«Улада – хмурынка над тым, чым ёсць беларуская нацыя». Уладзімір Някляеў прэзентуе раман пра смерць Купалы


Новую кнігу «Гэй бэн гіном» немагчыма было выдаць у Беларусі з палітычных прычынаў, таму яна выйшла ў Польшчы пры падтрыманні фонду Kamunikat.org. Пісьменнік выправіўся ў тур ад Кракава да Вільні, каб прэзентаваць беларускай дыяспары свой твор. У Тэатры мініяцюраў у Гданьску на прэзентацыю 28 лістапада прыйшлі каля сотні чытачоў.

Уладзімір Някляеў. Крыніца: Kamunikat / Facebook

Кніга распавядае пра жыццё і таямнічую смерць Янкі Купалы – паэт упаў у лесвічны пралёт у гатэлі «Масква». Але гэта не дакументальнае расследаванне, а фантасмагарычны раман, у якім паэта ўваскрашаюць у сакрэтнай лабараторыі, ён сустракаецца з магчымымі забойцамі і вядзе філасофскія размовы са Сталіным, Гітлерам ды Ісусам Хрыстом.

«Усе думалі, што я напішу пра тое, хто і як забіў Купалу. Я і збіраўся спачатку гэтак напісаць. Але потым зразумеў, што тады я разбуру галоўнае, што ёсць у ягоным лёсе: таямніцу сыходу. У рамане, праўда, ёсць некалькі версіяў ягонай смерці, і адна з іх, як я перакананы, рэальная. Але калі нехта з вас угадае, якая, я не прызнаюся», – інтрыгуе Уладзімір Някляеў.

Назва твору «Гэй бэн гіном» перакладаецца з іўрыту як «Геенна вогненная», а папросту – пекла. Праз прыжыццёвае пекла – пераслед, турмы, ГУЛАГ і ўрэшце Курапаты – праходзяць героі раману. Твор пісаўся з 2016 да 2020 года, яшчэ да найноўшых драматычных падзеяў, але, паводле Някляева, нечакана зрабіўся актуальным, бо сёння праз пекла страху і рэпрэсіяў ізноў праходзяць тысячы беларусаў.

«Калі я пісаў раман, мы разам з Купалам нібыта яшчэ не ляцелі ў той лесвічны пралёт. А цяпер ужо ляцім, і спыніцца ў гэтым палёце мы можам толькі нашымі агульнымі нацыянальнымі высілкамі, я ў гэтым перакананы. Улада – гэта толькі хмурынка над тым, чым ёсць беларуская нацыя. Цяпер улада святкуе перамогу, толькі я не магу зразумець, над кім. Але гэта скончыцца, бо ў жніўні 2020 года мы атрымалі вельмі моцны энергетычны запал, цяпер ён проста прытушаны чалавечымі траўмамі і трагедыямі. Наш народ быў і не ў такіх цяжкіх умовах, і мы выжылі. І будзе жыць Беларусь, тая Беларусь, пра якую марыў Купала», – лічыць пісьменнік.

Уладзімір Някляеў на прэзентацыі новага рамана «Гэй Бэн Гіном» у Гданьску, Польшча. 28 лістапада 2021 года. Крыніца: Kamunikat / Facebook

Пра што ўсё-такі раман? Аўтар тлумачыць, што сэнс яго заключаецца ў першым сказе:

«Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць».

Перад Купалам увесь час паўставаў няпросты выбар: ісці па жыцці сваёй дарогай або той, па якой яго вядуць. Пра гэтую ж дылему разважае іншы герой раману – малады паэт Віктар Маргер, у вобразе якога можна пазнаць аўтабіяграфічныя рысы.

«Маё пакаленне ўвесь час некуды вялі: у сацыялізм, у камунізм, потым у сацыялізм з чалавечым тварам, – распавядае Някляеў. – Не здраджваць сабе, супрацьстаяць абставінам, пражываць не чужы, а свой лёс – гэта няпроста для кожнага чалавека».

Раман, у якім пераплятаюцца 1920-я і 1960-я гады, метафізіка і рэальнасць, паэзія і проза, Уладзімір Някляеў называе сваім найлепшым творам. Ён прызнаецца, што сёння, бадай, не здолеў бы яго закончыць:

«Нядаўна я палічыў, што больш як 30 блізкіх мне людзей цяпер за кратамі. Я засынаю і прачынаюся з думкай пра іх. Як тут можна пісаць, калі ў сэрцы не сціхае боль?».

Уладзімір Някляеў на прэзентацыі новага рамана «Гэй Бэн Гіном» у Гданьску, Польшча. 28 лістапада 2021 года. Крыніца: Kamunikat / Facebook

У найбліжэйшы час Уладзімір Някляеў разам з музыкам Змітром Вайцюшкевічам прэзентуе раман жыхарам Варшавы, Лодзі, Беластоку, Бельску-Падляскага і Вільні.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў