Ліберальныя дэмакраты патрабуюць адстаўкі ўраду і памілавання палітвязняў


Адпаведную заяву прынялі Найвышэйшая рада і Цэнтральны камітэт ЛДПБ.

У дакуменце адзначаецца, што трэба спыніць здзек над народам і эканомікаю – урад мусіць сысці ў адстаўку, беларускі рубель неабходна тэрмінова дэвальваваць. “Каб умацаваць суверэнітэт дзяржавы і развівацца, нам неабходна сёлета перайсці на расейскі рубель. Іншага шляху няма”, – гаворыцца ў заяве.

На меркаванне ЛДПБ, Беларусі даўно трэба было прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі: “Думаць трэба як саюзніку, ніяк інакш, калі казаць, што мы разам”.

Таксама варта памілаваць усіх удзельнікаў падзей 19 снежня.

“Трэба развіваць грамадзянскую супольнасць. Толькі правядзеннем парламенцкіх выбараў 2012 года паводле партыйных спісаў можа ўраўнаважыць сітуацыю ў краіне, у адваротным выпадку будзе горш, чым сёння”, – папярэджваюць ліберальныя дэмакраты.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі, між тым, лічыць, што заяву прынялі з кан’юнктурных меркаванняў. “ЛДПБ традыцыйна прэтэндуе на ролю так званай “канструктыўнай апазіцыі”. А паколькі апазіцыя павінна крытыкаваць уладу, то абралі вось такі бяспечны варыянт крытыкі”, – тлумачыць палітолаг.

Аляксандр Класкоўскі гаворыць, што ўрад у Беларусі заўсёды быў “хлопчыкам для біцця”, і штурхнуць яго лішні раз нагою – даволі бяспечна. Дый крытыкаваць міністраў цяпер ёсць за што, лічыць палітолаг: ніколі пасля выбараў гэтак рэзка не пагаршалася сацыяльна-эканамічнае становішча. Аляксандр Класкоўскі не выключае, што калі фінансавая сітуацыя крыху стабілізуецца, “галовы сапраўды паляцяць”.

Што тычыцца патрабавання памілавання палітзняволеных, то ў партыі выдатна ведаюць, што большасць беларусаў адмоўна ставяцца да цяперашніх рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня, гаворыць палітолаг. “Зноўку ж, мы бачым, што вырак некаторым з падсудных адклалі. Не выключна, што ўлада імкнецца манеўраваць, таму змякчае сітуацыю. Калі гэта адбудзецца, то ліберальная партыя зможа запісаць на свой лік дадатковыя балы, што будзе не лішнім перад парламенцкімі выбарамі 2012 года”, – тлумачыць Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў