Афіцыйна зварот супраць санкцыяў падпісалі больш як 1 млн чалавек, неафіцыйна – значна менш


Міхаіл Орда.
Фота: 1prof.by

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда заявіў пра рэкордную колькасць падпісантаў праўладнага звароту супраць увядзення санкцыяў заходнімі краінамі.

«26 студзеня мы апублікавалі адкрыты ліст аб нязгодзе працоўных Беларусі з увядзеннем эканамічных санкцый. Яго падпісалі ўжо 1 мільён 113 тысяч чалавек. Важна адзначыць, што працоўныя выказалі салідарную падтрымку пры зборы подпісаў у 21 тысячы першасных прафсаюзных арганізацыяў. У бліжэйшы час гэты ліст будзе адпраўлены ў Раду Еўрапейскага звязу. Каб нагадаць еўрапейскім палітыкам, што ніхто, у тым ліку Еўразвяз, не мае права пазбаўляць людзей працы і заработнай платы», – заявіў ён.

А як насамрэч?

Між тым генеральны дырэктар «Горадняэнерга» Віктар Жук 29 студзеня правёў планёрку, на якой адчытаў падначаленых, бо ў прадпрыемствах энергетыкі дрэнна падпісваюць ліст праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў супраць санкцый ЕЗ. Запіс выступу публікуе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Віктар Жук адзначае, што ад яго патрабуюць, каб ліст падпісалі мінімум 50% супрацоўнікаў. А на раніцу пятніцы, паводле яго, было так: у прамове ён назваў 3555 чалавек, з якіх толькі 627 падпісалі ліст. Гэта толькі 17,6%. У некаторых філіялах «Горадняэнерга» пагадзіліся падпісацца 1-3% людзей.

«Дажыліся! Ігнаруюць усё! Інфармацыю не падаюць, сыходзяць у бок. Я калісьці ўсім публічна казаў: на двух крэслах не ўсядзім, калі хтосьці яшчэ не зразумеў. Інфармацыя паступіць наверх, паступіць Міністру энергетыкі», – сказаў ён.

Аб’ектыў
Дзяржаўныя прафсаюзы vs санкцыі Еўразвязу
2021.01.28 22:34

Раней «Белсату» шмат паведамлялі чытачы аб прымусовым падпісанні дакументу. Нам пісалі, да прыкладу, з «Гефесту», беларускай чыгункі і нават з дзіцячых садкоў. А іх у санкцыйным спісе няма.

«Пра гэты прымус вядома. Вядома, чым пагражае людзям. Гэта тыя самыя кантракты, працягненне кантрактаў, прэміі, заробкі ды гэтак далей», – распавядаў нам прадстаўнік неафіцыйных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Аб прымусах падпісацца пад лістом цяпер збірае сведчанні Вольны прафсаюз супрацоўнікаў БДУ ды іншыя незалежныя прафесійныя звязы. Затым гэтую інфармацыю накіруюць у Сусветную федэрацыю прафсаюзаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў