Сведка на судзе: КДБ пагражала, што згвалтуюць


Сёння, 20 траўня, ідзе трэці дзень судовага працэсу над актывістамі анархісцкага, сацыяльнага, антыфашысцкага і антыядравага руху Ігарам Аліневічам, Максімам Веткіным, Мікалаем Дзядком, Яўгенам Сілівончыкам і Аляксандрам Францкевічам.

Іх вінавацяць у серыі нападаў на будынкі афіцыйных установаў ды іншых злачынствах. За гэта пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Нагадаем, што серыю злачынстваў аб’ядналі ў адну справу. Па ёй затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

19 траўня чацвёра сведак заявілі на працэсе, што супрацоўнікі КДБ прымушалі іх агаварыць абвінавачаных. Паводле Аляксея Жынгероўскага, які на той момант меў статус падазраванага, падчас следства яму пагражалі зняволеннем і праблемамі на вучобе. У выніку ён падпісаў хлуслівы пратакол, у якім агаварыў Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча.

Ксенія Каўко таксама пад ціскам КДБ падпісала пратакол, што атрымала ад Мікалая Дзядка балон з фарбаю, хоць на той момант яго не ведала. Ёй пагражалі зняволеннем і дапытвалі цягам цэлага дня.

Былы падазраваны Ігар Багачык распавёў, што супрацоўнікі КДБ і Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю прымушалі яго агаварыць Мікалая Дзядка, пагражалі сексуальным гвалтам, выклікалі на допыты бацькоў, пагражалі іх звольніць.

Ад Аляксандра Бугаёва, які ўтрымліваўся пад вартаю 9 дзён, патрабавалі агаварыць Ігара Аліневіча.

Ігару Аліневічу спачатку інкрымінавалі напад на амбасаду Расеі (жнівень 2010 г.) і ўдзел у акцыі ля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь (верасень 2009 г.). Нядаўна стала вядома, што яго вінавацяць яшчэ ў серыі нападаў: на казіно «Шангры Ла» ў Менску (снежань 2009 г.), офіс банку «Масква–Менск» (травень 2010 г.) ды ізалятар на вул. Акрэсціна ў Менску (верасень 2010 г.).

Максіма Веткіна вінавацяць унападзе на расейскую амбасаду і аддзяленне «Беларусбанку» ў Менску (вясна 2010 г.).

Мікалаю Дзядку спачатку выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў акцыі ля Генштабу. Пасля далучылі напады на казіно «Шангры Ла» і будынак Федэрацыі прафсаюзаў (апошні – красавік 2010 г.).

Яўгена Сілівончыка вінавацяць у нападзе на апорны пункт міліцыі ў Салігорску.

Аляксандра Францкевіча спачатку вінавацілі ў тым, што ён здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. Пазней інкрымінавалі здзяйсненне гэтага нападу, а таксама ўдзел ў акцыі ля Генштабу, напад на будынак Федэрацыі прафсаюзаў і ўзлом сайту Наваполацкага гарвыканкаму.

belsat.eu

Стужка навінаў