«Усім ужо не да медалёў. Важней – каб нічога не здарылася». Аляксандр Апейкін пра цэнзуру на Алімпійскіх гульнях


На святло выйшла інструкцыя для спартоўцаў нацыянальнай зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Пекіне, а роўна і для ўсіх чальцоў дэлегацыі: не даваць нікому аніякіх каментароў і інтэрв’ю, акрамя журналістаў, акрэдытаваных на Гульнях беларускім НАК. Тут можна смела прыпісаць: альбо толькі са згоды кіраўніцтва дэлегацыі.

Пра гэта хтосьці з беларусаў абмовіўся ў размове з карэспандэнтам «Матч ТВ». Невядома: гэта было абвешчана на нейкім сходзе ці пры размове з кожным, хто рэпрэзентуе Беларусь на Гульнях Белай Алімпіяды – 2022, да, ці пасля прыбыцця ў Кітай, але значэння форма падачы асабліва не мае.

Галоўны медыя-цэнтр 24-х Зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Акрамя таго, паводле інсайдарскай крыніцы выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна, у камандзе ёсць прадстаўніцтва агентуры КДБ:

«Усё, як у «найлепшыя» савецкія часы. Усім ужо не да медалёў. Важней – каб нічога не здарылася. Перш за ўсё, не паўтарылася “справы Ціманоўскай”».

Пры гэтым, спадар Апейкін удакладняе: «Мець зносіны нельга толькі з неакрэдытаванымі беларускімі журналістамі (праз тэлефонную, відэасувязь і праз сацсеткі). З рэпарцёрамі ўсіх іншых сусветных выданняў – можна, бо іх акрэдытуе аргкамітэт Гульняў. І з НАК РБ гэта ўзгадняць не абавязкова».

Hавiны
Сяргей Далідовіч: «Гэта чыстай вады палітычны ціск на мяне праз дачку»
2022.01.30 17:02

Відавочна, спартоўцаў таксама інструктавалі, што варта выкладваць на свае старонкі ў сацыяльных сетках, а што не. З вялікай упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэта таксама будзе кантралявацца. Зрэшты, такое ідэалагічнае абмежаванне не першае. Так, напрыклад, украінскае Міністэрства спорту забараніла атлетам у Пекіне даваць якія-небудзь каментары і інтэрв’ю на расейскай мове, а таксама рэкамендавала пазбягаць сумесных фота з расейскімі спартоўцамі. Гэта таксама звязана са скандалам на летняй Алімпіядзе ў Токіа, калі срэбная прызёрка ў скачках у вышыню ўкраінка Яна Магучых сфатаграфавалася з расейкай Марыяй Ласіцкене, якая выгуляла гэтыя спаборніцтвы. Больш за тое, украінцам параілі нават не стаяць побач з расейскімі алімпійцамі і заўзятарамі.

Яна Магучых з Марыяй Ласіцкене.
Фота: championat.com

З іншых перадалімпійскіх навінаў адзначым, што першаю легалізавалася ў Пекіне мужчынская зборная Беларусі па біятлоне. Яшчэ 27 студзеня. Пакуль акліматызуюцца і адаптуюцца ў часе. Бо розніца з Менскам «+5», а з Еўропаю, дзе правялі значна большы перадалімпійскі перыяд, увогуле «+7».

Праз два дні ў адну з дзвюх Алімпійскіх вёсак Чжанцзякоў прыбыла і жаночая біятлонная дружына. Цяпер усе ў чаканні вынікаў тэстаў.

Таксама стала вядома, што ў хакейным турніры могуць здарыцца два чэмпіёны. Такі сцэнар прадугледжаны на выпадак, калі ўсе чатыры паўфіналісты не здолеюць набраць неабходныя 15 палявых гульцоў і двух брамнікаў з-за каронавіруснай адбракоўкі. У такім выпадку будзе ўручана два камплекты бронзавых і два камплекты залатых медалёў. Калі ж колькасць станоўчых тэстаў перавысіць усе дапушчальныя нормы толькі ў аднаго з галоўных фіналістаў, то яго заменіць пераможца матчу за трэцяе месца. Адпаведна, той, хто прагуляў будзе абвешчаны бронзавым прызёрам Гульняў.

АП belsat.eu

Стужка навінаў