Эдуарду Бабарыку выставілі абвінавачванні ў «распальванні варожасці» і «арганізацыі масавых беспарадкаў»


Сына і кіраўніка штабу папулярнага «кандыдата ў кандыдаты» незаконна трымалі ў няволі больш за 18 месяцаў пад папярэднім следствам за «ўхіленне ад падаткаў». Цяпер выставілі палітычнае абвінавачанне.

Эдуард Бабарыка. Фота TUT.by

Эдуарду Бабарыку сапраўды выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 130 КК РБ («Распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 293 КК РБ («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), піша канал штабу Віктара Бабарыкі. Паводле гэтых абвінавачанняў яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Ягонага бацьку, выбарчым штабам якога кіраваў Эдуард, улетку асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі.

Віктара і Эдуарда Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, калі яны збіраліся здаваць чарговую частку з 425 тысяч подпісаў за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Бацька і сын зніклі, а пазней знайшліся ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў, да іх не пускалі адвакатаў. 21 чэрвеня Эдуарду выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ («Ухіленне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры»), незаконна трымалі пад следствам больш як 18 месяцаў. Эдуард, як і Віктар Бабарыка, прызнаны палітычным зняволеным. Цяперашні статус гэтага абвінавачвання невядомы – яго маглі і не зняць, выставіўшы палітычныя артыкулы.

Да выбараў-2020 Эдуард Бабарыка кіраваў краўдфандынгавымі платформамі «Ulej» і «MolaMola». У няволі Эдуард займаецца ёгай, чытае, вучыцца маляваць; папрасіў перадаць яму кнігі па шахматах.

Напісаць яму можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

Артыкулы
«Ён не шкадуе пра свой выбар». Аляксандра Зверава – пра год без Эдуарда Бабарыкі
2021.06.18 13:49

АА belsat.eu

Стужка навінаў