Для прадаўцоў і пакупнікоў аўта стварылі ідэальныя ўмовы


Калі не браць пад увагу тое, што з 1 ліпеня мыта на аўта вырасце больш як у 4 разы.

Кіраўнікі мытных службаў дзяржаваў – чальцоў Мытнага саюзу падпісалі пратакол па выніках абмеркавання шэрагу пытанняў на працоўнай сустрэчы.

Пытанне пра змену ставак мытаў на аўты ў межах Мытнага звязу кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандр Шпілеўскі пакінуў без дакладнага адказу, аднак ён зазначыў, што сёння «ўмовы як для пакупнікоў, так і для прадаўцоў стварылі ідэальныя».

Паводле чыноўніка, беларускі бок перадаў Федэральнай мытнай службе Расеі (ФМС) «базы электронных звестак на ўсе машыны, набытыя ў Беларусі з 1998 года да 1 студзеня 2010 года». Апрача таго, ад фізічных асобаў «не патрабуецца ніякіх даведак, стаяння ў чэргах і дадатковых дакументаў».

«Любы грамадзянін Беларусі і Расеі можа ўвайсці на сайт ДМК і праверыць, калі была набытая машына і наколькі бяспечна яе купляць», – падкрэсліў Шпілеўскі.

Кіраўнікі мытных службаў краінаў Мытнага саюзу заявілі, што стаўкі мытаў на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь «выраўноўваюцца» ў дачыненні аналагічных ставак, што дзеюць у Расеі.

Кіраўнік ФМС Расеі Андрэй Бяльянінаў растлумачыў, што рашэнне пра павелічэнне або змяншэнне гэтых ставак будзе прымацца на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі і Расеі.

«Мы максімальна спросцім гэтую працэдуру; цяжкасцяў, звязаных з афармленнем, для грамадзянаў Беларусі не будзе», – дадаў Бяльянінаў.

Belsat.eu

Стужка навінаў