Медыі: Гітанас Наўседа вылучыў Святлану Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міра


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа вылучыў Святлану Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міру. Пра гэта паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Згодна з правіламі, кіраўнікі дзяржаваў маюць права вылучаць кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію міру. Падаваць заяўкі можна да 31 студзеня.

Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацверджана. Прэс-служба прэзідэнта Літвы адмовілася каментаваць звесткі пра вылучэнне Святланы Ціханоўскай на Нобэлеўскую прэмію.

«Мы не каментуем інфармацыю аб Нобэлеўскай прэміі міру», – сказаў дарадца Наўседы Рыдас Ясюлёніс.

Нагадаем, у верасні 2020 года Гітанас Наўседа заявіў, што Літва гатовая ўзяць на сябе галоўную ролю і стаць пасярэднікам паміж удзельнікамі пратэстаў і ўладамі Беларусі. Паводле прэзідэнта, гэта абавязак Літвы як вольнай дзяржавы, якая пацярпела праз рэпрэсіўныя і акупацыйныя рэжымы. У пачатку студзеня Наўсёда заявіў, што Літва і ўвесь Еўразвяз падтрымліваюць барацьбу беларусаў за свабоду і дэмакратыю.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў