Дзяржаўныя прапагандысты пахваліліся тым, як перашкаджалі жалобнай акцыі ў Курапатах


Еўрапейскія і амерыканскія дыпламаты ўскладалі кветкі ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у мемарыяле Курапаты, што пад Менскам. Супрацоўнікі БТ, АНТ і СТВ ім заміналі – і самі паказалі, як гэта рабілі.

Падчас жалобнай акцыі супрацоўнікі дзяржаўных тэлеканалаў пыталі пра чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвязу, «выдачу літоўскіх нацыстаў», помнік Сцяпану Бандэру ва Украіне. Дыпламаты спрабавалі звязацца з прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў Беларусі, той не адказаў.

Проста падчас хвіліны маўчання супрацоўніца дзяржаўнай тэлевізіі гучна казала: «Ну што, пачнем прэс-канферэнцыю? Можа, адкажаце на нашыя пытанні?»

Яна ж пазней напісала ў сваім Telegram-канале: «Мы ведаем сваю гісторыю і не баімся складаных пытанняў. Курапаты – гэта месца цішыні і смутку». Яна заявіла, што там пахаваныя ў тым ліку супрацоўнікі НКВД і чырвоныя камандзіры.

Іншы супрацоўнік дзяржаўных медыяў напісаў, што застаўся задаволены абурэннем у сацсетках.

Прадстаўнікі дыпламатычных місіяў нярэдка наведваюць месцы памяці загінулых беларусаў, і не толькі Курапаты (куды беларускія чыноўнікі рэдка заходзяць), але і Трасцянец, і мемарыял «Яма» ў цэнтры Менску, і іншыя. Раней дзяржаўныя медыі не спрабавалі зрываць такія акцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў