Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: На месцы тых, хто з’ехаў, прыходзяць новыя лідары


Старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў сацыёлаг Генадзь Коршунаў сцвярджае, што гарызантальныя сувязі ў беларускім грамадстве, хоць і былі парушаныя рэпрэсіямі і хвалямі эміграцыі, працягваюць дзеяць у партызанскім фармаце. Больш за тое, на месца тых, хто мусіў пакінуць Беларусь, прыходзяць новыя ананімныя лідары. Пра гэта ён казаў 27 кастрычніка на даследча-экспертнай канферэнцыі «Узаемаразуменне дзеля дыялогу: польскае і беларускае грамадства ў 2020–2022 гадах».

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Фота: Генадзь Коршунаў / Facebook

«Хваля эміграцыі, што распачалася пасля 2020 года, была найбуйнейшая ў найноўшай гісторыі Беларусі. Але, як той казаў, усіх не выціснеш. І з нашых даследаванняў гарызантальных сувязяў бачна, што ёсць ратацыя ў ядрах суполак. На месцы тых, хто зʼехаў, прыходзяць новыя, ананімныя, лідары», – адзначае Генадзь Коршунаў.

«Толькі адзін метад: малатком па галаве»

На падставе вынікаў даследаванняў эксперт вылучае тры сацыяльныя групы, адкуль прыходзяць новыя лідары. Гэта людзі сталага веку, жыхары невялікіх населеных пунктаў і працаўнікі бюджэтнай сферы. Але працуюць яны ў партызанскім фармаце, цалкам ананімна, заўважае сацыёлаг.

«Так, назіраецца ратацыя. Таму што, і я часта кажу пра гэта, дзяржава не робіць нічога для таго, каб не тое што залагодзіць, а проста стабілізаваць сітуацыю. Ужываецца толькі адзін метад: малатком па галаве. Дык з чаго тады людзям быць задаволенымі? Да таго ж, і эканоміка пакрысе ідзе ўніз», – зазначае Генадзь Коршунаў.

У сваім дакладзе навуковец вызначыў асноўныя трэнды сацыяльнай дынамікі ў Беларусі ў 2020–2022 гадах. Ён называе 2020 год «годам рэвалюцыі», 2021 – «годам контррэвалюцыі», 2022 – «годам вайны». Асноўныя трэнды цяперашняга года, паводле Коршунава, – гэта працяг супрацьстаяння рэжыму, «кансалідацыя без сцягу» (фармулёўка Вардамацкага) і «зніжэнне геапалітычнай нявызначанасці».

Чаму паляпшаецца стаўленне да Еўропы

Як заўважае даследчык, даміноўная раней у масавай свядомасці беларусаў «рамантычная ідэя нейтралітэту» і раўнаважных стасункаў з Усходам і Захадам губляе сваіх прыхільнікаў. Найбольш імкліва – пачынаючы з красавіка 2022 года. І хоць у адказах на «лабавыя пытанні» лідарам застаецца Расея, адначасова «адбываюцца цікавыя рэчы», а менавіта – паляпшэнне стаўлення да краінаў Захаду (Літва, Польшча, ЕЗ, нават ЗША). Са словаў сацыёлага, колькасць беларусаў, якія сімпатызуюць гэтым краінам, павялічылася за паўгода на 10 %.

Генадзь Коршунаў кажа пра «добрыя перспектывы таго, каб гэты геапалітычны вектар паступова стаў даміноўным у беларускім грамадстве».

«Гэта вынік таго, што пасля пачатку вайны беларусы пабачылі, што Еўропа не ўхіляецца ад супрацьстаяння і не падымае лапкі перад Расеяй, а моцна дапамагае Украіне. Вось гэта, я лічу, моцна паўплывае ў будучым на рост станоўчага стаўлення да Еўропы і на большы адыход ад Расеі», – патлумачыў Генадзь Коршунаў журналісту «Белсату» пасля свайго выступу.

«У які бок спрацуе план «Перамога» – невядома»

У кантэксце таго, што апошнім часам колькасць тых, хто прэтэндуе прадстаўляць беларускі народ на міжнароднай арэне, павялічылася, запыталіся ў сацыёлага пра беларускую «кансалідацыю без сцяга» (так назваў гуртаванне беларусаў вакол ідэі, а не вакол лідара, як гэта адбываецца ва Украіне і Расеі, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі).

«З тэарэтычнага пункту гледжання, «кансалідацыя без сцяга» – гэта выключэнне. Таму што класічны варыянт – гэта гуртаванне вакол лідара (Зяленскі, Пуцін). У нас гэтага няма. І тое, што назіраем цяпер, гэтыя намаганні зрабіць, так бы мовіць, выставу лідараў, каб было з чаго выбіраць, – гэта дзіўна. Але з іншага боку – даволі характэрна для беларусаў, якія маюць дзве дзяржаўныя мовы, тры алфавіты і г. д.», – кажа Генадзь Коршунаў.

«А чаму і не? Хай будзе так, паглядзім, хто і як сябе праявіць і ці здолее абʼяднаць вакол сябе», – дадае ён.

Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

На думку навукоўца, ні працяг рэпрэсіяў, ні прапаганда не здольныя хутка знішчыць ці змяніць каштоўнасці беларусаў, набытыя ў 2020 годзе, калі людзі «адчулі патрэбу ў сваёй субʼектнасці» і змянілі каштоўнасную сістэму. Да таго ж, каштоўнасці самарэалізацыі былі, кажа сацыёлаг, замацаваныя калектыўным траўматычным досведам, што не быў разбуральным і ўспрымаўся як «узмацненне агульнага і супольнага адчування моцы».

«Далей – пытанне часу. Колькі можна будзе трываць, незразумела. Ува што гэта выльецца – невядома. Таксама невядома, як і ў які бок спрацуе план «Перамога». Бо будзе шмат што залежаць ад тысячаў чыннікаў, пачынаючы з таго, як і куды будзе рухацца лінія фронту ва Украіне і г. д. Прадказаць вельмі цяжка. Але зразумела, што ўмомант каштоўнасныя змены ў адваротны бок не пойдуць», – кажа Генадзь Коршунаў.

Беларусы ўжо не пытаюцца: «А калі наступнае дно?»

У сваім выступе, гаворачы пра трэнды мінулага, 2021, года, Генадзь Коршунаў казаў пра «нармалізацыю крызісу» і «паўставанне, практычна, дзвюх Беларусяў», якія «вядуць паміж сабой неабвешчаную вайну». Спыталіся, ці крызіс канчаткова «нармалізаваўся» ў Беларусі 2022 года.

«Гэты трэнд захаваўся і цяпер. Таму што гэта так званая «новая нармальнасць», калі рэпрэсіі ўжо не выклікаюць бурных эмоцыяў, а беларусы ўжо не задаюць пытання «А калі наступнае дно?» Прыйшло разуменне, што ад гэтай улады можна чакаць чаго заўгодна, любыя вычварэнні, напрыклад забароны дзіцячай кніжкі.

Але калі я кажу пра нармальнасць – гэта ў статыстычным сэнсе, і тое не азначае, што гэта прымальныя рэчы. І мы бачым, што беларусы незадаволеныя гэтым станам», – адказаў Генадзь Коршунаў.

На першай панэлі канферэнцыі «Узаемаразуменне дзеля дыялогу: польскае і беларускае грамадствы ў 2020–2022 гадах» выступілі таксама прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, кіраўнік беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня, польскі сацыёлаг Рышард Радзік. Мадэраваў сустрэчу дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі.

Hавiны
«Chatham House»: 42 % беларусаў лічаць, што вайна ва Украіне не мае сэнсу
2022.09.09 19:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў