Абвінавачванне ў тэрарызме на адрас Святланы Ціханоўскай прымушае вярнуцца ў красавік 2011 года

Гэта было страшна. Мяне зусім нядаўна выпусцілі з «амерыканкі», і мы з сябрамі – гісторыкам Валянцінам Голубевым і кінакрытыкам Андрэем Расінскім – сядзелі ў кафэ на плошчы Перамогі. Пра ўсё пагаварылі, але датэлефанавацца да прыяцеля, які абяцаў заехаць за мной, я не мог, таму размова працягвалася – тым больш, што і кава не сканчалася.

І раптам мы ўбачылі, што за акном вельмі шмат людзей. Здавалася, увесь Менск выйшаў з метро і пайшоў па праспекце.

– Што здарылася? – спытаў я ў адміністратара кавярні. І яна адказала: – Нейкі выбух.

Выбух здарыўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» – наступнай за «Плошчай Перамогі», калі ехаць у цэнтр. Людзі сапраўды выйшлі з метро: проста таму, што цягнікі спынілі рух. І хуткія з сірэнамі імчаліся міма нас. І датэлефанавацца можна было толькі па гарадской лініі, так што я парадаваўся, што не адмовіўся ад стацыянарнага тэлефоннага апарата.

Фота: АВ / Белсат

Я датэлефанаваўся. Жонка плакала: мой мабільнік не адказваў, а па тэлевізары ўжо агучвалі версію Генадзя Давыдзькі аб тым, што ў выбуху можа быць вінаватая апазіцыя.

Валянцін Голубеў паглядзеў на мяне:

– Слухай, можа быць, вас выпусцілі ўсіх, каб на вас гэты выбух і зваліць?..

Я не знайшоўся, што адказаць.

Звалілі ў той раз не на апазіцыю. Звалілі на двух маладых людзей, адзін з якіх так і не стаў змагацца за сваю невінаватасць, а другі адмовіўся ад прызнальных паказанняў, але яму гэта не дапамагло. І нават адвакату ў перапынку не далі магчымасць з ім пагаварыць.

Я пра што?

Я пра тое, што ў той раз у выбуху ўсё шукалі палітычную падаплёку. Лідар «Белай Русі» Генадзь Давыдзька падазраваў нас. А адзін з маіх знаёмых нават аператыўнае з’яўленне машын хуткай дапамогі спісаў на «гатовасць» улады: маўляў, ведалі, што выбух будзе, так і карэты падрыхтавалі. І ў зʼяўленні Аляксандра Лукашэнкі на «Кастрычніцкай» разам з сынам шмат што здавалася яму падазроным: маўляў, ведаў, што паўторнага выбуху не будзе – вось і павалок Коленьку…

Паказальна ў гэтым выпадку, што абедзве версіі хадзілі па Менску амаль на роўных правах.

11 красавіка 2011 года, дзесяць гадоў таму, здарылася велізарная трагедыя. 15 чалавек загінулі, яшчэ 400 пацярпелі. І суд быццам бы адбыўся. Толькі вось не ўсіх ён пераканаў сваім прысудам. І грамадства, так і не здолеўшы прыйсці да адзінай версіі таго, што здарылася, вырашыла забыцца пра яе.

Фота: АВ / Белсат

Цяпер улады пра яе нагадалі. Маўляў, выбух мог адбыцца, і вінаватымі ў ім былі б страшная Святлана Ціханоўская і кашмарны BYPOL. Ужо і дакументы збіраюць – каб выпісаць «вінаватых» у тым, што выбух не адбыўся, і сурова іх пакараць. А заслужылі заахвочвання атрымаюць высокія ўрадавыя ўзнагароды.

Моцна сумняваюся ў тым, каб маці дваіх дзяцей вырашылася арганізоўваць – або нават проста заахвочваць спробы масавых забойстваў. Ды яшчэ і такія, дзе могуць пацярпець дзеці (здаецца, сродак выбуху, згодна з агучанай версіяй, збіраліся падкласці ў сметнік побач з дзіцячай пляцоўкай?). Вось усё, што я ведаю пра Ціханоўскую – пра яе манеру гаварыць, пра тое, што яна думае і як гэта адлюстроўваецца ў яе інтэрв’ю, – супярэчыць такім падазрэнням. Навошта ёй гэта? Каб дэстабілізаваць абстаноўку? Каб зноў нарошчваць паток рэпрэсій? Не верыцца. Наадварот: выбух і пошук вінаватых на нейкі час згуртавалі б частку грамадства вакол яе галоўнага апанента. Тут нават яе і ейных прыхільнікаў не трэба было б ні ў чым вінаваціць. Проста: вось, хутка разабраліся і пакаралі. Дзякуй гэтай пракуратуры, гэтаму Следчаму камітэту, гэтаму суду і нават гэтаму ГУБАЗіКу. Дзякуй – таму што чарговага выбуху яшчэ доўга не будзе. Гадоў дзесяць, як пасля 2011 года.

Але цяпер версія пра жанчыну, якая нібыта хацела падарваць чужых дзяцей, абуджае ў памяці іншую версію, 2011 года, якая нават не разглядалася ў судзе, а проста забылася з часам. Пра тое, што красавіцкі выбух у метро якраз і патрэбны быў, каб з’яднаць грамадства, вярнуць павагу да сілавікоў і суду, прымусіць забыцца пра халодныя плошчы снежня 2010 года і збітага паэта, за якога яшчэ галасавалі па ўсёй краіне. Таму што пытанне «Каму выгадна?» задалі ў гэтым выпадку тыя, хто кантралюе суд і следства – але далі толькі адну версію адказу на яго. І значыць, непазбежнае з’яўленне другой версіі. Альтэрнатыўнай. Нешта накшталт:

– Каму выгадна? Вам.

Баюся, абвінавачванне на адрас Ціханоўскай люстэркава адгукнецца ў з’яўленні падазрэнняў у бок самога Лукашэнкі. Лепш бы да такіх рэчаў не звяртацца. Можа кепска скончыцца.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў