3 ліпеня акцыі салідарнасці ў Беларуссю прайшлі ў Вільні, Жэневе ды Кракаве


3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі, у розных краінах Еўропы праходзяць акцыі салідарнасці з беларускімі прыхільнікамі дэмакратычных зменаў.

У Вільні перадалі зварот прэзідэнту Наўседзе

Акцыя салідарнасці з Беларуссю прайшла ў Вільні.
Фота: «Белсат»

У Вільні «Літоўская ліберальная моладзь» сумесна з прадстаўнікамі беларускай супольнасці ў Вільні, каля прэзідэнцкага палацу, правяла акцыю салідарнасці «За дэмакратычную Беларусь», каб падтрымаць грамадзянаў Беларусі «ў іх імкненні да пераменаў, да вольнай ды дэмакратычнай дзяржавы, якая будзе кіравацца вяршэнствам права і празрыстасцю, заснаванымі на міжнародных стандартах і павазе да праў чалавека і адказнасці перад сваімі грамадзянамі».

3 ліпеня Вільня выйшла на акцыю «За дэмакратычную Беларусь».
Фота: «Белсат»

Як паведамляе карэспандэнт «Белсату», на акцыі прысутнічалі каля 40 чалавек, сярод якіх былі чальцы Сейму Літвы, еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, прадстаўнікі ЕГУ, Віленскага беларускага клуба «Сябрына» і іншыя мясцовыя беларускія арганізацыі.

Акцыя прайшла каля прэзідэнцкага палацу.
Фота: «Белсат»

Беларуская дыяспара перадала літоўскаму прэзідэнту Гітанасу Наўседзе зварот з заклікам падтрымаць змаганне беларусаў за перамены да вольнай ды дэмакратычнай дзяржавы, а таксама яшчэ раз звярнуць увагу на праблемы звязаныя з Астравецкай АЭС. Пад зваротам падпісаліся ўсе ўдзельнікі акцыі.

Удзельнікі акцыі перадалі зварот прэзідэнту Літвы.
Фота: «Белсат»

Выступоўцы імкнуцца зараз рабіць акцыі не толькі каля беларускай амбасады, але таксама каля розных урадавых арганізацыяў і міжнародных інстытуцый, каб звярнуць увагу да міжнароднай салідарнасці. Падчас акцыі салідарнасці з’явілася ідэя зладзіць «Балтыйскі Шлях» і далучыць да ланцуга і Менск. Зрабіць працяг Вільня – Меднікі, Меднікі – Менск, каб паказаць еднасць, памкненні да дэмакратыі. Удзельнікі акцыі заклікаюць далучыцца да гэтай ініцыятывы.

Сярод удзельнікаў акцыі таксама былі літоўскія палітыкі.
Фота: «Белсат»

Жэнева салідарная з Беларуссю

У швейцарскай Жэневе таксама выйшлі, каб падтрымаць беларускіх пратэстоўцаў.

Салідарныя з Беларусамі выходзяць на акцыі ў Еўпопе. Фота з Жэневы ад гледачоў

Удзельнікі акцыі прынеслі з сабой бел-чырвона-белыя і швейцарскія сцягі.

Патрабаванні справядлівых выбараў у Беларусі гучаць у Жэневе. Фота ад гледачоў

У руках яны трымалі плакаты з патрабаваннем спыніць дыктатуру і рэпрэсіі ў Беларусі.

Акцыя салідарнасці 3 ліпеня 2020 года ў Жэневе. Фота ад гледачоў

А таксама прынеслі партрэты некаторых зняволеных.

Стоп палітычным рэпрэсіям, стоп дыктатуры ў Беларусі… Акцыя ў Жэневе. Фота ад гледачоў

Да Адама Міцкевіча

Акцыя ў Кракаве.
Фота: belsat.eu

Таксама 3 ліпеня акцыя прайшла і ў Польшчы – каля галоўнага рынку Кракава, каля помніку Адаму Міцкевічу.

Акцыя прайшла каля галоўнага рынку.
Фота: belsat.eu

Яе арганізатар – Беларускі дом у Варшаве – заклікаў выказаць «салідарнасць беларусам, якія не пабаяліся пайсці супраць рэжыму».

Удзельнікі акцыі патрабуюць свабоды.
Фота: belsat.eu

Удзельнікі акцыі таксама прынеслі барабаны, з дапамогай якіх агучвалі разнастайныя крычалкі, у тым ліку «Run, run, Таракан!».

Апроч таго, акцыі запланаваныя ў Нямеччыне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў