Прапагандыстам не вераць


Рэдактараў дзяржаўных медыяў адправілі ў беларускі вёскі, каб яны правялі ідэалагічныя размовы. Такое заданне даў ім віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік на планавай сустрэчы з рэдактарамі ў Горадні. На днях у Бярозаўскі раён завітаў галоўны рэдактар газеты «Знамя юности» Яўген Мялешка, заснавальнік выдання – БРСМ. На сустрэчы забавязалі прысутнічаць усіх працаўнікоў з кіроўнымі пасадамі, а таксама шараговых працаўнікоў. Сваё выступленне, паводле прысутных, рэдактар Яўген Мялешка пачаў са справаздачы пра поспехі беларускай эканомікі за апошнюю пяцігодку. Плаўна ён перайшоў да пяцігодкі новай і пачаў казаць пра будучыя абяцаныя заробкі памерам 1000 долараў. На гэтых словах калгаснікі перасталі яго слухаць і пачалі задаваць свае пытанні. «Па якім курсе вы налічылі гэту тысячу? Адкуль вы возьмеце столькі грошай? А што мы купім на гэтыя грошы, усё даражэе штодня», – такія пытанні найперш цікавілі жыхароў аграгарадку.

Рэдактар папрасіў прысутных супакоіцца і адзначыў: «Беларусь цяпер мусіць прайсці шэраг выпрабаванняў, але галоўнае ў гэтым – не панікаваць. Мы мусім верыць нашаму прэзідэнту – хутка стабільнасць настане зноў». Стрымаць абурэнне супрацоўнікаў не змог нават старшыня калгасу. Сустрэча скончылася тым, што людзі запатрабавалі, каб нагі рэдактара не было ў іхняй вёсцы. Старшыня калгасу папрасіў прабачэння ў Яўгена Мялешкі і ад імя калектыву паспрабаваў падзякаваць за выступленне.

Паводле адной з супрацоўніц, людзі дагэтуль абмяркоўваюць прыезд рэдактара газеты «Знамя юности». «Абураюцца нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, – кажа жанчына. – Кошты ў нашай краме ды тое, што людзям перасталі выдаваць крэдыты – найлепшы паказнік стану эканомікі Беларусі. Мы ўсё гэта бачым і адчуваем. Нас цяпер ужо не падмануць».

belsat.eu

Стужка навінаў