Якія прадпрыемствы «пойдуць з малатка»?


“Умоваю атрымання крэдыту ад ЕўрАзЭС ёсць прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці на $ 3 млрд. І калі мы кажам пра 6 млрд, нам застаецца толькі здагадвацца, што там 3 мільярды – гэта даход ад прыватызацыі”, – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. Не выключана, што Лукашэнка пагадзіўся на такія ўмовы.

І заходніх і расейскіх інвестараў цікавяць выключна прыбытковыя буйныя прадпрыемствы: такія, як “БелАЗ”, “Горадня-Азот” і “Беларуськалій”, што маюць рынкі збыту за мяжою.

“Расейцам цікавыя прадпрыемствы, якія застаюцца “ля трубы” – тыя, што перапрацоўваюць расейскую сыравіну, а таксама прадпрыемствы, што даюць сыравіну для харчовай прамысловасці – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам малака”, – кажа Леанід Злотнікаў.

Хто стане новым гаспадаром гэтых гігантаў у выпадку прыватызацыі? “Кудрын заявіў, што Беларусь можа сама выбіраць, хто будзе інвестарам. Не ставіцца ўмовы – прынамсі, на словах, што беларусы абавязаныя прадаць прадпрыемствы менавіта расейскім уласнікам”, – падкрэслівае эканаміст.

Эксперт таксама заўважае, што неабавязкова 3 млрд крэдыту Беларусь атрымае менавіта сёлета. На думку Леаніда Злотнікава, больш верагодны сцэнар (таксама агучаны міністрам фінансаў Расеі), паводле якога краіна будзе цягам трох гадоў атрымліваць штогоду 1 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў