3 ліпеня ў Менску: Мікалая Статкевіча затрымалі ля дома, міліцыя зладзіла хапун на акцыі

ВІДЭА

3 ліпеня «Белсат» зладзіў наўпроставую трансляцыю вайсковага параду ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасці і акцыі пратэсту Мікалая Статкевіча. У стрымах «Белсату» – рэальная атмасфера на вуліцах ды меркаванні мінакоў.

Акцыю вызвалення і салідарнасці сарвалі людзі ў цывільным

Акцыя вызвалення і салідарнасці, ініцыяваная Мікалаем Статкевічам, мусіла распачацца ля выхаду з метро «Парк Чалюскінцаў», але палітыка затрымалі аб 11:30, калі ён выходзіў з дому. Яго забралі ў Ленінскі РУУС.

У ягонага дому ад раніцы дзяжурылі міліцыянты, уся дарога застаўленая аўтамабілямі ДАІ, пад домам стаяў аўтобус для перавозкі затрыманых.

Мікалай Статкевіч быў не адзіным арганізатарам акцыі, таму яна мелася адбыцца і без яго. Аднак на плошчы каля метро людзей было мала, у асноўным сабраліся праваабаронцы і незалежныя назіральнікі, журналісты і людзі з навушнікамі. Назіральнікаў, якія не ўдзельнічалі ў акцыі, затрымалі людзе без апазнавальніх знакаў, пасадзілі іх у аўтобус і адвезлі ў РУУС. Дарогу перакрылі нарады ДАІ, быў і аўтазак.

Людзі ў цывільным без пасведчанняў жорстка затрымлівалі людзей і закідвалі ў аўтазак, не даючы сабрацца на акцыю. Схапілі таксама ўдзельніка акцыі Сяргея Спарыша з плакатам, які крычаў «Гітлер капут!» і «Смерць фашызму».

Пазней стала вядома, што ля дому затрымалі Вячаслава Сіўчыка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на акцыі таксама затрымалі Максіма Вінярскага, Андруся Крэчку, Анісію Казлюк, Таццяну Самнікаву, Ганну Саханкову, Алену Богдан, Юрыя Мецельскага, Андрэя Хрэнкова, Уладзіміра Невяржыцкага з Мазыра, Алеся Адамовіча, Ніну Багінскую, Яўгенія Грышко. Іх вязуць у Першамайскі РАУС.

Затрыманыя з аўтазаку крычалі «Ганьба!». Пасля хапуна, аўтазак і міліцыянты з’ехалі.

Паводле першапачатковага плану, удзельнікі збіраліся ўскласці кветкі да помніку савецкім жаўнерам па вул. Талбухіна, а пасля – да мемарыяльнага крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, які знаходзіцца ў самім парку Чалюскінцаў. Тэматыка акцыі – падтрыманне палітвязняў (у тым ліку фігурантаў справы прафсаюзаў) і пратэст супраць рэстарацыі ў Курапатах.

Парад пад праліўным дажджом прайшоў без танцаў і камбайнаў

У парадзе 3 ліпеня прынялі удзел каля 4000 вайскоўцаў ды больш за 260 адзінак тэхнікі. Сёлетняя асаблівасць – удзел жанчын, кадэтаў і кітайскіх вайскоўцаў, а таксама дэманстрацыя высокатэхналагічнага рабатызаванага комплексу.

Адзначылі Дзень Незалежнасці ў небе і на зямлі. Беларусы пабачылі не толькі вайсковы парад і святочны салют, але парад у паветры і тэатральнае шоу «Мой родны кут» на праспекце Машэрава. У пастаноўцы, галоўная тэма якой малая радзіма, задзейнічалі каля 2000 удзельнікаў. Сёлета пастаноўшчыкі шоу па-новаму абыгралі тэму дзяржаўнага сцяга. Студэнты і артысты з усіх рэгіёнаў краіны створаць 3D-эфект афіцыйнага сімвала. Танцаў і параду камбайнаў сёлета не ладзілі.

На парад прыйшло шмат сем’яў з дзецьмі. У цэнтры сабраліся людзі з рознымі поглядамі. Адныя прыйшлі паглядзець на тэхніку, іншыя хацелі адчуць настрой і падбадзёрыць сябе. Многія з апытаных намі не ведаюць, што раней Дзень Незалежнасці святкавалі 27 ліпеня.

«Робіцца ў нашай краіне так, як робіцца. Добра гэта ці кепска, але так ёсць. У нас не заўсёды святы адзначаюцца ў патрэбныя даты. А наконт расейскіх сцягоў скажу, што мы з мужам ім здзівіліся, але падумалі, што гэта праз тое, што прыязныя краіны», – кажа наведніца.

«Мы сябруем з Расеяй, і гэта нармальна, што расейскія сцягі на нашым парадзе», – мяркуе хлопец.

Мінакі ацанілі парад як «файны», «нармальны» і «нічога такі». Калі пачаўся дождж, людзі пачалі масава разыходзіцца. Частка засталася на паказальныя выступы ля галоўнай трыбуны.

Глядзі таксама
Каментары