Спецыяльнае вядзенне супраць Ціханоўскай і Латушкі хутка паступіць у суд


Суды ў хуткім часе атрымаюць на разгляд крымінальныя справы супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара, піша БелТА.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка размаўляюць з журналістамі ў Беларускім доме ў Варшаве. 5 ліпеня 2022 года. Фото: Жора Ройтбард / Белсат

Крымінальную справу супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі неўзабаве адправяць у суд. Адвакаты, якіх прызначылі да справаў, знаёмяцца з матэрыяламі.

«Дакладзена аб крымінальных справах, якія ўжо перададзеныя Следчым камітэтам у пракуратуру для скіравання ў суд. Цяпер адвакаты, прызначаныя ў крымінальных справах, знаёмяцца з матэрыяламі справы ў дачыненні Ціханоўскай, Латушкі ды іншых прадстаўнікоў… Не буду нават называць гэтай арганізацыі… Якія ўявілі сябе кіраўніцтвам нашай краіны. Гэтая справа таксама бліжэйшым часам будзе скіраваная», – заявіў старшыня СК Дзмітрый Гара.

Старшыня СК таксама заявіў, што чвэрць усіх крымінальных справаў, якія завялі за «экстрэмізм», ужо адпраўленыя ў суды.

«Спецыяльнае вядзенне», як тлумачыць СК, – гэта вытворчасць у крымінальнай справе адносна абвінавачванага, які застаецца за межамі Беларусі і «ўхіляецца ад яўкі» да следчых. Такое вядзенне, а таксама завочныя суды стала можна ладзіць пасля зменаў у законы, якія 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Адметна, што прадстаўнік СК мусіць узгадняць з Лукашэнкам пазіцыю і адносна іншых крымінальных справаў у парадку спецыяльнага вядзення.

«Узгодненая пазіцыя адносна скіравання ў суд у парадку спецыяльнай вытворчасці і крымінальных справаў не экстрэмісцкай скіраванасці, а ў дачыненні асобаў, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы, нанеслі вялізную шкоду і грамадзянам, і дзяржаўным арганізацыям. І ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць скампенсаваць гэтую шкоду. У гэтым кірунку таксама будзем працаваць», – заявіў старшыня Следчага камітэту.

Крымінальныя справы павінен разглядаць менавіта суд, але старшыня СК дэманструе парушэнне заканадаўства Лукашэнкам, які ўмешваецца ў справы і можа перашкаджаць бесстаронняму разгляду справаў суддзямі.

Hавiны
На Ціханоўскую, Латушку, Кавалькову і іншых распачалі завочнае «спецыяльнае вядзенне». Што гэта?
2022.10.21 13:39

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў