Беларусь – на другім месцы паводле колькасці дамоваў з Расеяй. У крэдытах, нафце і газе – чэмпіён


Казахстан крыху абагнаў Беларусь паводле агульнай колькасці дамоваў за кошт космасу – на тэрыторыі Казахстану касмадром «Байканур», які арандуе Расея.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расеі. 1 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Расейскі Цэнтр перспектыўных кіраўнічых рашэнняў падлічыў міжнародныя дамовы Расеі за 30 гадоў існавання сучаснай Расейскай Федэрацыі.

Найбольш Расея дамаўлялася з Казахстанам – налічылі 248 дамоваў, з якіх найбольш тычацца вайсковай супрацы і космасу (24 і 23 адпаведна).

Другое месца дзеляць Беларусь і Украіна з 231 дамовай, за імі Арменія і Кітай са 161 дамовай. Злучаныя Штаты на 9-м месцы з 82 дамовамі, а першая еўрапейская краіна, якая не ўваходзіла ў Савецкі саюз, на 16-м месцы – Францыя з 70 дамовамі.

Беларусь – абсалютны лідар паводле колькасці дамоваў аб крэдытах. Іх за 30 гадоў было аж 24 (за 2021 год у Расеі пазычылі яшчэ $ 857,1 млн, аддалі $ 638,8 млн, чарговы крэдыт Беларусь у Расеі можа прасіць проста сёння). На другім месцы паводле колькасці крэдытных дамоваў з Расеяй – Куба з 11 дамовамі.

Таксама Беларусь – лідар у яшчэ шэрагу тыпаў дамоваў:

  • Пра нафту і газ. Іх за 30 гадоў было 17. Казахстан на другім месцы з 15 дамовамі.
  • Пра «асновы дачыненняў». Такіх дамоваў 7. На другім месцы Балгарыя і Румынія з 4 дамовамі.
  • Пра мытную супрацу. Іх было 10, на другім месцы ЗША з 4 дамовамі.

У колькасці дамоваў з Расеяй аб вайсковай супрацы Беларусь толькі на 5-м месцы пасля Арменіі, Казахстану, Таджыкістану і Кыргызстану. У вайскова-тэхнічнай супрацы – на другім месцы пасля Узбекістану. У гандлі і эканамічнай супрацы Расея найбольш дамаўлялася з Эфіопіяй.

Стужка навінаў