Беларускія Дзяды адзначаць шэсцем у Варшаве


У Варшаве 1 лістапада пройдуць мітынг, шэсце, канцэрт і малебен з нагоды восеньскіх Дзядоў. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін.

Афіша шэсця на Дзяды ў Варшаве 1 лістапада 2022 года. Facebook / dudkinyauheni

Мітынг і шэсце на Дзяды ў Варшаве пачнуцца 1 лістапада а 14:00 на плошчы Юзэфа Пілсудскага. Затым удзельнікі пройдуць шэсцем да помніку Адаму Міцкевічу і Замкавай плошчы.

Яўген Дудкін паведаміў, што шэсце пройдзе пад гукі беларускай дуды і бубнаў ад гурта «Lity taler». На Замкавай плошчы з патрыятычнаю праграмаю выступіць музычны гурт «23.34». А 16:00 у грэка-каталіцкай царкве на Мядовай 16 адбудзецца кароткая малітва і памінальны стол. Афіцыйны арганізатар – Алена Янушкоўская.

Пачаткам урачыстых захадаў 1 лістапада стане святая імша па загінулых за Украіну беларускіх жаўнерах, якую аб 11:30 адслужаць у ніжнім касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох крыжоў.

Дзяды. 30 кастрычніка 1988 года.
Фота: vytoki.net / budzma.org

Дзяды – традыцыйнае беларускае свята памінання і ўшанавання памерлых продкаў, якое адзначаюць з дахрысціянскіх часоў. У Менску ў гэты дзень традыцыйна праводзілася масавае шэсце апазіцыі, якое павінна было напомніць пра ахвяры палітычных рэпрэсіяў савецкага часу і выказаць пратэст супраць рэпрэсіяў, якія палітычны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі чыніць супраць сучасных беларусаў. Звычайна шэсце скіроўвалася ў нацыянальны некропаль ва ўрочышчы Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры камуністычных рэпрэсіяў. Такія ўрачыстасці дэмакратычная апазіцыя таксама праводзіла ў іншых гарадах Беларусі і свету.

Першае публічнае святкаванне Дзядоў адбылося 30 кастрычніка 1987 года на ініцыятыву літаратурнага аб’яднання «Талака», якім кіраваў сёлетні набэліят Алесь Бяляцкі, а першае масавае шэсце на Дзяды адбылося 30 кастрычніка 1988-га ў Курапатах.

Гісторыі
Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў
2022.10.26 08:31

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў