«Навіна пра статус палітвязняў дадала сіл – гэта ганарова». Сужэнцы, якіх судзілі 9 разоў – пра Акрэсціна і волю


Менчукі Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева правялі на Акрэсціна 3,5 месяцы за перасылку адзін аднаму ў тэлеграме навінаў з каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі. 5 лістапада сужэнцаў судзілі дзявяты раз. Сяргей настройваўся, што на волю яны выйдуць толькі ў лютым. Аднак іх з Настай нечакана адпусцілі ў дзень апошняга суду. Цягам двух дзён менчукі з’ехалі з Беларусі. Цяпер наладжваюць новае жыццё ў Варшаве, адкуль і распавялі нам сваю гісторыю.

Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева.
Фота: Белсат

Пагражалі турмой ад 5 да 7 гадоў

Сяргею – 26 гадоў, Насце – 27. Яны разам восем гадоў, два гады таму ажаніліся (другую гадавіну шлюбу адзначылі ў жніўні на Акрэсціна). Сяргей – IT-спецыяліст, Наста працавала настаўніцай у адной з менскіх гімназіяў.

Ні Сяргей, ні Наста не думалі, што іх увогуле могуць за нешта арыштаваць, а тым больш так доўга трымаць за кратамі. Палітыкай сужэнцы хоць і цікавіліся, аднак актыўна ні ў чым не ўдзельнічалі.

– Гэта быў звычайны працоўны дзень. Раптам я ўбачыў ад жонкі паведамленне, што ёй тэлефанавалі супрацоўнікі ГУБАЗіК – яе і мяне запрасілі пад’ехаць да іх, пагутарыць, – прыгадвае дзень затрымання Сяргей. – Я праверыў тэлефон – аказалася, што яны і мне тэлефанавалі. Калі я прыйшоў, Наста ўжо недзе гадзіну была затрыманая. Мне сказалі, што ёй прад’явілі абвінавачванне па крымінальным артыкуле, па якім свеціць ад 5 да 7 гадоў, а я паеду па адміністратыўнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі.

Наста Крупеніч-Кандрацьева.
Фота: Белсат

Для Насты тэлефанаванне ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК таксама было нечаканым. Упэўненая ў сваёй невінаватасці, яна паехала да іх, дзе даведалася, што яе абвінавачваюць у нібыта зліве дадзеных ейнага вучня – сына супрацоўніка міліцыі, у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі».

– Прад’явілі мне, што я напісала ў чат-бот «Чорнай кнігі», што ведаю гэтага чалавека, што ягоны сын вучыўся ў мяне. Аднак ніякага зліву нейкіх дадзеных не было, – распавядае Наста. – Тым не менш, мне сталі пагражаць тэрмінам ад 5 да 7 гадоў. Запісалі са мной пакаяльнае відэа.

«Той міліцыянт хацеў, каб ягоны сын вучыўся па-беларуску»

Насту адвезлі дамоў на ператрус. У кватэры нічога не знайшлі. Падчас агляду тэлефонаў сужэнцаў там знайшлі рэпосты з тэлеграм-каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі.

– Сказалі: тое, што трэба, – прыгадвае Наста. – Мы з Сяргеем перасылалі адзін аднаму пасты з такіх каналаў як «Беларусь галаўнога мозгу», з каналу Матолькі. Там былі самыя бяскрыўдныя навіны – пра звальненне выкладчыка МДЛУ, што ў Маладзечне загарэлася электрычка. Ніякіх заклікаў ці нечага такога.

Артыкулы
Анастасія Крупеніч-Кандрацьева пра 111 содняў за кратамі: «Гэта была свайго роду помста»
2021.11.22 21:57

Наста кажа, што нікуды не высылала дадзеныя сына міліцыянта – проста, уражаная тым, што бацька ейнага вучня «засвяціўся» у справах Бабарыкі і Калеснікавай, напісала, што ведае яго і хлопчык у яе вучыцца.

– У мяне быў дысананс ад такой навіны. Бо гэты міліцыянт некалі нават хацеў, каб ягоны сын вучыўся на беларускай мове, – кажа Наста. – Мы з ім камунікавалі як настаўнік і бацька вучня. Нічога асаблівага я пра яго не ведаю. Пра палітыку не размаўлялі, увогуле я з бацькамі ніколі пра палітыку не размаўляю. Ніякай непрыязі ці канфліктаў у нас не было, як гэта спрабуюць выставіць у праўладных каналах.

Сяргей Крупеніч.
Фота: Белсат

За нібыта зліў дадзеных Насту, аднак, не судзілі. І на яе, і на Сяргея склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП РБ – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сяргею далі 13 содняў, Насце – 12. За содні да сканчэння тэрміну Сяргею прынеслі новы пратакол, Насце – за пару гадзінаў да вызвалення. І так паўтаралася яшчэ 8 разоў.

Мылі мылам чужыя шчоткі і чысцілі імі зубы

На Акрэсціна для «палітычных», як звычайна, былі створаныя «асаблівыя» умовы.

– А 6-й гадзіне раніцы – пад’ём. Потым сняданак, потым шмон, – распавядае Наста пра побыт у ізалятары. – Нас выводзілі з камераў, ставілі тварам да сцяны, а яны ў гэты час пераварочвалі на падлогу нашыя рэчы. Пасля шмону ў нас была такая «забава» – гадзіны дзве мы шукалі вошай. У нашай камеры былі і бялізнавыя, і педыкулёз. Паміж 12-й і 14-й гадзінамі гралі ў гульні. Потым абед, вячэра. А 20-й чарговы шмон і адбой. І так штодня.

Артыкулы
Мінімум 14 менчукоў утрымліваюцца на Акрэсціна на паўторных соднях
2021.11.18 10:34

Падчас апошняга тэрміну забралі ўсе цёплыя рэчы, частку зубных шчотак, пакінулі толькі 4 штукі на 12 чалавек – падкрэслівае Наста.

– Мы мылі мылам чужыя шчоткі і чысцілі зубы, іншага выбару не было. Нам не давалі туалетную паперу, у мяне забралі мыла, другія майткі, пракладкі, спрэй для носу, горла, вітаміны, – распавядае дзяўчына. – У дзвюхмясцовай камеры было 15 чалавек, у 4-хмясцовай я сядзела з яшчэ 17 жанчынамі.

У мужчынскай 4-хмясцовай камеры сядзелі ад 15 да 20 чалавек адначасова, кажа Сяргей. Таксама давялося карыстацца чужымі зубнымі шчоткамі.

Фота: Белсат

– У мяне спачатку ўвогуле не было ніякіх прадметаў гігіены, – прыгадвае мужчына. – Калі нехта вызваляўся, мы па чарзе «забівалі» іхныя шчоткі, мылі іх з мылам, і потым наноў выкарыстоўвалі. Калі сканчалася зубная паста, чысцілі зубы без яе і проста паласкалі рот вадой. Пальцам таксама чысціў зубы, калі шчоткі не было.

«Скаргі толькі горш вам зробяць»

Ні лісты, ні перадачы сужэнцам не перадавалі. На шпацыры пару разоў выводзілі ў ліпені ў самую спякоту. Душа ў Насты зусім не было, Сяргею пашчасціла адзін раз трапіць у душ пасля таго, як камера дамаглася, каб іх вывелі на так званую «пражарку».

– «Пражарка» – гэта калі вопратку кладуць у адмысловую духоўку, там яна пражарваецца, і тым самым высокімі тэмпературамі забіваюць вошай, – тлумачыць Сяргей.

– Зусім пазбавіцца ад вошай там было немагчыма, – дадае Наста. – Бо ты толькі выведзеш іх, як у камеру прыводзяць новую бамжыху. Як правіла, гэта была знакамітая Ала Ільінішна, у якой уся галава была ў вошах. Яна з Вольгай Хіжынкавай сядзела, яе ўвогуле да ўсіх палітычных падсаджвалі. Ад вошай спачатку ў мяне быў шок, а потым гэта стала руцінай.

– Такія ўмовы нам тлумачылі тым, што нібыта нехта выйшаў і напісаў скаргу, і, маўляў, калі яны думаюць, што гэтыя скаргі на нешта паўплываюць, але яны толькі горш вам зробяць, – кажа Наста.

Каб заняць час, што ў мужчынскай, што ў жаночай камерах гулялі ў гульні.

Сяргей і Наста сустракаюцца з сяброўкай, якая жыве ў Варшаве.
Фота: Белсат

– Мы гралі ў «Мафію», гарады, «Ёсць кантакт» – знакамітую гульню на Акрэсціна, – распавядае Наста.

– Мы, акрамя гульняў, распавядалі адзін аднаму цікавыя рэчы – хто што ведае са сваёй прафесіі ці хобі, – дадае Сяргей. – З намі сядзеў хлопец, які гуляў у «Што? Дзе? Калі?», ён пра ўсё мог цікава распавесці, але ў асноўным гэта была гісторыя. Пра гісторыю Аўстраліі, Новай Зеландыі мог распавесці. Быў мужчына, які любіць вандраваць і вядзе свой блог – таксама шмат цікавага распавядаў. Увогуле, шмат цікавых людзей было – і футбольныя фанаты, і дырэктары фірмаў.

«Самае жахлівае – няведанне, калі выйдзеш адтуль»

Наста таксама кажа, што аддушынай там былі людзі:

– Я недзе тры дні сядзела з Ірынай Слаўнікавай, у верасні з намі была яшчэ адна журналістка. У жніўня сядзелі разам з мамай Сяргея – «Хлопотное дельце».

Артыкулы
«І вось там, пад сталом і лаўкай, спала Слаўнікава». Сведчанні былой зняволенай камеры № 15
2021.11.22 18:04

Наста кажа, што цяжэй за ўсё было ў пачатку – «на 1-3 пратаколах».

– А потым ужо не заставалася нічога акрамя як прыняць гэта, – кажа дзяўчына. – І ўсё – мы сядзелі. Дні ішлі за днямі. Было маральна цяжка. Асабліва не бачыць мужа, хоць нас раздзяляла там літаральна пару метраў, аднак я не магла яго абняць, не ведала ўвогуле, што з ім. Найбольш жахлівым было, што ты не ведаеш, калі ты выйдзеш. Ты не ведаеш канечнай кропкі. Ты ўвесь час у такім падвешаным стане.

Сяргей таксама зазначае, што самым цяжкім для яго было разуменне, што жонка знаходзіцца ў такіх жа жудасных умовах.

– Калі б я адзін сядзеў, мне б маральна было б нашмат лягчэй, – кажа мужчына. – На 8-9 пратаколах я ўжо маральна падрыхтаваўся выходзіць недзе ў лютым, таму 9 пратакол я спакойна прыняў.

Фота: Белсат

Наста кажа, што цяпер, ужо на волі, цяжка ўсвядоміць, што яны сапраўды прайшлі праз усё гэта.

– Калі ты там – ты нібыта прызвычайваешся, але калі цяпер пасля выхаду я чытаю пра тое, што там адбывалася ў той жа 15-й камеры, гэта выклікае шок, і ты не разумееш, як ты мог там сядзець, як там людзі вытрымліваюць. Адчуванне, нібыта гэта не з намі было.

Пасля Акрэсціна наноў прывыкалі жыць звычайным жыццём

Вызваленне для сужэнцаў стала нечаканасцю. Абодвум нічога не тлумачылі – проста сказалі: з рэчамі на выхад.

– Мы не маглі паверыць, што мы зноў разам і за сценамі Акрэсціна, што па вуліцах проста ходзяць людзі, ездзяць машыны, жыццё ідзе, – узгадвае Наста. – Вельмі востра адчулі, як мы выпалі з жыцця на 3,5 месяцы. Мы прывыкалі жыць наноў. Бо там мы жылі па пэўных правілах, і тут звычайнае жыццё здаецца табе нечым дзіўным.

Артыкулы
Мужа і жонку, якіх дзевяць разоў судзілі за рэпосты, адпусцілі на волю. Яны з’ехалі з Беларусі
2021.11.10 14:34

Сужэнцы адразу вырашылі з’язджаць.

– Бо невыносна жыць у пастаянным страху, стрэсе, тым больш, калі над табой вісяць яшчэ 15 содняў, як мінімум, невядома, што ў іх у галаве, – тлумачыць Наста, што падштурхнула да ад’езду.

Ужо на волі Наста даведалася, што іх з мужам прызналі палітвязнямі. Кажа, што вельмі здзівілася, але адначасова такое прызнанне вельмі падбадзёрвае. Сяргею адвакатка распавяла пра статус палітзняволенага яшчэ на 8-м пратаколе.

– Яна сказала, што нам пішуць лісты, намі цікавяцца, за нас перажываюць, што мы – палітвязні, – распавядае мужчына. – Гэтая навіна прыдала сіл, бо гэта вельмі ганарова.

«Ніякага супрацоўніцтва мы не падпісвалі»

Сужэнцы спачатку з’ехалі ва Украіну, а цяпер знаходзяцца ў Польшчы, дзе і збіраюцца ўладкоўваць далейшае жыццё. Сяргей пойдзе працаваць, Наста хоча вучыцца ў паліцэальнай школе, але па якім кірунку – пакуль не ведае. Але найперш дзяўчына плануе заняцца сваім здароўем, на якое адчувальна паўплываў час, праведзены на Акрэсціна. На Сяргею так сур’ёзна арышт не адбіўся, хоць мужчына схудней на 11 кілаграмаў.

Таксама сужэнцы хочуць ангажавацца ў дапамогу беларусам, якія прыязджаюць у Польшчу.

Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева з сабакамі сваей сяброўкі, якая таксама жыве ў Варшаве.
Фота: Белсат

– Мы вельмі ўдзячныя нашым сябрам, якія таксама прайшлі праз Акрэсціна, і цяпер нам тут дапамагаюць, а асабліва камандзе «BySol» – без іх нічога б не атрымалася б, – кажа Наста. – Мы адчувалі гэтую падтрымку за сценамі Акрэсціна, калі людзі казалі, што пра нас пішуць, перажываюць. Гэта давала моцны дух і падымала настрой, тады ты разумеў, што ўсё не дарма. Нам дагэтуль пішуць зусім чужыя людзі, прапаноўваюць дапамогу. Таму і мы хацелі б дапамагаць.

Пасля вызвалення Насты і Сяргея праўладныя тэлеграм-каналы напісалі, што вызвалілі іх не проста так, а ўзамен на супрацоўніцтва. Сужэнцы гэта абвяргаюць.

– Гэта чарговая хлусня, – кажа Наста. – Мы абсалютна нічога не падпісвалі, ніякага супрацоўніцтва.

Гісторыі
«Вошы? Вас у камеры шмат, самі душыце іх». Ян Салановіч – пра 86 дзён на Акрэсціна
2021.02.23 07:15

Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева – «рэкардсмены» па соднях па адміністратыўнай справе. Яны адседзелі 112 содняў, а суд даў ім 127 і 126 содняў адпаведна. Да гэтага найбольш перазатрыманняў было ў студэнта БДУіР Яна Салановіча. Яму прысудзілі 114 содняў, аднак гэтак жа нечакана адпусцілі на 86 содні, пасля чаго хлопец таксама адразу з’ехаў з Беларусі.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў