Беларускія санаторыі падаражэюць


Расейцы думаюць, ці па кішэні ім будзе звыклы адпачынак.

Апошнія дзесяць гадоў амаль палову ўсіх летніх пуцёвак у тутэйшыя санаторыі набываюць расейцы. Для іх адпачынак на Нёмане быў значна таннейшы, чымся на Волзе. А для беларускіх санаторыяў – дадатковая выгада, бо кошты на адпачынак для замежнікаў вышэйшыя, чым для беларусаў. Але сёлетні рост коштаў можа негатыўна паўплываць на запатрабаванасць пуцёвак сярод тых жа расейцаў.

Летні адпачынак у санаторыях падаражэў невыпадкова. У агенцтве “Актам” тлумачаць, што прычына – сур’ёзнае падзенне беларускага рубля адносна валюты. “Мы сутыкнуліся з тым, што санаторыі робяць пераразлік нават для пуцёвак, набытых загадзя. Да таго ж на ліпень і жнівень большасць санаторыяў пакуль увогуле не кажуць, якія будуць кошты. Мінулыя гады мы мелі гэтую інфармацыю ўжо ў красавіку”, – распавядае менеджар Юлія Стрыжак.

У санаторыях кажуць, што гэтак яны страхуюць свае рызыкі. “Для нашай дзейнасці важная сезоннасць, – тлумачыць намеснік дырэктара санаторыю “Магістральны” Валерыя Шымко. – Лета – самы папулярны час для адпачынку, менавіта таму мы імкнемся менавіта ў гэты перыяд зарабіць як мага больш. Бо калі надыдзе “мёртвы сезон”, мы ўсё адно вымушаныя плаціць заробкі нашымі працаўнікам”.

Павышэнне коштаў пацвярджаюць і ва ўпраўленні санаторна-курортнага лячэння пра Міністэрстве спорту і турызму. “Летнія пуцёўкі падаражэюць прынамсі на 10–20 %. Гэта выклікана тым, што папярэдняе павышэнне было ажно ў канцы 2010 г. З таго часу змяніліся кошты і на харчаванне, і на паслугі, таму павышэнне апраўданае”, – паведамілі “Белсату”.

З іншага боку, калі замежнікі будуць купяць пуцёўкі на месцы, у Беларусі, а не замаўляць іх загадзя праз агенцтва, яны могуць яшчэ і выйграць. Бо прыедуць яны ў нашую краіну з валютаю, абменны курс якой вырас амаль утрая за апошні месяц.

belsat.eu

Стужка навінаў