Дзве трагедыі: адкрылася выстава, прысвечаная працы медыкаў у 2020 годзе


Адкрыццё выставы. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У менскай прасторы «Месца» запрацавала выстава, прысвечаная медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся ў мінулым годзе. Праект «Машына дыхае, а я – не» бярэ назву з фотасерыі Галіны Краснапёравай, якая здымала запіскі пацыентаў, падключаных да апарату ШВЛ. Гэтая і іншыя працы экспазіцыі, а таксама шэраг суправаджальных падзеяў расказваюць пра барацьбу з COVID-19 і пра медыкаў у кантэксце грамадскіх працэсаў. Гэтак паўстае першая пляцоўка для арганізаванага дыялогу паміж медычнай і грамадзянскай супольнасцямі пра падзеі мінулага года.

«Машына» пачала рыхтавацца яшчэ ў верасні. Ініцыятарка выставы Таццяна Гацура-Яворская кажа, што паколькі з боку дзяржавы належнай увагі да медыкаў не было, узнікла жаданне прадэманстраваць ім удзячнасць грамадства. У экспазіцыі ўдзельнічаюць вядомыя фатографы і мастакі, а адукацыйная праграма запрашае да сябе медыкаў, філосафаў і сацыёлагаў.

Фота: ТК / Белсат
Праект Галіны Краснапёравай «Запiскi пацыентаў, якія ляжаць на ШВЛ».
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат

«Калі мы думалі, як у гэтай тэме паказаць тое, што мы цяпер перажываем, прыйшлі да высновы, што галоўным чынам мусім перадаць адчуванні ўразлівасці і крохкасці, – кажа Юля Ваўчок, адна з куратарак. – Мы вырашылі сканцэнтравацца на невялікай колькасці праектаў, але ўзяць як мастацкія работы, так і дакументалістыку і паказаць у іх пачуцці медычных працаўнікоў, тых, хто хварэе на COVID, і тых, хто застаецца ў самаізаляцыі».

На выставе падаецца некалькі аўтарскіх выказванняў. Метафарычная праца «Куды зніклі ўсе кветкі?» Максіма Сарычава суседнічае з фотарэпартажам Алеся Пілецкага з «чырвонай зоны» Віцебскай гарадской клінічнай больніцы хуткай медыцынскай дапамогі падчас першай хвалі каронавіруса. Тут жа экспануецца дакументальная серыя партрэтаў «Гісторыі лекараў. 2020 год», у якой мастачка Маша Святагор, журналістка Вераніка Лазарэвіч і прадзюсарка Юля Ваўчок паказваюць медыкаў у кантэксце дзяржаўнага ціску. Мастакі Васіліса Паляніна і Андрэй Анро агучваюць свой «Маніфест», у якім заклікаюць працягваць салідарызавацца.

Хірург Менскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Дзмітрый Маркелаў. Ён паказвае плакат з прозвішчамі лекараў, якія прайшлі праз рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Фота: ТК / Белсат
Фатограф Алесь Пілецкі – адзіны, хто змог зрабіць фотарэпартаж з «бруднай зоны» у Беларусі. Здымкі зробленыя ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Фота: ТК / Белсат

Станіславу Салаўю, аднаму з герояў «Гісторыяў лекараў», выстава нагадала тое, што ён адчуваў у красавіку і траўні: «Я ўспомніў тое, што ўжо крыху прытупілася: як было страшна, як не бачыў родных і тры месяцы не прыязджаў да маці, тыя невядомасць, безнадзейнасць і хранічную стомленасць. Гэта змрочна».

Адной з перашкодаў у арганізацыі «Машыны» Таццяна Гацура-Яворская назвала перасцярогі, праз якія некаторыя патэнцыйныя госці адмовіліся браць удзел у праекце. Станіслаў Салавей у адказ на пытанне пра страх цытуе гурт «Тараканы!»: маўляў, цішыня – гэта смерць. «Аб праблеме нельга маўчаць, бо калі яе замоўчваць, яна вернецца. Адзіным стрымальным фактарам для мяне была няёмкасць, бо што я такога зрабіў? Пасядзеў пад арыштам, дык шмат хто сядзеў… Працаваў з COVIDам – хто ў нас з ім толькі ні працаваў, мяне яшчэ не так закранула, як некаторых. Да таго ж я ў прынцыпе не люблю фатаграфавацца, мяне выратаваў мой фотагенічны сабака. А свой твар паказаць я не баяўся: пасля таго, што перажылі людзі, неяк сорамна баяцца страціць працу альбо трапіць на чарговыя пятнаццаць содняў».

Фота: ТК / Белсат
Праект Максіма Сарычава «Куды зніклі ўсе кветкі?».
Фота: ТК / Белсат

Адукацыйная праграма праекту «Машына дыхае, а я – не» ўлучае экскурсіі, кінапаказы, дыскусіі «Медыкі на COVID-перадавой» і «Паміж клятвай Гіпакрата і грамадзянскай пазіцыяй», сустрэчы з экспертамі ў межах Месяца барацьбы з міфамі пра медычныя прафесіі.

Фота: ТК / Белсат

Выстава ды сустрэчы будуць працягвацца да 17 красавіка. Арганізатар – грамадскае абʼяднанне «Zvyano», куратар – платформа SHKLO+.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu
Стужка навінаў