Палітолаг Андрэй Суздальцаў: «Лукашэнка шукае сховішча – транзіт ідзе»


Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у эфіры студыі «Белсату» заявіў што транзіт улады ў Беларусі насамрэч ужо ідзе. Бо тое, што Лукашэнка заняўся пераўтварэннем Канстытуцыі, – і ёсць транзіт. «Лукашэнка шукае сховішча», – заявіў Суздальцаў, каментуючы вынікі сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным 29 снежня ў Санкт-Пецярбурзе.

«Давайце разумець правільна: тое, што Лукашэнка заняўся канстытуцыйным пераўладкаваннем – гэта і ёсць транзіт. Калі б ён выйграў бы выбары з 81%, то навошта б яму патрэбна было гэта рабіць, гэтыя крыўлянні цэлы год. Ён іх не выйграў. Таму і гэтая мітусня. Ён шукае варыянты застацца, легітымізавацца… Але гэта недзеяздольная Канстытуцыя, яна не зможа працаваць. Лукашэнка шукае сховішча, то бок транзіт ідзе», – сказаў Андрэй Суздальцаў.

Аналітыка
Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце
2021.12.28 17:00

Суздальцаў не згадзіўся з меркаваннем палітолага Валерыя Карбалевіча, які лічыць, што, напэўна, Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Пецярбурзе згадзіўся падтрымаць канстытуцыйную рэформу ў Беларусі, каб Лукашэнка заставаўся на пасадзе як мінімум да 2025 году. Бо, маўляў, Лукашэнка патрэбны Пуціну ў супрацьстаянні Захаду.

На думку Андрэя Суздальцава, каб гэта было так, то Лукашэнку б далі ў Маскве грошы. Але грошы ён не атрымаў.

«Больш за тое, першасны запыт быў – 3,5 млрд долараў. Але не было нават пра гэта гаворкі. Масква патлумачыла, што і так дапамагае Беларусі… Усё. Грошай няма. Гэта першае.

А другое – у супрацьстаянні з Захадам Лукашэнка бескарысны. Ён не саюзнік… Яго выступы пра размяшчэнні ядравай зброі – усе выдатна разумеюць, што гэта немагчыма. Насамрэч Расеі патрэбны дыялог. І яна настойвае на перамовах з Захадам зараз. Ёсць нават кантрольная дата – 14 студзеня», – кажа Андрэй Суздальцаў.

Hавiны
Перамовы Пуціна з Лукашэнкам завяршыліся. Пра што дамовіліся?
2021.12.29 18:54

Палітолаг не выключае, што Лукашэнка можа стаць у перамовах Расеі з Захадам разменнай манетай.

«Ён гэтага вельмі баяўся, калі была першая сустрэча з кіраўніком цяперашняй адміністрацыі ЗША Байдэнам 16 чэрвеня ў Жэневе. Ён сапраўды баяўся, што яго выкарыстаюць пры разліках. І такі варыянт нельга выключаць», – мяркуе Суздальцаў.

Эксперт заўважае, што на сённяшні дзень Расеі наагул няма за што дапамагаць Лукашэнку. Таму з Санкт-Пецярбургу той паляцеў з пустымі рукамі.

Цалкам размову з палітолагамі Валерыем Карбалевічам і Андрэем Суздальцавым глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў