«Даведаўся забаўна». У Расеі пачалі крымінальную справу супраць палітыка Максіма Каца


Міністэрства ўнутраных справаў Расеі абвясціла ў вышук палітыка і блогера Максіма Каца. Пра гэта паведамляе «Медиазона» са спасылкай на базу звестак ведамства.

Максим Кац, российский политик, блогер, встреча, Варшава, Польшча
Максім Кац на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў прасторы «Media Port». Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле выдання, Максіма Каца шукаюць «паводле артыкулу КК», аднак паліцыя не ўдакладняе, паводле якога менавіта.

«Varlamov News» адзначае, што крымінальную справу распачалі за «фэйкі» пра расейскае войска.

Максім Кац паведаміў, што ўжо некалькі месяцаў ведае пра сваю крымінальную справу – артыкул 207.3 КК.

«Даведаўся пра яе забаўна – замовіў афіцыйную даведку аб адсутнасці судзімасці, там і было напісана», – адзначыў палітык.

У 2011 годзе Максіма Каца абралі дэпутатам муніцыпальнага сходу Шчукіна. Быў актыўным удзельнікам акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, уваходзіў у Каардынацыйную раду апазіцыі, супрацоўнічаў з Аляксеем Навальным. Разам з блогерам Іллём Варламавым Кац стварыў фонд «Гарадскія праекты», закліканы палепшыць гарадское асяроддзе ў Расеі.

На ягоны канал у YouTube падпісаныя больш як 1,5 млн асобаў. З пачатку пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе актыўна падтрымваў іх і беларускія дэмакратычныя сілы. Праўда, яго пасля крытыкавалі за тое, што ён рабіў ціск менавіта на мірныя пратэсты.

Пасля пачатку вайны супраць Украіны Кац з’ехаў з Расеі. У ліпені расейскі Мінюст уключыў яго ў рэестр фізічных асобаў – «замежных агентаў».

Рэпартаж
Максім Кац адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. Выбралі самае цікавае
2022.07.11 22:13

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў