Уладзімір Някляеў: Улада адкажа за нашых жонак


“За тое, што народ душыцца зараз па соль, нібыта заўтра вайна, таксама давядзецца адказваць”, – заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта на прыступках суда Фрунзенскага раёну сталіцы пасля абвешчання яму выраку.

“Улада будзе адказваць за тое, што адбывалася не толькі з намі, але і з вамі, і з нашымі роднымі, з маёю жонкаю і з жонкаю кожнага, хто там сядзеў. З сёстрамі, братамі, дзецьмі. За прыніжэнне! За іх слёзы! – эмацыйна прамовіў Уладзімір Някляеў. – За тое, што яны не ведалі, жывыя іх родныя людзі ці не. За гэта таксама давядзецца адказваць. І мы не будзем адносіць гэта да таго моманту, пакуль спытае за гэта Бог. Перад чалавечым судом за гэта, і перш за ўсё за гэта, а пасля ўжо за эканоміку і за даведзенае да жабрацтва грамадства давядзецца гэтай уладзе адказваць. <….> За тое, што народ душыцца зараз па соль, нібыта заўтра вайна, таксама давядзецца адказваць”.

Ён таксама падзякаваў беларусам і міжнароднай супольнасці за салідарнасць. Калі б не яна, сказаў Някляеў, дык я не стаяў бы тут сёння перад вамі, а сядзеў бы ў амерыканцы. “І з дня ў дзень той жа самы следчы пытаўся, якой выведкі я шпіён…”

20 мая суд Фрунзенскага раёна Менску прыгаварыў былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выраку на два гады. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Някляеў, які з 29 студзеня знаходзіўся пад хатнім арыштам, быў вызвалены ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.

Палітык заявіў, што ягоная бліжэйшая задача – вызваліць палітвязняў “без гандлю з уладамі”.

belsat.eu

Стужка навінаў