У Менску перастануць руйнаваць старыя дамы


Прычына – няма грошай на кампенсацыю жыхарам.

Менгарвыканкам перагледзеў свой план рэканструкцыі гораду. Паводле рашэння старшыні выканкаму Мікалая Ладуцькі, скароціцца колькасць дамоў, якія зруйнуюць. «Мы будзем прыбіраць толькі тыя дамы, якія перашкаджаюць будаўніцтву новых дарогаў і метрапалітэну», – дадаў ён.

Значыць, іншых старых будынкаў, якія, паводле ацэнкі менскіх чыноўнікаў, «псуюць агульны выгляд гораду», пакуль кранаць не будуць. А такой забудовы шмат. Паводле ранейшага плану, мусілі разбурыць цэлыя кварталы ў раёнах Грушаўка, Сцяпянка і па вул. Чыгуначная.

У цяперашніх умовах менскія ўлады вырашылі, што знішчаць такія дамы эканамічна нявыгадна. «З бюджэту гораду выдзяляюцца сродкі не толькі на знос дому, але і на кампенсацыю для былых гаспадароў, – распавядае старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Фёдар Жураўлёў. – І часта бывае, што ў адным доме жылі дзве, а то і тры сям’і. І яны патрабуюць асобнае жытло для кожнай. Менавіта таму такую рэканструкцыю гораду вырашылі пакуль прыпыніць».

Цікава, што паўзу чыноўнікі ўзялі на 10 гадоў.

Гэтая сітуацыя адаб’ецца на забудоўніках, якія мелі планы на новую тэрыторыю. «У Менску фактычна не засталося пляцовак у межах гораду – усё забудавана, – распавядае гендырэктар «Інвест-сістэм» Іван Пяровіч. – Менавіта таму знос старых кварталаў – гэта плошча для новага жытла, на яе разлічвалі не толькі забудоўнікі, але і людзі, якія стаяць у чэргах на паляпшэнне жыллёвых умоваў».

На меркаванне эксперта, менскія ўлады сваё рашэнне зменяць раней, бо выстаўленне зямлі для будаўніцтва жытла заўсёды прыносіла вялікі прыбытак гарадскому бюджэту.

belsat.eu

Стужка навінаў