Абаронцы жывёлы звярнуліся у Генпракуратуру


“Пад град куляў трапілі і жывёліны, у якіх ёсць гаспадары. Параненых жывёлінаў дабівалі манціроўкамі. Дарослыя і дзеці крычалі і плакалі, камусьці выклікалі “хуткую”, – гэтак у лісце да ўладаў абаронцы жывёлы апісваюць адну з акцыяў знішчэння бадзяжных жывёлаў.

Паводле абаронцаў жывёлы, падобныя выпадкі ёсць рэгулярнымі ў Беларусі. Грамадскае аб’яднанне біёлагаў для абароны жывёлы “Абаронім жыццё” і грамадскае аб’яднанне абароны жывёлы “Заасвет” заклікаюць спыніць “беззаконне” ў практыцы адлову беспрытульных жывёлаў у рэгіёнах Беларусі.

Ліст з фактамі парушэнняў закону пры адлове жывёлы на мінулым тыдні накіравалі ў Саўмін, Камітэт дзяржкантролю, генеральнаму пракурору, у абласныя пракуратуры, у міністэрствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, а таксама ў аблвыканкамы і гарвыканкамы, пасольствы краінаў ЕЗ. Занепакоенасць з расправы над бадзяжнымі жывёламі абаронцам выказвалі шматлікія жыхары беларускіх гарадоў, паселішчаў і вёсак.

У лісце таксама паведамляецца, што ў жніўні 2010 г. у Баранавічах на вачах дарослых і дзяцей жывёлу забівалі на месцы з пнеўматычнай зброі ампуламі атруты – дытыліну – у беспасярэдняй блізкасці ад дзіцячай пляцоўкі. Усяго, паводле звестак баранавіцкай незалежнай газеты, за дзевяць месяцаў у горадзе застрэлілі і забілі на месцы (што ёсць парушэннем правілаў адлову) больш за 800 сабак і 300 катоў.

“Мы заяўляем: па ўсёй Беларусі ідзе татальнае (да 80 тысяч на год) знішчэнне бяздомных жывёлінаў варварскім спосабам. Мы заяўляем: гэта робіцца процізаконна, з парушэннем існых пастановаў дзяржаўных органаў, – падкрэсліваюць абаронцы жывёлы. – Мы заяўляем: жорсткасць да жывёлы ў Беларусі ператвораная ў норму і ўведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі; чыноўнікі не хочуць слухаць пра цывілізаваныя і эфектыўныя падыходы да развязання праблемы бяздомнай жывёлы”.

belsat.eu

Стужка навінаў