Ужо 967 палітвязняў. Белавуса і яшчэ 5 чалавек прызналі палітычнымі зняволенымі


Беларускія праваабаронцы працягваюць разглядаць крымінальныя справы на адпаведнасць адзначэнню «палітычны зняволены». Яны не заўсёды паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам.

Павел Белавус.
Фота: Belsat.eu

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў супольную заяву шасці праваабарончых установаў аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ шасці чалавек.

Самы вядомы са спісу – Павел Белавус, заснавальнік крамы «Symbal.by» і сузаснавальнік «Арт-сядзібы», адзін з арганізатараў святкавання Дня Волі ў 2020, 2019 і 2018 гадах. Белавуса затрымалі 15 лістапада, асудзілі на адміністратыўны арышт за «дробнае хуліганства», але не вызвалілі, а распачалі крымінальную справу за нібыта «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Абноўлена. Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», 19 лістапада Белавуса судзілі за тое, што ён зладзіў «несанкцыянаваную акцыю» тым, што ягоную татуіроўку з бел-чырвона-белым сцягам без санкцыі Менгарвыканкаму пабачылі міліцыянты Ленінскага РУУС Менску.

Інтэрв’ю
«Засталіся шматлікія пазыкі, а таксама чакаюць штрафы». Больш за 8 месяцаў улады ціснулі на Symbal.by
2021.03.11 14:09

Паводле той жа ч.1 арт.342 КК РБ у няволі прызнаныя цяпер палітвязнямі Мікалай Сяргеенка, Уладзімір Мельнік і Марына Неўдах. Таксама палітвязнямі прызнаныя Аляксандр Зялюткін, які ў няволі за «Масавыя беспарадкі» (ч.2 арт.293 КК РБ), і менскі бяздомнік Аляксандр Кутас, асуджаны за «Неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт.342-2 КК РБ). Кутас стаў першым асуджаным паводле такога артыкулу.

Hавiны
Чацвёрты арышт за любоў да «памідораў са смятанай», выманне кніг Хамайды… Рэпрэсіі 27 снежня
2021.12.27 17:40

Праваабаронцы па-ранейшаму сцвярджаюць, што выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў, не прызнаных міжнароднай супольнасцю дэмакратычнымі і справядлівымі. Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем гвалту, спецсродкаў і зброі.

Па-ранейшаму праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных (іх ужо 967), а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў