3-гадовая Віка лепіць з гліны, каб уратаваць сваю сяброўку


Кранальная гісторыя пра сапраўднае сяброўства, якое можа выратаваць жыццё.

Маленькія прыяцелькі Віка і Наста знаёмыя праз сваіх мам: паэтка Дыяна Балыка і Святлана Невяроўская сябруюць даўно. Калі дачка Святланы раптоўна захварэла, Дыяна прапанавала Віцы рабіць і прадаваць гліняныя фігуркі, а грошы перадаваць на лячэнне Насты.



Для амаль 3-гадовай Вікі ляпіць з гліны – справа не новая. Разам з мамай Дыянай яна наведвае гурток у майстэрні.

«Я ўражаная змаганнем сваёй сяброўкі за жыццё дачкі, – гаворыць Дыяна Балыка. – З абсалютна непублічнага чалавека яна пераўтварылася ў вельмі актыўную асобу: вядзе акаўнты ў сацыяльных сетках, штодзень дамаўляецца на сустрэчы з самымі рознымі людзьмі і ўстановамі».

Сяброўкі Віка і Наста

Дыяна згадвае гісторыю ўкраінскага хлопчыка Андрэйкі Семіліта, што з мамай сабраў на лячэнне ў Гомлі, робячы снегавікоў. Тады, дзякуючы ўвазе беларускіх і ўкраінскіх СМІ, сям’я Семіліт атрымала значную дапамогу ад людзей з некалькіх краінаў. «Для мяне важна таксама, што мая дачка так вучыцца спачуваць і дапамагаць», – зазначае Дыяна Балыка.

Гліняныя анёлы, кубачкі, домікі, снегавікі, фігуркі жывёлаў – усё гэта можна купіць, заплаціўшы любую суму. Дзеля гэтага трэба звязацца мамай Вікі праз е-мэйл diana@dia-blo.net або акаўнт у «Фэйсбуку». Дзяўчынка гаворыць, што ёй не шкада расставацца са сваёй творчасцю, хоць шмат хто ахвяруе грошы проста так і адмаўляецца браць нешта ўзамен.

Агулам Дыяна і Віка сабралі 600 долараў і 100 еўраў для Насты.



Сябры вядомай сцэнарысткі і паэткі, сям’я Невяроўскіх, летась увосень даведаліся пра цяжкую хваробу дачкі Насты. Ноччу 3-гадовую дзяўчынку знянацку стала ванітаваць, пачаліся курчы. Дактары мелі намер лячыць Насту Невяроўскую ад энцэфаліту, аднак маці Святлана дамаглася больш грунтоўнага абследавання. Высоказлаякасная пухліна галаўнога мозга – такі дыягназ пачулі бацькі дзяўчынкі. Праз некалькі месяцаў пасля аперацыі і хіміятэрапіі здарыўся рэцыдыў.

Сям’я Невяроўскіх

Насце можа дапамагчы пратонная тэрапія, пад час якой на пухліну мэтаскіравана ўздзейнічае пучок пратонаў. На такое лячэнне Насту гатова прыняць клініка ў Германіі ўжо пасля 20 сакавіка. У Беларусі такой працэдуры не робяць. Кошт пытання – 135 850 еўраў. 85 000 ужо ўдалося сабраць.

Дапамагчы Насце Невяроўскай можна пра сайт chance.by, скарыстаўшыся любой зручнай опцыяй для ахвяравання.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў