Жыхары Бабруйску паведамляюць пра атрыманне позваў з ваенкаматаў


Жыхары Бабруйску сталі масава атрымліваць позвы ў ваенкаматы, піша Telegram-канал «Бобруйск Online». «Белсату» стала вядома, што позвы пачалі дасылаць мужчынам і ў Менску.

У паперах, якія атрымліваюць у Бабруйску, загадана прыйсці ў ваенкамат для «ўручэння мабілізацыйнага прадпісання». «Бобруйск Online» паведамляе, што на шмат якіх прадпрыемствах у мужчынаў спраўджваюць прапіску і фактычнае месца жыхарства, нумары мабільных і хатніх тэлефонаў.

Вайсковы камісар Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін паспяшаўся супакоіць грамадзянаў. У эфіры каналу «Беларусь 4» ён заявіў, што гэта ні ў якім разе не мабілізацыя.

«Гаворка пра якую-небудзь мабілізацыю – частковую альбо поўную – не ідзе. Гэта руцінная штодзённая, штогадовая праца службовых асоб вайсковых камісарыятаў. На сёння ў рэспубліцы няма патрэбы праводзіць мабілізацыйныя мерапрыемствы», – запэўніў Гарошкін.

Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расеі эксперты пачалі разважаць, ці магчымы прызыў у Беларусі. Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка абвясціў: «Не будзе ніякай мабілізацыі. Гэта хлусня».

ВІДЭА
Аляксандр Лукашэнка вельмі ўстрывожаны. Ці правядзе ён мабілізацыю беларусаў?
2022.09.22 18:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў