«Беларускае кіно сёння – спроба перажыць нашыя траўмы». Вольга Чайкоўская – пра фестываль «Паўночнае ззянне»


Завяршаецца VIII фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне». 30 лістапада – апошні дзень праграмы. Сёлета фестываль упершыню выйшаў у офлайн пасля пандэміі і паслявыбарчых падзеяў, але адбылося гэта не ў Беларусі, а ў Эстоніі і Літве. На паказы фільмаў збіраліся поўныя залы. «Белсат» пагутарыў з заснавальніцаю, арганізатаркаю фестывалю, рэжысёркаю і прадзюсаркаю Воляй Чайкоўскай пра асаблівасці сёлетняй праграмы, цяжкасці і выклікі, поспехі і адкрыцці. 

Заснавальніца, арганізатарка фестывалю «Паўночнае ззянне», рэжысёрка і прадзюсарка Воля Чайкоўская.
Фота: Лідзія Шульга

«Раней паказвалі паўночнаеўрапейскае кіно ў Беларусі, цяпер – беларускае кіно ў паўночнаеўрапейскіх краінах»

– Воля, распавядзіце, калі ласка, чым сёлетні фестываль «Паўночнае ззянне» быў незвычайным, не такім, як раней? У якой атмасферы ён праходзіў?

– З 2020 года мы праходзілі толькі онлайн (упершыню фестываль прайшоў у Менску ў 2015 годзе – рэд.). Сёлета мы нарэшце вышлі ў офлайнавую прастору. Але, на жаль, мы не змаглі зрабіць гэта ў Беларусі. Выбралі Таллін і Вільню, бо тут цяпер шмат беларусаў.

Першапачаткова «Паўночнае ззянне» быў фестывалем паўночнаеўрапейскага і балтыйскага кіно. Беларускія стужкі мы паказвалі кропкава, як правіла, гэта былі фільмы, якія я сама спрадзюсавала.

У 2020 годзе ў нас упершыню з’явіліся паўнавартасная беларуская праграма і беларускі конкурс. Мы зрабілі іх, бо разумелі, што на фоне таго, што адбываецца, у фестывалю мусіць быць беларускі пункт погляду. Мы адчулі ў гэтым сваю місію – рабіць нешта ў тым ліку для беларускага кіно. Сёлета мы пашырылі беларускі кампанент, і атрымаўся люстэркавы прынцып – раней мы паказвалі паўночнаеўрапейскае кіно ў Беларусі, а цяпер – беларускае кіно ў паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінах.

Анонс
Кінафэст «Паўночнае ззянне»-2022 пачаўся: што трэба ведаць аб ім сёлета
2022.11.21 19:43

Яшчэ сёлета ў нас праходзіла спецыяльная праграма, прысвечаная ўкраінска-нардычна-балтыйскім фільмам «Ukraine mon amour» – паказвалі стужкі копрадукцыі Украіны і паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў. Гэта наш знак салідарнасці з Украінай.

Дыскусія «Як удома» у Талліне пра выклікі эміграцыі і будавання кінакам’юніці ў выгнанні, арганізаваная разам з кінафестывалем «Цёмныя ночы». VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

«У кінатэатрах у Талліне і Вільні ў нас былі фулхаўсы»

– Ці выклікаў фестываль зацікаўленасць у эстонскага, літоўскага кам’юніці, іншых краінаў? І наколькі атрымаўся запатрабаваным сярод непасрэдна беларусаў?

– Так, мы пабачылі вялікую цікаўнасць ад эстонцаў і літоўцаў, было шмат міжнародных гасцей. Хоць большасць гледачоў усё ж склалі беларусы. Але гэта я таксама лічу поспехам на фоне агульнай стомленасці ад пратэснай тэмы, таго, што адбываецца ў свеце. Цяпер увогуле не так проста натхніць людзей некуды пайсці. А ў нас атрымалася і ў Вільні, і ў Талліне сабраць вельмі шмат беларусаў.

Мы мелі больш за дзве тысячы рэгістрацыяў на онлайн-прагляд фільмаў. У нас былі фулхаўсы ў кінатэатрах у Вільні ў і Талліне.

Сёлета мы наладзілі супрацоўніцтва з эстонскім кінафестывалем «Цёмныя ночы». Гэта ўнікальны для нас досвед. Пры падтрымцы гэтага фестывалю ў Талліне прайшла офлайн-дыскусія «Як удома», прысвечаная выклікам эміграцыі і пабудове кіна-кам’юніці ў выгнанні. У ёй, сярод іншых, узялі ўдзел кінарэжысёр Андрэй Куціла, рэжысёрка Саша Кулак, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Дыскусія «Як удома» пра выклікі эміграцыі і будавання кінакам’юніці ў выгнанні, арганізаваная разам з эстонскім кінафестывалем «Цёмныя ночы». VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

Фестываль «Цёмныя ночы» у Талліне – гэта буйны фестываль класу А, як Каны, Берлін, Венецыя. Нам далі прастору пад асобную праграму, якую мы назвалі «Фільмы супраціву з Беларусі». У афішах «Цёмных начэй» нашыя паказы і панэльная дыскусія былі ўказаныя асобным пунктам. Такі маштаб у нас упершыню. І мы ў захапленні ад таго, што гэтая калабарацыя атрымалася.

Мы ладзілі інтэрв’ю, прэс-канферэнцыі з беларускімі рэжысёрамі, каб сярод эстонцаў быў розгалас пра тое, што мы робім, і каб эстонская аўдыторыя пачула пра беларускія пратэсты, беларускую сітуацыю з вуснаў беларускіх фільммэйкераў. Адна эстонская журналістка дзялілася са мной, што ў эстонскіх медыях разумеюць, наколькі важная тэма Беларусі. Эстонія – маленькая краіна, якая перажыла шмат розных падзеяў, ім таксама даводзілася змагацца за сваю незалежнасць, мову. Таму яны нас вельмі добра разумеюць. Гэта бачна, што людзі тут хочуць ведаць больш пра Беларусь і Украіну.

Меркаванні
Замежны рэжысёр даў выспятка беларускім?
2022.11.27 09:00

«Мы запусцілі данаты, каб і далей мець магчымасць рабіць фестываль»

– Воля, наколькі проста было арганізаваць беларускі кінафестываль за мяжой? З якімі выклікамі давялося сутыкнуцца?

– Арганізаваць кінафестываль – гэта заўсёды няпроста, у любой сітуацыі і краіне. Гэта цяжкая камандная праца. Патрэбна шмат камунікацыяў, кантактаў, розных калабарацыяў. Наш сёлетні маштаб стаў вынікам гадоў папярэдняга досведу. Адразу мы не змаглі б зрабіць такі фестываль, з такім узроўнем калабарацыі. За тым, што ў нас атрымалася сёлета, стаіць вялізная колькасць набітых гузакоў, няўдачаў, але таксама поспехаў.

VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

Падчас фестывалю розныя цяжкасці і выклікі ўзнікалі пастаянна, і нам даводзілася займацца крызісным менеджментам, каб іх вырашаць. Складанасці стварае свет, у якім нам усім сёння даводзіцца жыць. Напрыклад, у рамках украінскай праграмы ў нас мусіла праходзіць дыскусія з рэжысёркаю фільму «Звонку» Вольгай Журбой і Сымонам Лерэнгам Вільмонтам – дацкім рэжысёрам фільму «Дом з аскепкаў». Але Вольга напісала, што не зможа выйсці ў онлайн і прымаць удзел у дыскусіі, бо ва Украіне блэкаўт. І такія неспадзяваныя сітуацыі трэба на хаду выпраўляць, арыентавацца. Публіка не бачыць таго, што стаіць за праграмай – гэтай пастаяннай працы, гнуткасці. Але гэта руціна кожнага фестывалю.

Таксама вялікая цяжкасць – фандрайзінг, бо я мушу аплочваць працу каманды. Кожны год даводзіцца змагацца за фінансаванне. Таму сёлета мы запусцілі сістэму данатаў. Мы не раз чулі, што людзі ўдзячныя за нашую працу, таму мы наважыліся папрасіць аб падтрымцы, каб і далей рабіць наш фестываль. Даведацца, як нам дапамагчы, можна па спасылцы.

«Кінафестываль – гэта не толькі пра кіно, але і пра людзей»

Паказ фільму Сашы Кулак «Мара» у Талліне, 25 лістапада 2022 года, VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

– Сёлета фестываль меў багатую праграму івэнтаў. Распавядзіце, калі ласка, пра іх, чаму яны былі прысвечаныя?

– Так, сапраўды, у нас сёлета было шмат офлайн-дыскусіяў, у тым ліку сумесна з фестывалем «Цёмныя ночы» у Талліне, пра што я ўжо казала.

З іншых… Мы паказвалі фільм «Прэзідэнт» і была гутарка з яго рэжысёркаю Камілай Нільсан пра тое, як здымаць у небяспечных умовах, у краіне з дыктатурай, дзе на кожны крок патрэбны дазвол, а на вуліцах дзеецца гвалт. Фільм «Прэзідэнт» быў зняты ў Зімбабве. Гэта краіна, якая нібыта выйшла з дыктатуры, правяла дэмакратычныя выбары і запісала ў канстытуцыі, што ў іх ёсць свабода слова, а адначасова працягвае вельмі жорсткую цэнзуру, то бок рэальнасць супярэчыць канстытуцыі.

Меркаванні
Каму цікава беларуская тэма ў кінематографе?
2022.11.21 20:30

Таксама ў нас была дыскусія «Ніндзя, які разбівае стэрэатыпы» па матывах нарвежскага фільму «Дзіцёнак Ніндзя» рэжысёркі Інгвіль Свэ Фліке на тэму абортаў, мацярынства, выбару жанчыны. Гэта фільм на сур’ёзную тэму, але ў жанры камедыі. Размову з рэжысёркаю і акторкай мадэраваў артыстычны дырэктар таллінскага тэатру «Vaba Lava» Харальд Томпсан Розэнстром (гэты тэатр ставіў п’есу Мікалая Халезіна «Памылка 403» у 2021 годзе). Гэтая дыскусія мяне пераканала, што кінафестываль – гэта пра кіно, але таксама пра людзей, без якіх ён быў бы немагчымым – без гэтай магіі чалавечых сувязяў, камунікацыі.

Воля Чайкоўская і рэжысёр Андрэй Куціла на паказе фільму Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць», 24 лістапада, Таллін. VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

Таксама была дыскусія «Гукавы свет сляпога» па матывах фільму «Чалавек, які не хацеў глядзець «Тытанік». Гэта шведская стужка пра чалавека, які губляе зрок. Знятая яна з кропкі гледжання галоўнага героая – рэжысёр хацеў перадаць абмежаваныя зрокавыя магчымасці персанажа, таму візуальны шэраг бедны, але гукавы адыгрывае вельмі вялікую ролю, бо галоўны сродак, праз які чалавек успрымае свет, калі губляе зрок, гэта слых. Там вельмі моцна папрацавалі гукарэжысёры. Агучку рабілі фінскі і дацкі майстры гукавога дызайну – велічыні сусветнага маштабу. Мадэраваў сустрэчу беларускі гукарэжысёр Дзмітрый Наталевіч.

Усе дыскусіі ў нас застаюцца на ютуб-канале і іх можна праглядзець.

«Галоўнае адкрыццё – усе дыктатуры працуюць паводле адных і тых жа схемаў»

– Якая сёлета асноўная тэматыка фільмаў з беларускай праграмы? Пратэсты?

– У беларускай праграме ў нас сёлета 11 фільмаў. Асноўныя тэматыкі – пратэсты, эміграцыя, пераезды, пошук месца, сум па сям’і, па радзіме, сваіх кам’юніці, горадзе, пераадоленне гэтай тугі, траўмы страты. Мы цяпер усе жывем у гэтым посттраўматычным стрэсе, і беларускае кіно сёння – гэта спроба перажыць, асэнсаваць, пераадолець нашыя траўмы.

Напрыклад, фільм «Дапаможнік» Паўла Мажара – пра тое, як АМАП захоплівае і катуе пратэстоўцаў. Гэта дакументальны фільм, у якім узноўленыя рэальныя падзеі. Гэты фільм паказвае, што ўсе дыктатуры працуюць паводле адной і той жа схемы.

Увогуле, гэты апошні тэзіс стаў адным з маіх самых неверагодных адкрыццяў на фестывалі. Калі я размаўляла з Камілай Нільсан – рэжысёркаю фільму «Прэзідэнт», яна казала – уяўляеце сабе, у Зімбабве ты можаш пайсці ў турму проста за твіт, а падчас пратэстаў рэжым адключыў інтэрнэт на тры дні. Разумееце маю рэакцыю, калі я гэта слухала? Я ёй казала – я вельмі добра ўяўляю сабе гэта, і гэта не навіна для мяне. Аднак усё роўна не перастае здзіўляць, што ўсе дыктатуры працуюць паводле адных і тых жа лякалаў, што выкарыстоўваюцца адны і тыя ж схемы. І з іх трэба выходзіць, з імі трэба змагацца.

Аналітыка
«Больш за палову фільму было гатова». Як вайна ва Украіне змяніла планы беларускіх фільммейкераў
2022.09.24 08:40

Аднак былі фільмы і зусім не палітычныя. Напрыклад, анімацыйная стужка «Shirey Mara» Наты Карнеевай. Яна абсалютна не пра пратэсты ці рэвалюцыі – там асабістая жыццёвая гісторыя, драма.

Ці фільм Максіма Сірага «Domum» пра асабістае падарожжа беларускага драг-квін у пошуках ідэнтычнасці. Ці «Дзіма» Дзімы Дзядка – брутальная паэма пра галоўнага героя Дзіму, які задаецца пытаннем, ці сумленна ён вядзе сваё жыццё і ці сваё ўвогуле.

На паказе фільму «Shirey Mara» Наты Карнеевай у Вільні, 22-23 лістапада 2022 года. VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Anton Turkou

Не пра сённяшнія падзеі таксама фільм Уладзіміра Казлова «Лета 1989». Гэта бадай адзіная гульнявая стужка ў нашай праграме. У падставе сюжэту – гісторыя тынэйджэраў, якія жывуць сваё апошняе лета перад пачаткам дарослага жыцця. Таксама там накладаецца эпоха – БССР, 1989 год.

«Складанасці трэба ператвараць у новыя магчымасці»

– Сёння калі не ўсе, то большасць творцаў незалежнага беларускага кіно, вымушаныя знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Эміграцыя для іх – гэта страта ці шанец? Ці ўвогуле можна рабіць беларускае кіно за мяжой?

– Я б не баялася, што эміграцыя стане стратай. Творчыя людзі заўсёды знаходзяць шляхі, каб здымаць кіно.

Беларускае кіно знаходзілася ў жудасным стане задоўга да рэвалюцыі. Грошы на добрае кіно ўнутры Беларусі атрымаць было немагчыма і раней. Прадзюсаванне ў Беларусі – адна з драмаў маёй асабістай кар’еры. Там вельмі цяжка было развівацца. Таму сітуацыя пераадолення для нас абсалютна не новая. Мы насамрэч былі гатовыя да таго, што адбываецца цяпер.

Дыскусія «Як удома» у Талліне пра выклікі эміграцыі і будавання кінакам’юніці ў выгнанні, арганізаваная разам з кінафестывалем «Цёмныя ночы». VIII фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

Нашая галоўная задача ў абставінах, у якіх мы апынуліся – заставацца салідарнымі, дзяліцца інфармацыяй пра розныя магчымасці.

Я па жыцці аптымістка, нягледзячы ні на што, і лічу, што трэба ператвараць складанасці ў новыя магчымасці. Гэта заўжды быў мой дэвіз падчас працы над «Паўночным ззяннем» і ўвогуле па жыцці. Складанасці, выклікі – гэта вельмі драматычна, няпроста, але з іх трэба ісці наперад. У тым ліку беларускаму кіно. Трэба проста рабіць сваю справу.

– Якім бы вы хацелі бачыць фестываль «Паўночнае ззянне» у наступныя гады?

– Калі казаць з пункту гледжання мары, афірмацыі, то максімальна вядомым, каб нас паказвалі ў розных гарадах, каб шмат людзей пра нас ведалі. Мы вельмі хацелі б рабіць зофлайн-паказы ў Варшаве. У нас шмат планаў, кірункаў, хочам пашырацца, быць яшчэ лепшымі, а адначасова вучыцца кожны дзень, каб заставацца цікавымі для гледачоў.

«Нам трэба выходзіць з беларускага пузыра»

Воля Чайкоўская падчас VIII фестывалю кіно паўночнаеўрапейскіх і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне».
Фота: Diana Olesyuk

– Ці хацелі б вы вярнуць фестываль у Беларусь ці ўсё ж шанец рабіць яго за мяжой і выходзіць на міжнародную супольнасць дае больш магчымасцяў для развіцця?

– Адназначна, я б хацела мець магчымасць паказваць фестываль у Беларусі. Але цяпер гэта немагчыма, і я не лічу, што трэба сядзець і сумаваць з гэтай нагоды, бо так ты становішся ў пазіцыю ахвяры, губляеш энергію, моц. Я не бачу ў гэтым сэнсу. Сэнс ёсць у тым, каб працаваць з тым, што мы маем на дадзены момант, у той прамежак часу, у якім мы цяпер знаходзімся.

Выхад на міжнародную аўдыторыю заўжды быў маёй марай. Увогуле я лічу, што нам трэба выходзіць з беларускага пузыра і гаварыць пра сябе, сваё кіно, сітуацыю на міжнародную аўдыторыю. Так мы будзем атрымліваць фідбэк ад людзей, якія не знаходзяцца ў беларускім кантэксце. Гэта вельмі каштоўна, бо яны могуць ці задаць нейкае нечаканае пытанне, ці заўважыць нешта, што нас выведзе на нейкую новую думку, укажа новы шлях. Вельмі важна камунікаваць з міжнароднай аўдыторыяй. Бо гэта сіла, падтрымка.

Складанасці, абмежаваныя ўмовы, у якіх мы цяпер знаходзімся, штурхаюць на такія крокі, як сёлета – паказы ў еўрапейскіх гарадах, калабарацыі з еўрапейскімі кінафестывалямі. Гэта ўсё рашэнні, прынятыя толькі таму, што мы знаходзімся ў крызісе, але яны даюць новае бачанне, новы подых. Я ўпэўнена, любы крызіс – гэта кропка росту.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў