У асобных раёнах да 50 вакансіяў дактароў. Паглядзелі, дзе найбольш катастрафічная сітуацыя з медыкамі


Практычна ва ўсіх раёнах Беларусі медычныя ўстановы адчуваюць недахоп спецыялістаў. Дзесьці сітуацыя лепшая, дзесьці – горшая, аднак у некаторых проста катастрофа. Асабліва гэта датычыць раёнаў з колькасцю насельніцтва да 25 тысяч.

Мы прааналізавалі сайт дзяржаўнай службы занятасці і высветлілі, што за лістапад снежань у вялікай колькасці раённых медустановаў адбыўся рэзкі рост вакансіяў. Патрабуюцца пераважна дактары-спецыялісты, а таксама разнастайны медычны персанал.

Пратэст медыкаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з медыкамі 9-й больніцы сталіцы, якіх затрымалі 13 верасня на Маршы герояў. Іхныя калегі са шпіталю выйшлі з імёнамі рэпрэсаваных. Менск, Беларусь. 14 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Адзначым, што ў заходніх вобласцях – Гарадзенскай і Берасцейскай – сітуацыя з медыкамі найгоршая. Так, у Карэліцкай ЦРБ (Гарадзенская вобласць) мы знайшлі 50 вакансіяў. Сярод іх дзве – не звязаныя з медыцынай, астатнія медыкі і медычны персанал – гэта дактары-спецыялісты (21), фельчары (10), медсёстры (4) і іншыя. Для раёну з насельніцтвам амаль 20 тысяч жыхароў гэта дастаткова шмат. Цікава, што ўсе гэтыя вакансіі размешчаныя ў адзін дзень – 15 снежня.

Для параўнання звярнемся да статыстыкі. У 2020 годзе ў Карэліцкім раёне практыкавалі 57 дактароў і 199 сярэдніх медычных работнікаў (у разліку на 10 тыс. чалавек колькасць дактароў – 28,8, колькасць сярэдніх медычных работнікаў – 99,7). Такім чынам, у параўнанні з мінулым годам цяпер тут не хапае каля 38 % дактароў. Заробкі для іх тут на стаўку – ад 600 рублёў.

Даведка

Даведка. Сярэднія значэнні ў Гарадзенскай вобласці – 54,4 дактароў і 137,7 медработнікаў на 10 тысяч чалавек, у Беларусі – 46,1 і 134,1 адпаведна.

У Дзятлаўскай ЦРБ за снежань з’явілася 98 вакансіяў (насельніцтва раёну каля 25 тыс.). З іх дактары-спецыялісты – 32, медсёстры – 33, фельчары – 5 і іншыя. Усе гэтыя вакансіі размешчаныя 17 снежня. Плюс дзве вакансіі ў Дзятлаўскім райЦГЭ.

Зноўку глядзім статыстыку. У 2020 годзе ў Дзятлаўскім раёне працавалі 66 дактароў і 260 медычных работнікаў. Недахоп дактароў-спецыялістаў цяпер – каля 50 %. Заробак спецыяліста на стаўку – ад 760 рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 28 жніўня 2020 года. Дактары хуткай дапамогі каля РУУС Кастрычніцкага раёну Менску.
Фота: Белсат

За снежань у Ляхавіцкай ЦРБ (Берасцейская вобласць) з’явілася 81 вакансія. З іх 33 дактары, 23 медсястры, акушэркі і іншыя. Насельніцтва раёну 23 тыс. У 2020 годзе ў раёне працаваў 91 доктар і 336 медработнікаў. Недахоп дактароў складае прыблізна 36 %. Заробак на стаўку доктара – ад 480 рублёў.

Расонскай ЦРБ (Віцебская вобласць) патрэбныя 52 працаўнікі: дактары – 31, медсёстры – 13 і іншы персанал. Насельніцтва раёну – каля 9 тысяч.

У Глускім раёне Магілёўскай вобласці, дзе жывуць 13 тысяч чалавек, патрабуецца 27 медычных працаўнікоў, сярод якіх 9 дактароў, 14 медсясцёр. У 2020 годзе ў раёне працавалі 36 дактароў, недахоп цяпер – 25 %.

Ельская ЦРБ (Гомельская вобласць) шукае 22 спецыялісты: 10 дактароў, 6 медсясцёр, 3 фельчары і іншыя. У 2020 годзе ў Ельскім раёне працавалі 33 дактары, недахоп сёння – 30 %.

Яшчэ летась, каментуючы масавы адʼезд медычных спецыялістаў з Беларусі, Аляксандр Лукашэнка застрашваў іх словамі пра тое, што яны могуць не вяртацца назад.

Размова
Доктарка Лідзія Тарасенка: Масавы ад’езд медыкаў – таксама забастоўка
2020.10.27 08:35

СП belsat.eu

Стужка навінаў