Пік рэпрэсіяў, якія цягнуліся больш за 400 дзён. Галоўнае пра Ноч расстраляных паэтаў


29 кастрычніка кожны год на могілках у Курапатах збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў. Гэтая дата атрымала назву «Ноч расстраляных паэтаў», да яе рыхтуюць імпрэзы і выдаюць кнігі.

Мы пагутарылі з беларускім гісторыкам (назваць імя мы не можам, бо наш суразмоўца застаецца ў Беларусі) пра тое, хто яшчэ ляжыць у курапацкім лесе і чаму так важна памятаць пра гэты дзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Рэпрэсіі 1930-х – не адзіныя эпізоды тэрору

Чорная ноч стала ў Беларусі пікам рэпрэсіяў, якія агулам цягнуліся больш за 400 дзён.

«З 4 сакавіка 1937-га да 22 траўня 1938-га агулам было рэпрэсавана больш за 100 тысяч чалавек. У сярэднім штодня арыштоўвалі 200 чалавек, пераважна забіралі ноччу. А калі браць гісторыю расстрэлаў, то тут варта згадаць дзейнасць ЧК і НКВД да 1920-х гадоў, калі пачалася палітыка чырвонага тэрору, там нават ніхто не вёў уліку рэпрэсіяў. У 1930-ыя пачынае аднаўляцца практыка расстрэлаў, а ў 1937–1939 гады быў пік», – кажа эксперт.

Наш суразмоўца таксама адзначыў, што цяпер часта згадваюць менавіта рэпрэсіі 1937 года, але рэпрэсіі паваенных гадоў былі значна шырэйшыя:

«Пасля 1945 года і да самай смерці Сталіна яны доўжыліся і былі абумоўленыя тым, што Сталін не давяраў ужо не толькі рэшткам інтэлігенцыі, але і вайскоўцам. Ён баяўся аўтарытэту вайскоўцаў».

Расстрэл 29 кастрычніка не быў раптоўны

Гісторык адзначыў, што 29 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя разнастайныя людзі, спіс складаўся з розных крыніцаў:

«У расстрэльны спіс трапілі 22 пісьменнікі, але агулам – больш за 100 чалавек. Збольшага гэта былі людзі, звязаныя з беларускім адраджэнскім рухам, яны рабілі крокі альбо выказванні, якія хаця б ускосна разыходзіліся з лініяй партыі. А былі такія людзі, як старшыня прафсаюзаў, дзеяч БССР, трэцяя асоба ў Беларусі Захар Кавальчук, які будаваў кар’еру, а ў 1937 годзе быў выкліканы ў Маскву, выключаны са складу ЦВК і абвінавачаны ў тым, што быў у трацкісцкай апазіцыі. Таму ў спісах былі і людзі, звязаныя з унутрыпартыйнаю чысткай».

Партыйныя чысткі – тыповая з’ява для савецкай сістэмы. Не стаў выключэннем і расстрэльны спіс 29 кастрычніка, дзе партыйных дзеячаў – 32 асобы.

«Змаганне за першыя шэрагі ў партыі, за вядучыя пасады былі за савецкім часам. Мы бачым і Зіноўева, і Кірава, і Троцкага. Людзі ішлі поруч, а потым рабіліся ворагамі народу. Калі ўдар быў накіраваны на беларускую інтэлігенцыю, каб яшчэ больш адштурхнуць Беларусь ад беларускасці, а вось расстрэл дзяржаўных дзеячаў – гэта была расправа над канкурэнтамі, якія маглі быць больш разумныя, больш адукаваныя. Але галоўнаю мэтаю заставалася знішчэнне беларускасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Рыхтавалі самы вядомы расстрэл у беларускай гісторыі і ў Маскве, і ў Менску.

«Ёсць такі архіў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. Яго ўскрывалі, доўга вывучалі. І там ёсць канкрэтныя лічбы для кожнай рэспублікі. Ужо ў 1937 годзе 7 верасня за подпісам Сталіна, Молатава, Кагановіча, Яжова, Варашылава быў спіс са 103 чалавек з найвышэйшаю мераю пакарання – першая катэгорыя, і другая катэгорыя – канцлагеры. А да гэтага спісу з Масквы потым ужо мясцовыя супрацоўнікі дадалі людзей. Так і сфармаваўся спіс, каго знішчылі», – тлумачыць знаўца.

«А калі гаварыць пра таго ж Чарота, Кляшторнага, Дудара – яны ж былі затрыманыя яшчэ ў 1936 годзе. А Дудара ўвогуле затрымлівалі ў 1929 годзе за ягоны верш «Пасеклі край наш папалам».

У спісе расстраляных у чорную ноч ёсць імёны і прозвішчы людзей без пазнакі таго, чым яны займаліся. Ёсць прычыны.

«Проста так працавала тагачасная рэпрэсіўная машына, і справаздачы часам былі вельмі сціплыя. Яны рабіліся проста для віду. Тыя ж суды-тройкі – органы НКВД для пазасудовага вынясення прысудаў. Але гэта ж увогуле не суды, і падрабязных запісаў там ніхто не вёў. Магчыма, тыя спісы яшчэ можна даследаваць. Але я мяркую, што проста былі такія справаздачы», – разважае гісторык.

Як рэпрэсіі змянілі Беларусь і зрабілі яе не падобнаю да суседніх краінаў

Пытанне нацыянальнай свядомасці не стаіць так востра ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў якой іншай краіне. Збольшага таму, што гэткай знішчальнай палітыкі адносна выбітных людзей ім не выпала перажыць.

«Я тут згодны са Станіславам Шушкевічам. Ён на гэты конт выказваўся, што фактычна Ноч расстраляных паэтаў – гэта кропка на магчымасці фармавання беларускай нацыі, якая і так жыла ва ўмовах савецкай імперыі. Але 1930-ыя гады паставілі кропку на беларускай інтэлігенцыі. А інтэлігенцыя – падмурак нацыі», – падкрэслівае гісторык.

Як падмацаванне гэтай тэзы – у спісе расстраляных толькі ў тую чорную ноч можна знайсці педагогаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філосафаў. Паводле нашага суразмоўцы, менавіта таму спасылаюцца на той час, калі кажуць пра цяперашнія праблемы: «Той жа Шушкевіч адзначыў, што беларуская самасвядомасць ляжыць у Курапатах на могілках, у зямлі. І наступствы гэтага мы маем дасюль. Бо большасць краінаў, нашых суседзяў, гэтага ніколі не губляла. Польшча – наагул асобны выпадак, а Літва, Латвія ў 1920-ыя гады пачалі імпэтна трымацца за ідэю сваёй свядомасці. Іх таксама далучалі да Савецкага Саюзу і ўводзілі туды войскі, але тамтэйшыя людзі ніколі не лічылі сябе савецкімі грамадзянамі, яны ведалі, хто яны. А ў Беларусі ўсё знішчалася мэтанакіравана, як і ва Украіне. Ад гэтага моцнага ўдару 1930-х гадоў беларуская нацыя так і не аднавілася».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У ноч на 30 кастрычніка 1939 года былі расстраляныя:

Барыс Абухоў, Мікалай Арабей, Навум Аронаў, Анатоль Аўгусціновіч, Ігнат Афанасьеў, Сямён Бабкоў, Георгій Барзуноў, Вадзім Башкевіч, Саламон Бейлін, Абрам Белацаркоўскі, Якаў Бранштэйн, Іван Бурдыка, Віктар Вайноў, Аляксандр Варончанка, Станіслаў Варшаўскі, Рыгор Васільеў-Вашчылін, Анатоль Вольны, Моўша-Нохім Габаеў, Апанас Габрусёў, Платон Галавач, Антон Гейштэрн, Ёсіф Гершон, Якаў Гінзбург, Абрам Госін, Канстанцін Гурскі, Нохман Гурэвіч, Мікалай Дзеніскевіч, Мікалай Дзмітраў, Ананій Дзякаў, Абрам Дракахруст, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Гірш Елянсон, Мікалай Ермакоў, Іван Жывуцкі, Навум Замалін, Міхась Зарэцкі, Аляксандр Зянковіч, Аляксандр Іваноў, Прохар Іспраўнікаў, Захар Кавалёў, Васіль Каваль, Захар Кавальчук, Мікалай Кандрашук, Саламон Кантар, Міхаіл Капітанакі, Язэп Каранеўскі, Іван Карпенка, Герасім Качанаў, Віктар Кляніцкі, Тодар Кляшторны, Іосіф Кудзелька, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Міхаіл Лабадаеў, Леанард Лашкевіч, Аляксандр Левін, Саламон Левін, Піня Лейбін, Сямён Ліхтэнштэйн, Мікіта Лукашонак, Юрка Лявонны, Хаім Ляйбовіч, Саламон Лямперт, Максім Ляўкоў, Элізар Мазель, Леў Майсееў, Барыс Малаў, Валерый Маракоў, Сцяпан Маргелаў, Міхаіл Марголін, Барыс Мар’янаў, Павел Масленнікаў, Андрэй Мэлік-Шахназараў, Абрам Мірлін, Мікалай Міснікоў, Міхайлаў Дзям’ян, Мікалай Міхееў, Сяргей Міцькоў, Сяргей Мурзо, Павел Мухін, Якаў Навахрэст, Янка Нёманскі, Іван Несцяровіч, Іван Падсявалаў, Іван Паплыка, Іван Пасмарнік, Васіль Петрушэня, Зяма Півавараў, Міхаіл Пітомцаў, Апалон Пратапопаў, Рыгор Пратасеня, Ізраіль Пурыс, Аляксандр Пуцілоўскі, Іван Пуцінцаў, Кузьма Пятрашын, Арон-Лейб Разумоўскі, Міхаіл Рыдзеўскі, Аляксандр Самахвалаў, Якаў Сандамірскі, Оскар Сапрыцкі, Іван Сарокаш, Якаў Спектар, Васіль Старынскі, Васіль Сташэўскі, Георгій Стрэле, Георгій Суроўцаў, Дзмітрый Сялоў, Панцялей Сярдзюк, Мірон Таненбаўм, Юлій Таўбін, Іван Троцкі, Эля Трумпацкі, Андрэй Турлай, Яўген Успенскі, Рыгор Фалкін, Аба Фінкельштайн, Яўсей Фломбаўм, Ісак Фрыдман, Дзмітрый Харлац, Ізі Харык, Пётр Хатулёў, Аляксандр Чарнушэвіч, Мікалай Чарняк, Міхась Чарот, Канстанцін Чачура, Макар Шалай, Юдаль Шапіра, Павал Шастакоў, Арон Юдэльсон, Якаў Юлькін, Віктар Яркін.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў