Сёння фінішуе чэмпіянат Еўропы па гандболе. Ці мае шанцы зборная Беларусі налета патрапіць на ЧС?


У сталіцы Вугоршчыны Будапэшце сёння фінішуе 15-ы чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчынаў.

У вырашальным двубоі згуляюць віцэ-чэмпіёны свету шведы ды дзейны чэмпіён кантыненту – Іспанія, якая ў выпадку перамогі здолее ўзяць ЕЎРА-тытул трэці раз запар. І тым самым паўтарыць дасягненне акурат Швецыі. Яна была найлепшаю ў перыяд з 1998 да 2002 гадоў. Пірэнэйцы ж год таму ў Егіпце вырвалі бронзавыя ўзнагароды ў дружыны Францыі на чэмпіянаце свету. «Трохкаляровыя» зноў паспрачаюцца за трэцяе месца. Хіба што гэтым разам з пакуль дзейнымі чэмпіёнамі планеты і роданачальнікамі гандболу – датчанамі.

Зборная Іспаніі на чэмпіянаце свету па гандболе. 28 студзеня 2022 г., Будапэшт, Вугоршчына.
Фота: Laurent Lairys / Zuma Press / Forum

Бліскучы рост скандынаўскіх дружынаў ды французаў у параўнанні з папярэднім (2020 года) чэмпіянатам Еўропы, які праходзіў у трох краінах. Там Швецыя была сёмаю, Данія – 13-й, а Францыя ўвогуле заняла 14-е месца. Cёлета ў вырашальнай стадыі другі год гуляе адзін і той жа квартэт: Швецыя, Іспанія, Францыя, Данія.

Зразумела, што гандбол наймацнейшы менавіта на еўрапейскім кантыненце. Але каб склад паўфіналістаў паўтарыўся адно ў адно на двух топ-турнірах запар – мужчынскім чэмпіянаце свету (праводзяцца з 1938 года) і наступным за ім чэмпіянаце Еўропы (дэбютны быў згуляны ў 1994 годзе) – гэта абсалютна ўпершыню!

І традыцыйна ў перадапошні дзень аднаго чэмпіянату адбылося лёсаванне кваліфікацыі наступнага. Наўпрост там, дзе сёння пройдуць вырашальныя медальныя разборкі ЕЎРА-2022 – на арэне Budapest Multifunctional – вызначыліся пары адбору на 28 чэмпіянат планеты па гандболе сярод мужчынаў, які адбудзецца ў студзені 2023 году ў чатырох польскіх гарадах ( Катавіцэ, Кракаў, Гданьск і Плоцк), ды пяці шведскіх (Ё́тэборг, Мальмё, Крыст’янстад, Ё́ншэпінь, Стакгольм). Гэты чэмпіянат свету стане другім запар такім турнірам, у якім згуляюць 32 зборныя (да 2021 года максімальная колькасць фіналістаў раўнялася 24-м нацыянальным дружынам). 14-ць з удзельнікаў будучага мундыялю ўжо

вядомыя. Гэта:

  • Швецыя і Польшча (гаспадары);
  • Данія (чэмпіён свету – 2021);
  • Іспанія, Францыя, Нарвегія (наймацнейшыя пасля тых, хто ўжо мае пропуск);
  • Аргентына, Бразілія, Чылі, Уругвай (найлепшыя дружыны чэмпіянату Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі);
  • Бахрэйн, Іран, Катар, Саудаўская Аравія (наймацнейшыя каманды чэмпіянату Азіі).

Іншыя 18 удзельнікаў яшчэ вызначацца. Імі стануць:

  • пятая каманда чэмпіянату Азіі (вызначыцца 30 студзеня);
  • пяць наймацнейшых з чэмпіянату Афрыкі (турнір пройдзе з 22 чэрвеня да 2 ліпеня);
  • пераможца чэмпіянату краін Паўночнай Амерыкі і Карыбскага басейну (даты правядзення не вядомыя);
  • два ўладальнікі «ўайлд кард»;
  • дзевяць пераможцаў еўрапейскай кваліфікацыі.

Шанцы зборнай Беларусі

Улічваючы ўзровень гульні нацыянальнай зборнай Беларусі на цяперашнім чэмпіянаце Еўропы можна меркаваць, што нашая нацыянальная дружына наступны чэмпіянат свету прапусціць. Упершыню ў сваёй гісторыі так нізка апусціўшыся на чэмпіянаце Еўропы за сем выступаў у фіналах (17-е месца), Беларусь распачне адбор з першага раўнду кваліфікацыі. На ім бясспрэчна пашанцавала. Супернікам стане зборная Фарэрскіх астравоў, якая ніколі не праходзіла кваліфікацый топ-турніраў, а ў 2010-м годзе саступіла на шляху да чэмпіянату свету дружыне Беларусі 32:39. Гульні пройдуць 16 і 19 сакавіка і першы матч нашыя суайчыннікі згуляюць на Фарэрах.

Уладзіслаў Кулеш падчас гандбольнага матчу з Нямеччынай.
Фота: Stanko Gruden / kolektiff / imago sport / Forum

А вось мінуць другі, вырашальны раўнд адбору, будзе вельмі праблематычна. Там лёсаванне вызначыла нам супернікам Нямеччыну, якая і на цяперашнім ЕЎРА перагуляла беларусаў з розніцаю чатыры мячы, калі выступала не наймацнейшым складам. Дарма што першы матч павінныя будзем правесці на пляцоўцы суперніка, а ўдома – гульню ў адказ. Гэтыя двубоі запланаваныя на сярэдзіну красавіка.

Hавiны
Гандбольная зборная Беларусі паказала найгоршы вынік у гісторыі на ЧЕ. Разбіраем прычыны правалу
2022.01.19 19:25

Ускладняецца чаканне яшчэ і тым, што ўсцяж не ўцямная сітуацыя з галоўным трэнерам нацыянальнай каманды. Як вядома, Юрый Шаўцоў пасля няўдалага цяперашняга выступу ў Браціславе падаў у адстаўку. Але старшыня Беларускай федэрацыі гандболу яшчэ раздумвае, ці прымаць яе. Прынамсі, Канаплёў пакуль плануе пайсці ў адваротным кірунку: умацаваць штаб Шаўцова. Але канчатковае рашэнне будзе прынята на лютаўскім паседжанні выканкаму Беларускай федэрацыі гандболу.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў