Ірына Халіп так і не змагла ўбачыцца з мужам


Нягледзячы на дазвол суда на сустрэчу з Андрэем Саннікавым, Ірына проста не змагла даведацца, дзе ён утрымліваецца.

«Ад мяне два дні ўтойвалі інфармацыю, дзе знаходзіцца мой муж, – паведаміла яна. – Хачу заўважыць, што ў адрозненне ад іншых палітзняволеных Андрэй Саннікаў не меў магчымасці ўсе гэтыя пяць месяцаў перапісвацца з уласнай жонкай. Спачатку я, як і ён, была ў СІЗА КДБ, а паміж камерамі перапіска забароненая. А потым я ўтрымлівалася пад хатнім арыштам, і ў мяне была поўная забарона на напісанне і адпраўленне лістоў».

Учора журналістка нарэшце атрымала магчымасць сустрэцца з мужам, аднак пасля паўтарагадзіннага чакання ёй паведамілі, што Саннікава ў СІЗА КДБ няма. Не знайшлі яго і ў менскім СІЗА № 1, і ў СІЗА г. Жодзіна.

«Калі я заявіла, што муж знік, і журналісты пачалі атакаваць КДБ, дзяжурны ім адказаў: Саннікаў па-ранейшаму ў СІЗА КДБ, яго нікуды не пераводзілі. На пытанне, чаму ж сваякам паведамілі, што яго там няма, быў адказ: работнікі СІЗА не падпарадкоўваюцца самому КДБ, і таму пытанні да іх. І яшчэ – мы можам падаць скаргу на імя начальніка ізалятару. Мы яе напісалі, нам ветліва адказалі, што адказ мы атрымаем праз 30 дзён», – кажа журналістка.

Раніцай 19 траўня Ірына Халіп другі раз паспрабавала атрымаць сустрэчу з мужам, аднак у следчым ізалятары КДБ, зноў жа пасля паўтарагадзіннага чакання, ёй сказалі, што Саннікава адправілі ў СІЗА на вул. Валадарскага. Час быў страчаны, і сустрэцца з ім не ўдалося. Дазвол на сустрэчу дзее толькі тры дні, давялося ехаць у суд і афармляць новы. «Калі я не траплю да яго заўтра, – кажа Халіп, – то не траплю зусім – далей ідуць выхадныя дні, і разам з імі заканчваецца чарговы тэрмін дзеяння дазволу. Не ведаю, што чакае мяне заўтра, але а 8.00 я буду стаяць пад дзвярыма СІЗА № 1 Менску».

Былога кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоная жонка Ірына Халіп атрымала два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам два гады.

Belsat.eu

Стужка навінаў