулася»


Оперную дзіву Маргарыту Ляўчук цяпер ведаюць нават тыя, хто ніколі не быў у оперы, – дзякуючы сатырычнаму дуэту «Красная зелень», у якім спявачка выступае з бардам і блогерам Андрэем Павуком. Абодва з мінулай восені жывуць у Вільні. Маргарыта не можа вярнуцца дамоў, бо ўпэўненая: у Беларусі яе чакае турма.

«Белсат» паразмаўляў са спявачкай пра родныя мясціны – крыніцу музычнага таленту, змаганне з сістэмай падчас працы ў тэатры, а таксама, як у жыцці опернай зоркі з’явілася беларуская мова, бел-чырвона-белы сцяг і якую дату перамогі падказалі продкі.

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

«Усе мае продкі добра спявалі»

– Мама распавядала, што калі я нарадзілася, то вельмі гучна крычала, і маме казалі, каб яна забрала мяне, бо я ўсіх дастала сваім крыкам. У радзільні не зразумелі – я проста спявала адразу ад нараджэння.

У нас у сям’і заўсёды былі спевы – і за сталом, і пры іншай нагодзе. Памятаю, што дзядуля вельмі добра спяваў, у прабабулі быў моцны народны голас. Увогуле, мае продкі мелі шыкоўныя галасы. Таму думаю, што талент у мяне ад іх.

З самага дзяцінства я не адчувала сябе нікім іншым, як толькі спявачкай. Я збірала дзяцей, ладзіла для іх канцэрты. Я жыла ў вёсцы Страдзеч пад Берасцем. Маёй сцэнай была крышка склепу, кулісамі – печка, мікрафонам – шнур ад чайніка. Гэта была як бы гульня, але для мяне, хутчэй, рэпетыцыя. У дзіцячым садку я заўсёды спявала на ранішніках. Калі справа даходзіла да таго, а хто будзе выступаць, у выхавацеляў быў адзін адказ – канешне, наша спявачка Маргарыта.

У музычную школу я пайшла даволі позна, у 10 гадоў. Да гэтага спявала ў нашым доме культуры. Бацькі сталі вазіць мяне ў музычную школу ў Берасце, бо прыслухаліся да парадаў аднавяскоўцаў, што мой талент трэба развіваць. Ездзіць у горад на цягніках і аўтобусах было няпроста. Школа пайшла насустрач, для мяне склалі адмысловы расклад. Усе ставіліся з разуменнем, што мы простыя людзі, з вёскі, у нас няма машыны. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто ўжо тады дапамагаў.

Фота: ГР / Белсат

Я вельмі люблю сваю вёску, родную хату. Я ганаруся, што нарадзілася там. Прапісаная дагэтуль там, і не хачу выпісвацца. Галасавала таксама там. Але жыць у вёсцы я, напэўна, не змагла б. Бо мне ўсё ж патрэбны рытм, якога там няма. Дома можна спакойна пашпацыраваць, пабыць з бацькамі, схадзіць на могілкі. Акунаешся ў атмасферу дзяцінства, набіраешся сіл – і далей – рабіць сваю працу.

«Штуршком размаўляць па-беларуску сталі паслявыбарчыя падзеі»

– З дзяцінства ў сям’і і вёсцы я чула палескую мову, хоць тады не ведала, што яна так называецца. Гэта была проста мова, на якой гаварылі продкі. Беларускую мову чула па радыё, тэлебачанню, але ў нас на ёй ніхто не размаўляў. У дзіцячым садку нас сталі вучыць беларускай мове – асобным словам кшталту «да пабачэння», «калі ласка», «добрай раніцы». А дома ў нас быў суржык – расейская і наша палеская. Часам у мяне блытаніна ўзнікала – дык на якой мове трэба размаўляць? Я думала, што па-беларуску размаўляюць толькі ў сталіцы. І сапраўды толькі ў Менску я сутыкнулася з беларускамоўнымі студэнтамі.

Для мяне штуршком размаўляць па-беларуску сталі паслявыбарчыя падзеі. Тады ўвогуле змянілася ўсё маё жыццё – я нібы прачнулася.

Мне часам сумна, што гэта здарылася так позна. Да жніўня 2020 года я жыла цалкам па-за палітыкай. У маім жыцці была толькі музыка. Я выступала на праўладных мерапрыемствах, мне плацілі грошы, і мне было з большага ўсё роўна, для каго спяваць.

Я спявала ў тым ліку для Лукашэнкі. Але ўражваў мяне не ён, а ягонае атачэнне, якое ледзь не малілася на яго. Непрыемна ўражвала. Я не разумею такога рабалепства. Вельмі запомнілася з тых выступаў такая дэталь. Калі мы спявалі там, дзе ён прысутнічаў, заўсёды было вельмі халодна. Ён любіць свежае паветра, аж да холаду. А для галасавых звязак патрэбна, каб было цёпла. Найбольш здзіўляў падыход людзей, якія бегалі як ненармальныя, каб выслужыцца вакол яго: Аляксандр Рыгорыч любіць, калі прахалодна, адкрыйце і вокны, і дзверы. Пра тое, як я сябе буду адчуваць на сцэне, ніхто не думаў. Яны нават пра сябе не думалі – пагаджаліся мерзнуць, абы яму было добра.

Інтэрв’ю
Максім Жбанкоў: Культурная палітыка дзяржавы займалася выхаваннем узорных калгаснікаў
2021.03.24 12:03

У жніўні ўсё змянілася – я вызначылася, што я адназначна не з чырвона-зялёнымі. Я ніколі больш не буду спяваць для гэтай улады. А яшчэ цяпер хачу, каб мае дзеці з маленства размаўлялі па-беларуску. І калі мы ўсе будзем вучыць дзяцей роднай мове, то хутка ўбачым беларускамоўную Беларусь.

«За бел-чырвона-белы сцяг «парву» любога»

– Да 2020 года пра наш сцяг я ведала, канешне, што ён ёсць, і бачыла ў некаторых сваіх сяброў дома. Але ж нам яшчэ са школы спрабавалі навязаць чырвона-зялёны сцяг. У малодшых класах я насіла чырвона-зялёны гальштук, калі мяне запісалі ў так званыя «берасцейцы». Далей у БРСМ ісці, дарэчы, я адмовілася.

Фота: ГР / Белсат

Дык вось ужо тады, у дзяцінстве, мне не падабаліся гэтыя колеры – чырвоны і зялёны. Я адчувала, што гэта нешта чужое, штучна навязанае, нейкі падман. У 2017 годзе я была на конкурсе ў Іспаніі. Памятаю, як я выйшла на сцэну, а ззаду на фоне праектарам далі гэты чырвона-зялёны сцяг. Мне было так непрыемна, хацелася сказаць – прыбярыце. У мяне ніколі не было адчування, што я змагаюся за гэты сцяг. За Беларусь – так, але не за гэты сцяг. Зусім іншая сітуацыя з бел-чырвона-белым сцягам. За яго я гатовая змагацца, парву любога. Не ведаю, чаму так. Гэта проста недзе ўнутры.

«Калектыў Вялікага тэатру мусіў сысці ўслед за «купалаўцамі»

– Я сышла з Вялікага тэатру яшчэ да падзеяў жніўня, у сакавіку 2020 года. Бо я больш не магла быць у гэтай непаваротлівай сістэме. Яшчэ з часоў вучобы я ўсё рабіла, каб быць не ў сістэме. Часта гэта злавала людзей, маўляў, што ты тут выдзелываешся, давай, будзь, як усе. Але я – не ўсе, і не буду, як усе. Гэта вы тут прачніцеся і зразумейце, што робіце.

Гісторыі
«Калегі не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам». Сям’я тэатралаў – пра свае расчараванні
2021.03.27 12:40

Я думаю, што калектыў Вялікага тэатру мусіў сысці ўслед за «купалаўцамі». Цяпер яны кажуць – мы ж запісалі відэазварот. Так, вы малайцы. Але што далей? Вы працягваеце там працаваць, хоць і кажаце, што там жудасна, бо становішча нібы ў турме. Як можна працаваць, калі звольнілі такіх мэтраў, як дырыжор Андрэй Галанаў? Як ты можаш браць і рабіць ягоную працу, бо ты ж ведаеш, што чалавека ні за што звольнілі? Вы ж самі ўсе маліліся на яго, маўляў, ён жа геній, а цяпер вы пагаджаецеся працаваць без яго. Як вы так можаце?

Калі б яны сышлі, гэта быў бы моцны ўдар. Так, у Купалаўскі знайшлі «артыстаў з пагарэлага тэатру», а дзе яны знойдуць «опернікаў»? Студэнты не будуць спяваць гэтыя партыі. Увогуле, часта думаю, што калі б мы ўсе тады страйканулі тыдні на два, то даўно перамога была б за намі.

Я не ўяўляю, як яны там працуюць, бо немагчыма нешта ствараць, калі ты ў няволі. Я часта чула – я служу тэатру. Ніколі не разумела гэтага. Ты павінен служыць народу, людзям, якія прыходзяць цябе слухаць, а не тэатру. Трэба разбурыць гэты савецкі падмурак, і зрабіць у Беларусі еўрапейскі тэатр. Цяпер пра наш тэатр ніхто не ведае ў оперным свеце. Ведаюць асобных спевакоў нашага тэатру – Аксану Волкаву, Паўла Пятрова. Сусветна вядомыя Сулімскі, Янкоўскі, але яны працуюць не ў Беларусі, бо ім не даюць. Упэўненая, пасля перамогі шмат крутых беларусаў вернецца дамоў.

«Мы «бесім» уладу, і ў гэтым нашая мэта»

– Гэта была ідэя Андрэя Павука. Ён сказаў – у мяне ёсць гітара, а ты ўмееш спяваць, давай нешта зробім. Ён хацеў, каб гэта была менавіта палітычная сатыра, бо ён у тэме, ведае імёны, прозвішчы, калі хто і што сказаў. Тэксты мы пішам разам. Але «Толькі Матолька», напрыклад, цалкам напісаў Павук. Часта, калі ён піша, я потым гэта шліфую, рэдагую. Таксама музыку разам пішам. Мы на адной творчай хвалі, таму ў нас так усё добра цяпер атрымоўваецца. І нам падабаецца. Мы самі вельмі смяемся, калі ўсё гэта выдумляем. Тэмы нам дзяржава падкідвае амаль штодзень. А яшчэ ўжо самі слухачы замовы дасылаюць – маўляў, вы павінны вось на гэтую тэму нешта заспяваць.

Фота: ГР / Белсат

Назву таксама прыдумаў Андрэй. Мы кайфуем ад гэтай працы, бо мы тут вольныя. Бачыце, якія шэдэўры нараджаюцца, калі чалавек вольны. Уладу нашая творчасць злуе, але ў гэтым нашая мэта. Асабліва Лукашэнку мы бесім, бо з пачуццём гумару там усё вельмі дрэнна.

«Пасля перамогі мы звольнім усё Міністэрства культуры»

– Я не палітык, што заўсёды падкрэсліваю, у мяне няма ніякіх палітычных амбіцыяў. Я хачу займацца творчасцю і бамбіць уладу праз палітычную сатыру. Але маё асяроддзе просіць, каб я была ў Народным антыкрызісным упраўленні, бо мне вераць. Я там эксперт па культурнай частцы, а таксама такі фронтмэн, які зробіць відэазварот, калі трэба, напрыклад.

Мы распрацоўваем рэформы, якія мусяць вывесці беларускую культуру з крызісу. У чым крызіс? Ды ва ўсім. Культуру ў нас проста знішчаюць. У мяне сэрца рвецца, калі я бачу, што яны робяць з музыкамі, з мастакамі. Кожны раз думаеш – хопіць ужо, дзе дно?

Пасля перамогі мы адразу звольнім усё Міністэрства культуры, бо яно не захоўвае спадчыну продкаў, а спрыяе дэградацыі нашай нацыі. Беларусі патрэбныя новыя людзі, крэатыўная каманда, і яна ў нас ёсць. Культура – гэта мы. І толькі мы самі зможам яе захаваць.

Культуру, як і Пагоню, не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Гэта самы моцны ціск на ўладу. Вы ж бачыце, што стала рабіцца, калі паўсюль пачалі з’яўляцца белыя і чырвоныя колеры. Гэта ж як для быка чырвоная ануча. Наша ўлада гэтага баіцца. І людзі зразумелі, што культурай, песнямі мы можам шатаць рэжым. Культура – гэта нашая моц.

«У траўні нас чакае перамога – мне падказалі продкі»

– Я хачу вярнуцца дамоў. Найбольш мне не хапае нашых людзей. Той любові ў вачах, якую я бачыла ў жніўні, верасні. Вы ж памятаеце, як мы тады глядзелі адзін на аднаго. Як мы ўсміхаліся. Раней такога не было, а мінулым летам я гэта пабачыла. Гэтыя светлыя твары засталіся ў маёй памяці, і я хачу іх зноў убачыць, калі вярнуся на радзіму.

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

Мне балюча, што я даўно не бачылася з бацькамі. Хачу ім падзякаваць і сказаць, што яны ў мяне сапраўдныя малайцы, байцы. Я не ведаю, колькі слёз яны ўжо выплакалі з-за гэтага ўсяго. Але яны разумеюць мяне, яны на нашым, светлым баку. Іх падтрымліваюць людзі, мае падпісчыкі, пішуць ім, дзякуюць маме, што яна мяне нарадзіла, і я вельмі ўдзячная ўсім беларусам за гэта.

Я вельмі сумую, але не дазваляю сабе раскісаць, бо веру, што мы пераможам. Я вельмі веру ў свае сны, і адкрою вам сакрэт, што ўмею размаўляць з продкамі, якія ўжо памерлі. Ад іх я ведаю, што ў траўні, на Вялікдзень нас чакае перамога. Я нават паставіла сабе гэтую дату на застаўку на тэлефон.

Мы Гітлера перамаглі, і вы думаеце, што мы Лукашэнку не пераможам? Канешне, пераможам.

Размаўляла Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў