Што будзе з валютаю ў панядзелак-аўторак?


У насельніцтва забяруць рублі, каб яно не змагло набываць валюту, мяркуе эканаміст Леанід Заіка.

Увечары 20 траўня прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што ў панядзелак-аўторак, 23–24 траўня, на валютным рынку адбудзецца стабілізацыя. Словы прагучалі падчас сустрэчы з журналістамі, фрагменты якой паказалі беларускія тэлеканалы. Кіраўнік ураду нагадаў, што Беларусь чакае крэдыт ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры $ 3 млрд.

“Плануецца, што напрыканцы траўня – на пачатку чэрвеня будуць прынятыя адпаведныя рашэнні, на падставе якіх будуць прынятыя адпаведныя вонкавыя запазычанні”, – сказаў Мясніковіч і дадаў: “Першы транш крэдыту ацэньваецца дзесьці ў $ 800 млн, дзесьці на пачатку восені будзе другі транш, крыху больш за $ 400 млн, у разліку на тое, што, у прынцыпе, на тры гады – $ 3 млрд”.

Прэм’ер-міністр падкрэслівае:”Я хачу, каб усе разумелі – гэта не тыя сродкі, якія могуць стабілізаваць стан справаў на валютным рынку. Для гэтага неабходныя сур’ёзныя ўласныя рашэнні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак”.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што “прымаць сур’ёзныя рашэнні трэба было ў лютым, калі непамерна вялікія дзяржаўныя выдаткі на заробкі, будоўлі і дзяржпраграмы трэба было скарачаць, каб не аказацца ў становішчы, якое цяпер маем”. Разам з тым, эксперт лічыць, што скарачэнне грашовай прапановы “азначае нішто іншае, а як мага большае скарачэнне наяўных рублёў у насельніцтва, для таго, каб яно проста не магло набываць валюту”.

Прэм’ер-міністр бачыць выхад на ўніфікаваны курс нацыянальнай валюты ў два этапы. “На першым этапе будуць прынятыя рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фармавацца на падставе попыту і прапановы, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль яшчэ прысутнічаюць”, – сказаў прэм’ер-міністр.

Паводле спадара Заікі, такія словы не вартыя прэм’ера: “Відавочна, што ў эканоміцы, якая нармальна працуе, кошт на што-кольвек утвараецца, зыходзячы з прапановы і попыту. Пра гэта вам скажа кожны студэнт, які не хоча атрымаць двойку на іспыце. А як можа ўтварацца нармальны курс на валюту, калі попыт значна перавышае прапанову праз дэфіцыт валюты ў краіне?” У такой сітуацыі, паводле суразмоўцы, атрыманы ў доларах крэдыт будзе вельмі дарэчы.

Чаму гэтым разам Расея не скарысталася сітуацыяй, каб навязаць свой рубель, выдаўшы крэдыт у сваёй валюце? “Расеі цяпер нявыгадна ўвядзенне расейскага рубля ў Беларусі. Размовы, якія вядуцца з 2005 г., так і застаюцца размовамі, бо ў Маскве разумеюць: калі даць Лукашэшку расейскі рубель, ён будзе марнатравіць яго хутчэй, чым крэдыты ў доларах”, – мяркуе Леанід Заіка.

Паводле прэм’ер-міністра, эканоміка працуе стабільна, таму ён не выключае, што “можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля”. І тут з прэм’ерам пагаджаецца Леанід Заіка: “Так, эканоміка працуе стабільна. Але варта казаць пра поўны правал эканамічнай палітыкі, бо калі рубель да долара падае амаль на 200 %, гэта азначае такую ж інфляцыю, і тое, што народ можа проста застацца без штаноў”.

На думку Леаніда Заікі, “было б добра, калі б урад зрабіў адпаведныя высновы і пачаў нарэшце праводзіць палітыку, падпарадкаваную эканамічным законам, якія працуюць па ўсім свеце і якія нельга парушаць. Але наўрад ці ўрад і Нацбанк здолеюць саскочыць з расейскай нафтавай і крэдытнай голкі”.

belsat.eu

Стужка навінаў