Тры хвіліны на агітацыю: кандыдатаў на мясцовых выбарах не пусцяць у жывы эфір


Патэнцыйным дэпутатам дазволяць прадставіць сваю праграму і распавесці пра сябе на дзяржаўных радыёстанцыях. Кожны атрымае не менш за тры хвіліны. Выступы будуць пускаць у запісе ад 22 студзеня да 12 лютага ад 18:00.

Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкаю на Цэнтрвыбаркам.

Адзін выступ будзе бясплатным.

Паводле загадчыцы аддзелу метадычнай працы ЦК Галіны Мкртычан, пры «пісьменным падыходзе» гэтага дастаткова, каб распавесці пра свае планы.

Кандыдаты ў дэпутаты менскага гарадскога савету змогуць выступіць у эфіры радыёстанцыі «Менск», кандыдаты ў дэпутаты Менскага абласнога савету – у эфіры «Менскай хвалі».

Лідзія Ярмошына адзначыла, што сама «ніколі не слухала гэтых радыёстанцый», але «агітацыя на іх бясплатная».

«І гэта, па сутнасці, адзінае бясплатнае, чым валодаюць нашыя дэпутаты мясцовых Саветаў», – дадала яна.

Глядзіце таксама:

Былы дэпутат Гомельскага гарадскога савету Андрэй Толчын у каментары«Белсату» распавёў, што выбары трэба выкарыстоўваць толькі для размоваў з людзьмі.

«На маю думку, выбараў няма. Ісці на іх можна толькі каб паўплываць на ўладу ў межах існай сітуацыі, – заяўляе Андрэй Толчын. – Калі, напрыклад, будзе прымацца новы закон аб дармаедах, [выбары можна выкарыстаць,] каб пайсці размаўляць з людзьмі».

Мясцовыя саветы – своеасаблівыя мініпарламенты ў мястэчках, гарадах і вобласцях, якія выбіраюцца на чатыры гады. У іхныя паўнамоцтвы ўваходзіць зацверджанне мясцовых бюджэтаў і падаткаў, а таксама распараджэнне камунальнай уласнасцю.

Мясцовыя выбары пройдуць 18 лютага 2018-га.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў