Дыяменты, прадукцыя ВПК і пагроза перавароту. Што трэба ведаць пра арышт Зінгмана ў Конга


Набліжаны да Віктара Шэймана бізнесовец Аляксандр Зінгман застаецца за кратамі ў кангалезскай турме, пра выстаўленне афіцыйных абвінавачванняў дагэтуль не паведамляецца. Belsat.eu распавядае, што вядома пра справу на дадзены момант і ці сапраўды Зінгман меў дачыненне да гандлю вайсковай прадукцыяй.

Аляксандр Зінгман быў затрыманы 19 сакавіка ў аэрапорце Лубумбашы разам з гендырэктарам падкантрольнай яму кампаніі AFTRADE DMCC Алегам Водчыцам і італьянскім прадпрымальнікам Паола Персіка. «Daily Maverick» паведаміла са спасылкай на крыніцы блізкія да ўладаў ДРК, што арышт Зінгмана звязаны з намерам бізнесоўца прадаць зброю былому прэзідэнту Жазэфу Кабілю.

Момант затрымання Аляксандра Зінгмана ў Конга

Жонка Зінгмана Лізавета Дзенісевіч заявіла, што чуткі пра зброю «зʼяўляюцца абсалютнай хлуснёй» і выклікаюць падазрэнні, што затрыманне было «палітычна матывавана», піша EUToday.

Паводле СМІ, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (менавіта ў гэтай краіне зарэгістраваная кампанія AFTRADE) і Зімбабвэ адразу пасля затрымання пачалі ціснуць на ДРК з мэтай дабіцца вызвалення Зінгмана. У МЗС Беларусі заявілі, што займаюцца сітуацыяй у межах «аказання консульскага садзейнічання беларускім грамадзянам».

Ці адбыліся перамовы?

Дакладнай храналогіі падзеяў, звязаных з арыштам Зінгмана, мы не ведаем. На гэты конт існуюць некалькі супярэчлівых версіяў.

Спачатку афрыканскае выданне «Daily Maverick» сцвярджала, што Зінгман паспеў правесці сустрэчу з Жазэфам Кабілай, пасля чаго вылецеў з Кіншасы ў Лубумбашы, дзе і быў арыштаваны. Пазней італьянскі сайт ilsole24ore са спасылкай на прадстаўніцтва AFTRADE DMCC у Беларусі паведаміў, што Зінгман быў арыштаваны ў аэрапорце Лубумбашы пасля сустрэчы з мясцовымі партнёрамі, аднак імя Кабілы тут не называлася.

Але на гэтым тыдні ў каментары TUT.by у менскім прадстаўніцтве AFTRADE DMCC заявілі, што сустрэчы ў ДРК наагул не адбыліся і Зінгман быў арыштаваны адразу па прылёце ў краіну. «Планавалася дзелавая паездка для абмеркавання магчымай пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання ў ДРК», – сцвярджаюць у менскім офісе.

Консульства і офіс AFTRADE DMCC.
Фота: Белсат

«Усё, што тычыцца паведамленняў у мясцовых рэсурсах аб нібыта наяўных перамовах па пастаўках зброі, не адпавядае рэчаіснасці. Як мы ўжо сказалі, затрыманне адбылося проста па прылёце ў ДРК. Не было праведзена ні адной сустрэчы. Мы расцэньваем паведамлення такога роду ў СМІ як дыскрэдытацыю і спробу стварыць пэўнае меркаванне аб прычынах іх затрымання», – заявілі ў AFTRADE DMCC.

Самае цікавае, што заяву Aftrade DMCC пра тое, што кангалезскія праекты абмяжоўваліся сельскагаспадарчай тэхнікай, дэ-факта зняпраўдзіла газета адміністрацыі Лукашэнкі – «СБ-Беларусь сегодня». У артыкуле за 29 сакавіка 2021 года паведамлялася, што ў ДР Конга Зінгман прадстаўляў прадпрыемства, звязаныя з «рознай тэхнікай і распрацоўкай карысных выкапняў». У прыватнасці, ён збіраўся пастаўляць прадукцыю МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і МЗКЦ. А МЗКЦ – гэта прадпрыемства ВПК, якое вырабляе колавыя шасі для ракетных комплексаў і бронеаўтамабілі.

«Вось гэты пералік прадпрыемстваў практычна цалкам закрывае ўсе запытанні Конга. Там вельмі патрэбна сельскагаспадарчая тэхніка, кар’ерная і, чаго ўжо маўчаць пра відавочнае, вайсковая таксама патрэбна. Канфлікты ўрэгуляваць з вайсковай тэхнікай значна зручней, чым без такой», – піша лукашэнкаўская газета.

Паміж двума прэзідэнтамі

Варта адзначыць, што Зінгман і Водчыц летась у кастрычніку наведвалі ДР Конга з афіцыйным візітам. Як паведамляла прэс-служба кангалезскага прэм’ер-міністра, кампанія ў ДРК плануе інвеставаць у сельскую гаспадарку, горназдабыўчую прамысловасць, транспарт, утылізацыю адходаў і сферу абароны. Прадстаўнікі AFTRADE DMCC абяцалі забяспечыць фінансаванне праектаў пры дапамозе афрыканскага Trade & Development Bank і беларускага Банка развіцця. Сярод іншых прадстаўнікоў кангалезскага ўраду на сустрэчы прысутнічаў міністр абароны ДРК.

Зінгман і Водчыц (за сталом злева) на перамовах у ДРК, кастрычнік 2020 года.
Фота: primature.cd

Пра якія канкрэтна праекты ішла гаворка ў сферы абароны – не паведамлялася. Аднак урадавы прэс-рэліз у любым выпадку супярэчыць заявам AFTRADE DMCC, што іх праекты абмяжоўваюцца выключна сельскай гаспадаркай.

Менавіта гэтая сустрэча, якая адбылася 15 кастрычніка 2020 года, можа быць ключом да разумення таго, чаму ў Зінгмана раптам узніклі ў Конга праблемы. Зінгман вёў перамовы з прэм’ер-міністрам Сільвэстрам Ілюнг’а Ілюнкамба, які лічыцца паплечнікам экс-прэзідэнта краіны Жазэфа Кабілы. Прыхільнікі Кабілы і прыхільнікі новага прэзідэнта летам 2019 года сфармавалі кааліцыйны ўрад, дзе паплечнікам былога прэзідэнта аддалі не толькі пасаду прэм’ер-міністра, але і яшчэ шэсць ключавых міністэрстваў (у тым ліку міністэрства абароны). Аднак у студзені новы прэзідэнт Фэлікс Чысэкедзі абвінаваціў Кабілю ў тым, што ягоныя прыхільнікі тармозяць рэформы і кааліцыйны ўрад быў адпраўлены ў адстаўку. Стасункі паміж Кабілай і Чысэкедзі абвастрыліся. Выданне Daily Maverick пісала ў лютым, што спробы Чысэкедзі знізіць палітычны ўплыў экс-прэзідэнта можа прывесці да таго, што Кабіла звернецца па дапамогу да вайскоўцаў, каб скінуць дзейны ўрад

Такім чынам, Зінгман праводзіў перамовы (у тым ліку наконт праектаў у абароннай сферы) з паплечнікамі экс-прэзідэнта Кабілы, якія па стане на кастрычнік 2020 года ўваходзілі ва ўрад Конга. Аднак у сакавіку 2021 года, калі Зінгман прыляцеў у Конга, яны ўжо ўспрымаліся прэзідэнтам Чысэкедзі як патэнцыйныя ворагі.

Офіс AFTRADE DMCC і кансулят Зімбабвэ знаходзіцца ў менскім «Прэзідэнт-гатэлі».
Фота: Белсат

Belsat.eu накіраваў у прадстаўніцтва AFTRADE DMCC шэраг пытанняў. У тым ліку мы хацелі даведацца, на перамовы з кім прыляцеў Зінгман? І ці меў дачыненне да праектаў у ДР Конга Віктар Шэйман? Але ў прадстаўніцтве кампаніі заявілі: ім няма чаго дадаць да таго, што ўжо было сказана ў каментары TUT.by.

«Іншай інфармацыі мы не маем. Усе афіцыйныя прадстаўнікі працуюць у Дубаі, а прадстаўніцтва ў Менску ажыццяўляе толькі дапаможныя функцыі і не ўпаўнаважана даваць каментары ад імя AFTRADE па дзейнасці AFTRADE», – заявілі журналісту belsat.eu.

Адказ на зварот у галоўны офіс AFTRADE мы пакуль не атрымалі.

«Расабаронэкспарт», замбійскія генералы і Ліберман

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49

Зінгман – асоба непублічная, яшчэ некалькі гадоў таму ў інфапрасторы пра яго згадак не было наагул. Сітуацыя пачала змяняцца ў 2018 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка раптам вырашыў развіваць стасункі з Зімбабвэ і прызначыў курыраваць гэта напрамак кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта Віктара Шэймана.

Міністр горнай здабычы і развіцця горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ Уінстан Чытанда і Аляксандр Зінгман падчас наведвання заводу БЕЛАЗ, 2018 год.
Фота: belaz.by

Ключавой асобай у дачыненнях Беларусі і Зімбабвэ стаў як раз Зінгман. Ён рэгулярна з’яўляўся на фотаздымках з Віктарам Шэйманам у Харарэ (куды яны лёталі на бізнес-джэце прэміум-класу) і з афрыканскімі партнёрамі – у Беларусі. У зімбабвійскіх медыях яго называлі то «выбітным беларускім бізнесоўцам», то «дарадцам» Віктара Шэймана. Дзякуючы чаму Зінгман увайшоў у блізкае атачэнне Віктара Шэймана застаецца толькі здагадвацца.

Шэйман і Зінгман у Харарэ, верасень 2018 года. Фота : @ZBCNewsonline

У студзені 2019 года бізнесоўца прызначылі ганаровым консулам Зімбабве ў Беларусі, а само консульства адкрылі ў менскім «Прэзідэнт-гатэлі», які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. Як стала вядома ў выніку расследавання «Белсату», у суседнім памяшканні з консульствам размешчаны офіс прадстаўніцтва кампаніі AFTRADE DMCC, праз якую ідзе гандаль Беларусі і афрыканскіх краінаў. Пра тое, што кампанія AFTRADE DMCC падкантрольная Зінгману, сведчыў шэраг ускосных фактаў, але публічна гэтую інфармацыю пацвердзілі толькі пасля ягонага арышту ў ДРК.

«Мы глыбока занепакоеныя незаконным утрыманнем нашага акцыянера Аляксандра Зінгмана ў ДРК. Ён быў у краіне ў законнай камандзіроўцы дзеля развіцця сельскагаспадарчага гандлю з нашымі партнёрамі ў Афрыцы». Скрыншот з сайту aftradedmcc.com

У самой Беларусі «Белсат» не знайшоў ніводнага бізнес-актыву, якія б афіцыйна належаў Зінгману. Ягоная жонка Лізавета Дзенісевіч кіруе фешэнебельнай сталічнай рэстарацыяй «Фальконэ», але паводле афіцыйных дакументаў Зінгман не мае ніякага дачынення да гэтага бізнесу.

Пры гэтым, як стала вядома журналістам, Зінгман валодае мінімум гектарам зямлі і трыма вялікімі дамамі ў Раўбічах – гаворка ідзе фактычна пра невялікі квартал, адзначае TUT.by. Хаця раней сакратарка Зінгмана распавядала «Белсату», што бізнесовец збольшага знаходзіцца за мяжою і можа не бываць у Беларусі па паўгода. Вядома таксама, што ён мае два грамадзянствы – Беларусі і ЗША.

Кансулят Зімбабвэ ў Менску ў будынку менскага «Прэзідэнт-гатэлю».
Фота: Белсат

Вясной-летам 2020 года ў афрыканскіх СМІ сталі з’яўляцца публікацыі пра датычнасць бізнесоўца да гандлю зброяй. Выданне «News Diggers» паведаміла, што Зінгман звязаны з «сумнеўнымі здзелкамі» паміж расейскімі пастаўшчыкамі і афрыканскімі краінамі. Сцвярджалася, што бізнесовец арганізаваў сустрэчу прэзідэнта Замбіі Эдгара Лунгу з Аляксандрам Міхеевым – кіраўніком прадпрыемства «Расабаронэкспарт», якое ўжо працяглы час знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. «News Diggers» апублікавала сумеснае фота Лунгу, Міхеева і Зінгмана, а таксама здымкі, дзе Зінгман побач з замбійскімі генераламі – міністрам абароны, кіраўніком ВПС і вайсковым аташэ ў Маскве.

Варта прызнаць, што публікацыі «News Diggers» была пабудаваная выключна на саміх здымках, высновам журналістаў бракуе доказаў. Выданне называла толькі адну канкрэтную здзелку: продаж Замбіі расейскіх самалётаў Sukhoi Superjet 100. Аднак SSJ100 – гэта не баявы, а цывільны самалёт. Да таго ж сама па сабе здзелка сакрэтам не была, пра яе заяўлялі расейскія афіцыйныя асобы. У 2019 годзе рэалізацыя кантракту была наагул замарожана, бо ў Замбіі проста не хапіла грошай.

Прадстаўнікі Зінгмана абвяргалі ўсе абвінавачванні журналістаў і сцвярджалі, што «зліў» фота быў арганізаваны ягоным канкурэнтам, бізнесоўцам Віталём Фішманам, які нібыта сам гандлюе зброяй. Зінгман пагражаў падаць на выданне ў суд.

Падчас «вайны кампраматаў» паміж Зінгманам і Фішманам у сеціве з’явілася інфармацыя і пра іншыя цікавыя сустрэчы бізнесоўца з атачэння Шэймана. У прыватнасці, на адным са здымкаў Зінгман быў заўважаны побач з набліжаным да замбійскага прэзідэнта бізнесоўцам Валдэн Фіндлі, якога афрыканскія СМІ падазраюць у сувязях з наркамафіяй. На іншым – у кампаніі з ізраільскім мілянерам Львом Ляваевым, які стаў фігурантам расследавання аб кантрабандзе дыяментаў.

Рэстарацыя Falcone у Менску.
Фота: Белсат

Нарэшце Зінгман і Фішман разам былі заўважаны з Віктарам Шэйманам, скандальна вядомым ізраільскім палітыкам Авігдорам Ліберманам (у Ізраілі ён быў фігурантам шэрагу крымінальных расследаванняў) і ягоным сынам Амосам. Сустрэча адбылася ў лобі гатэлю «Рыц Карлтан» у ізраільскім горадзе Гэрцліі ў лістападзе 2019 года. Аўтарытэтнаму выданню TheMarker прадстаўнікі Лібермана патлумачылі, што палітык пазнаёміўся з Зінгманам, калі наведваў рэстарацыю Falcone у Менску, і цяпер падтрымлівае з ім сяброўскія стасункі. Што тычацца Шэймана, то ён нібыта прыехаў у Ізраіль «па медычных абставінах» і далучыўся да сустрэчы «з ветлівасці».

Шэйман, сын і генерал ФСБ

Віктар Шэйман

Ці маглі Зінгман і Шэйман мець дачыненне да паставак зброі ў Афрыку? На дадзены момант доказаў гэтаму няма.

Даведка
Паводле Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў свету (SIPRI), Беларусь уваходзіць у топ-20 найбуйнейшых экспарцёрах зброі ў свеце.

Але сам факт таго, што Шэйман раптам быў пастаўлены курыраваць зімбабвійскія ды іншыя афрыканскія праекты афіцыйнага Менску, выклікае шмат пытанняў. Па-першае, сілавік, генерал-палкоўнік Шэйман не з’яўляецца спецыялістам па экспарту сельскагаспадарчай і іншай прамысловай тэхнікі, на якую афіцыйна арыентаваныя афрыканскія праекты. Па-другое, развіццё міжнародных стасункаў наагул не ўваходзіць у сферу профільных абавязкаў Шэймана – цяпер ён узначальвае Упраўленне справамі прэзідэнта.

У папярэдні раз Шэйман курыраваў міжнародны праекты ў 2006-2012 гг, калі Лукашэнка актыўна развіваў стасункі з Венесуэлай. Паводле СМІ, адным са складнікаў венесуэльскіх праектаў быў як раз гандаль зброяй. Як пісала аўтарытэтная іспанская газета El Pais, Вэнэсуэла была пасярэднікам ў набыцці ракет «зямля-паветра» між калумбійскімі паўстанцамі FARC і еўрапейскімі пастаўшчыкамі. Тагачасны сакратар Савету бяспекі Шэйман быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, сцвярджала газета. Сам Шэйман гэтую інфармацыю абвяргаў.

Сяргей Шэйман.
Фота: nn.by

Шмат пытанняў выклікае той факт, што ў афрыканскіх праектах Шэймана засвяціўся і ягоны сын Сяргей. Паводле зімбабвійскага выдання «The Herald», падчас візіта кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта ў Харарэ ў сакавіку 2018 года Сяргей Шэйман уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі. Ён быў прэзентаваны як дарадца («advisor») бацькі.

Hавiны
Што агульнага ў Шэймана, генерала ФСБ і Тальяці? Расследаванне «Белсату»
2018.05.21 08:00

Чалавек з ідэнтычнымі звесткамі – Сяргей Віктаравіч Шэйман – фігуруе як сузаснавальнік кампаніі «Теп-холдинг» у Тальяці (РФ), якая мае класічныя прыкметы фірмы-пракладкі. Разам з Сяргеем Шэйманам заснавальнамі «Теп-холдинга» з’яўляюцца яшчэ трое грамадзянаў РФ, у тым ліку Анатоль Ткачук – былы генерал-маёр ФСБ, а цяпер паспяховы бізнесовец і кіраўнік Камісіі абаронча-прамысловага комплексу Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП). Ткачук і Шэйман-старэйшы былі знаёмыя як раз па працы на афрыканскім кантыненце.

Шэйман і Ткачук у Гане, 2010 год.
Фота: peacefmonline.com

Яшчэ ў ліпені 2010 года Гану наведала супольная беларуска-расейская дэлегацыя, у якой беларускі бок рэпрэзентоўваў Віктар Шэйман, а Расею – Анатоль Ткачук. Дэлегаты правялі перамовы з міністрамі ўрада Ганы наконт удзелу беларускіх і расейскіх інвестараў у нафтагазавых праектах. Пазней Шэйман яшчэ тройчы прыляціць у Акру – у 2011, 2012 і 2013 гадах. Кожны раз там будуць прысутнічаць і прадстаўнікі Расеі, верагодна, уласна Ткачук або ягоныя людзі. Прычым у Гане Шэйман гаварыў у тым ліку пра вайсковую супрацу: у 2011 годзе абмяркоўвалася будаўніцтва сэрвіснага цэнтру для верталётаў МІ-7, дзе рамантаваліся б верталёты з усёй Афрыкі. Ткачук у сваю чаргу ў якасці прадстаўніка РСПП афіцыйна займаецца пытаннямі экспарту прадукцыі прадпрыемстваў расейскага ВПК у Афрыку.

Крывавыя дыяменты

Лагер перасяленцаў у ДРК.
Фота: news.un.org

ДР Конга – адна з самых бедных краінаў у свеце і пры гэтым адна з самых буйных дзяржаваў Афрыкі па тэрыторыі і колькасці насельніцтва (там пражывае больш за 100 млн. чалавек). У 90-х і пачатку 2000-х на тэрыторыі ДР Конга ішла грамадзянская вайна з актыўнымі ўмяшаннем у канфлікт іншых афрыканскіх дзяржаваў. У выніку Другой кангалезскай вайны (1998-2002) загінулі 5,4 мільёна чалавек. Цяпер на ўсходзе ДРК ужо шмат гадоў працягваецца ўзброенае супрацьстаянне паміж урадавымі сіламі і шматлікімі групоўкамі баевікоў, якія тэрарызуюць мясцовае насельніцтва. Час ад часу баевікі захопліваюць цэлыя раёны. Цалкам узяць пад кантроль усходнія правінцыі ўрад не ў стане.

«СБ-Беларусь сегодня» у сувязі з гэтым канстатуе, што ў ДР Конга вельмі шмат золата, дыяментаў і іншых карысных выкапняў, а распрацоўка іх радовішчаў толькі стымулюе ўзброеныя канфлікты на тэрыторыі краіны. Пры гэтым газета прызнае: расплочвацца за беларускую тэхніку будуць як раз даходамі з залатых і дыяментавых прыіскаў.

«Многія сцвярджаюць, што пастаўляць тэхніку ў краіну, дзе адбываюцца такія драматычныя падзеі, не зусім этычна. Спрачаюцца з гэтай нагоды даўно і злосна. Але ведаеце што? Гэта наагул не важна. У дадзеным пытанні для беларусаў важныя толькі нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Мы вырабляем тавары, і нам трэба іх каму-небудзь прадаваць», – піша лукашэнкаўская газета.

Зінгман з жонкаю. Скрыншот з відэа falcone.by

Цікава, што «нацыянальныя інтарэсы Беларусі» пры гэтым прадстаўляе зарэгістраваная ў свабоднай эканамічнай зоне Аб’яднаных Арабскіх Эміратах прыватная кампанія AFTRADE DMCC, якая чамусьці была прызначана ключавым пасярэднікам паміж беларускім дзяржаўным экспарцёрамі і афрыканскімі кліентамі. Гэта пры тым, што Лукашэнка з года ў год у сваёй публічнай рыторыцы жорстка крытыкуе сам інстытут пасярэдніцтва, называючы такіх бізнесоўцаў «спекулянтамі». Але ж для Зінгмана было зроблена выключэнне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў